top of page

Крэмлёўскі «джокер» Качанава – інструмент анэксіі Беларусі


Наталля Качанава
Наталля Качанава

Нядаўна мы разбіралі магчымы сцэнар транзіту ўлады ад нелегітымнага гаўляйтара Лукашэнкі да аднаго з ключавых функцыянераў рэжымнай вертыкалі — старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай.


Працягнем тэму адказам на пытанне, чаму гэтая фігура можа быць цікавая гаспадарам Лукашэнкі ў Крамлі і з'яўляцца «джокерам» у рукаве расейскіх акупантаў, неабходным для здзяйснення — ці дакладней сказаць завяршэння — анэксіі Беларусі.


Пачнём з таго, што па фармальных падставах сам Лукашэнка не падыходзіць для гэтай ролі з прычыны сваёй нелегітымнасці. Нават падкантрольная марыянетка і паслухмяны выканаўца волі Крамля — што стала абсалютна відавочна з пачаткам вайны, калі ён добраахвотна ўпусціў расейскія войскі ў Беларусь для нападу на Украіну і страціў кантроль над тэрыторыяй Беларусі, якая свабодна і без узгаднення з Лукашэнкам выкарыстоўваецца расейскімі вайскоўцамі.


Акрамя таго, ён фактычна перадаў ваеннае кіраўніцтва ў рукі Крамля — і стварэнне так званай сумеснай рэгіянальнай групоўкі, камандаванне якой ажыццяўляюць рускія генералы, гэта яшчэ адно таму пацвярджэнне.


Тым не менш, нягледзячы на дэ-факта рэалізаваную Расіяй акупацыю нашай краіны, Беларусь фармальна захоўвае сваю дзяржаўнасць, незалежнасць і суверэнітэт, бо для іх ліквідацыі Расіі неабходна здзейсніць негвалтоўную анэксію Беларусі — гэта значыць тым ці іншым чынам юрыдычна ўключыць нашу Рэспубліку ў склад сваёй федэрацыі.


Мы гаворым менавіта пра негвалтоўны шлях — бо любы іншы цалкам выключае любыя шанцы на прызнанне такога паглынання. А таксама, відаць, новыя магутныя санкцыі.


Крынiца: TUT.BY

І на гэтым шляху Лукашэнка з'яўляецца праблемай.


Не, мы не схільныя падтрымліваць спекуляцыі на тэму прыхільнасці Лукашэнкі ідэям незалежнасці і суверэнітэту — захаванне якіх з'яўляецца гарантыяй яго ўлады. У легенду пра «гарант суверэнітэту» можна было верыць раней, да таго, як Лукашэнка добраахвотна стаў рускім гаўляйтарам і дапусціў акупацыю нашай краіны — у абмен на падтрымку Расіі, якая дазволіла яму намінальна застацца ва ўладзе пасля падзей 2020 года.


Але менавіта тады, у 2020 годзе, планы Расіі па анэксіі Беларусі праваліліся, яна была вымушана адкласці іх, рэалізаваўшы толькі план па акупацыі. Чаму?


Усё проста. Справа ў статусе самога Лукашэнкі. Большасць краін не прызнала вынікі выбараў 2020 года, што паставіла крыж на легітымнасці Лукашэнкі — і разам з тым — на легітымнасці любых яго рашэнняў, у тым ліку, на яго магчымасці канчаткова здаць суверэнітэт Беларусі на карысць Расіі.


Фактычна, мы можам канстатаваць, што ў 2020 годзе беларусы, якія масава выступілі супраць афіцыйных вынікаў выбараў, не прызнаўшы Лукашэнку прэзідэнтам і не дазволіўшы яму легітымізавацца, выратавалі незалежнасць Беларусі. Выратавалі Беларусь як дзяржаву. У сваю чаргу цывілізаваны свет, які падтрымаў беларусаў, адмовіў Лукашэнку ў знешняй легітымнасці і прызнанні.


Так, гэта не першы раз, калі выбары ў Беларусі не былі прызнаныя на міжнародным узроўні праз масавыя парушэнні і фальсіфікацыі. Ня першы раз, калі беларускае грамадзтва адрэагавала на іх пратэстамі. Аднак у 2020 годзе нам упершыню ўдалося не толькі даказаць масавыя фальсіфікацыі, але і перамогу на выбарах адзінага кандыдата ад апазіцыі.


А таксама — стварыць альтэрнатыўныя палітычныя інстытуты, прызнаныя пасля нашымі міжнароднымі партнёрамі. Стварэнне Аб'яднанага Пераходнага Кабінета ўжо пасля акупацыі Беларусі таксама ставіць сваёй першачарговай мэтай захаванне незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь і недапушчэнне яе анэксіі з боку Расійскай Федэрацыі.


