top of page

Мы будзем на баку Беларусі і беларускага народа «столькі, колькі неабходна»...



Мы, беларусы, чуем, як Захад паўтарае гэтыя словы ўжо больш за два гады, але да гэтага часу не разумеем, што яны азначаюць. Мы не разумеем, колькі гэта — «колькі неабходна»? Колькі яшчэ часу спатрэбіцца?


Бо Захаду сапраўды патрэбна занадта шмат часу, каб усвядоміць, што рэжым Лукашэнкі разумее толькі мову рэальнай сілы. І чым больш часу на гэта спатрэбіцца — тым больш разбураных і аднятых жыццяў беларусаў і ўкраінцаў, жудасных злачынстваў і непапраўных трагедый гэта будзе каштаваць.



Не трэба шмат часу, каб сказаць, што рэжым Лукашэнкі нелегітымны, незаконны ці злачынны. Або ўсё адразу. Не трэба шмат часу, каб выказаць «заклапочанасць», «глыбокую заклапочанасць» ці «вельмі глыбокую заклапочанасць». Або ўсё адразу. І не трэба шмат часу, каб сказаць, што Захад стаіць на баку беларускага народа. Але Захаду сапраўды патрабуецца занадта шмат часу, каб устаць і дзейнічаць хутка і рашуча.


Занадта шмат часу патрабуецца, каб зразумець, што было і застаецца неабходным прымяніць рэальную сілу супраць Лукашэнкі — каб прымусіць яго спыніць рэпрэсіі ў Беларусі, спыніць гвалт і спыніць ягоны ўдзел у вайне супраць Украіны.


Што было і застаецца неабходным увядзенне не паэтапных і адкладзеных санкцый, а шокавых і паралізуючых усю сістэму Лукашэнкі. Было і застаецца неабходным публічнае ўзбуджэнне крымінальных справаў супраць Лукашэнкі і ягоных памагатых.


Што было і застаецца неабходным спыніць з ім усе дыпламатычныя адносіны, выключыць ягоных прадстаўнікоў з усіх міжнародных арганізацый. Што было і застаецца неабходным прызнаць рэжым Лукашэнкі тэрарыстычным.


Што было і застаецца неабходным прызнаць Беларусь часова акупаванай краінай, а тэрарыстычны рэжым Лукашэнкі — марыянеткавым і падкантрольным Расіі.


Ці сапраўды неабходна так доўга чакаць, каб зрабіць усё гэта? Ці, можа, усё, што для гэтага трэба — гэта моцная палітычная воля? Я б сказаў, што наяўнасць такой моцнай палітычнай волі вельмі неабходная. І гэта адзінае, што вельмі неабходна выказаць у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі замест усялякіх заклапочанасцяў.


Таму што быць на баку беларусаў - як і на баку ўкраінцаў - у той час як рэжым Лукашэнкі стаіць за іх спінамі, раўнасільна таму, што быць на баку закладнікаў, пакуль тэрарысты трымаюць іх на мушцы. Ня ведаючы, колькі часу пройдзе, пакуль яны зноў пачнуць страляць.


Вы дастаткова доўга былі на нашым баку. Але зараз прыйшоў час дзейнічаць.

bottom of page