Усё гэта робіць любыя спробы па інкарпарацыі Беларусі і любыя рашэнні Лукашэнкі ў гэтым напрамку юрыдычна нікчэмнымі — дзякуючы волі большасці беларусаў, праяўленай летам 2020 года і нашай барацьбе за свабоду і незалежнасць, якая працягваецца да гэтага часу.


«Добраахвотны» і «прыгожы» аншлюс Беларусі, на які разлічвае Расія, з пункту гледжання міжнароднага права ў такіх умовах немагчымы. Гэта вялікае дасягненне нас, беларусаў. Але гэта не значыць, што Расея гатовая адмовіцца ад сваіх планаў і здавольвацца толькі тым, што пакуль здольная ўтрымліваць ва ўладзе ў Беларусі марыянеткавы ўрад Лукашэнкі.


Улічваючы яго дэ-факта новы статус — статус нелегітымнага гаўляйтара — Крэмль адназначна бачыць неабходнасць у замене адной марыянеткі на іншую. Не такой таксічнай як Лукашэнка і чыя «легітымнасць» выклікала б меншую заклапочанасць у Захаду. І якая б дазволіла Расеі «легальна» закрыць гештальт па аншлюсе Беларусі.


У якасці такой марыянеткі і «пераемніцы» Лукашэнка Крэмль можа бачыць Наталлю Качанаву, старшыню Савета Рэспублікі. Сваю прыхільнасць да яе Крэмль ужо прадэманстраваў у поўнай меры. Дастаткова ўзгадаць, як прымалі Качанаву падчас яе апошняга візыту ў Маскву.


У так званай новай канстытуцыі прапісаны сцэнары, пры якіх улада можа апынуцца ў яе руках — гэта або недзеяздольнасць Лукашэнкі, або яго гібель. У гэтых выпадках прэзідэнцкія паўнамоцтвы часова пераходзяць да старшыні Савета Рэспублікі або да Савета бяспекі, але таксама пад старшынствам Качанавай.


Але нельга выключаць і транзіт улады праз правядзенне прэзідэнцкіх выбараў — у тым ліку датэрміновых — у якіх яна можа ўдзельнічаць замест Лукашэнкі. Для Расеі такі сцэнар быў бы самым «чыстым» — і сцьвярджаць, што Лукашэнка ніколі не пагодзіцца на яго, наіўна. Бо больш улады гэты чалавек шануе толькі сваю асабістую бяспеку. А стварыць для яе пагрозу Крамлю не складзе вялікіх праблем.


Калі могуць быць арганізаваны гэтыя выбары?


Фота Максіма Гучака

Улічваючы прадказальна дрэннае становішча для РФ на фронце — думаю тых, хто сумняваецца ў непазбежнай перамозе Украіны нават у Крэмлі ўжо амаль не засталося — прыступіць да анэксіі Беларусі Крамлю неабходна як мага хутчэй. Бліжэйшае «акно магчымасцяў» — адзіны дзень галасавання ў 2024 годзе, да якога можна далучыць і прэзідэнцкія выбары.


Перакананы, што паміж дынамікай гэтых працэсаў і сітуацыяй на фронце існуе прамая сувязь. Мы не раз казалі — Расія спадзявалася паглынуць Украіну ў якасці галоўнай стравы, а Беларусь пакінуць на дэсерт. Але абламаўшы зубы ва Украіне, Крэмль будзе фарсіраваць працэс паглынання Беларусі — а значыць і працэс па замене Лукашэнкі. У тым ліку і праз прамое ўцягванне Беларусі ў вайну, што зробіць гаўляйтара казлом адпушчэння ў вачах наменклатуры, вайскоўцаў і галоўнае — беларускага народа. І спросціць Крамлю і яго «джокерам» усярэдзіне рэжыму задачу па абгрунтаванні неабходнасці замены гаўляйтара на новую постаць.


Лукашэнка — адпрацаваны матэрыял, які ўжо выканаў сваю «гістарычную місію»: за 30 гадоў рэалізаваць план па русіфікацыі Беларусі, яе акупацыі і ператварэнні ў ваенны плацдарм і падрыхтаваць анексію нашай краіны. Гэтая «місія» Лукашэнкі падыходзіць да канца — і яму больш няма чаго прапанаваць Крамлю, акрамя прамога ўступлення Беларусі ў вайну — «апошняга паходу» гаўляйтара. Зрэшты, гэта ад яго і не залежыць болей.


Таму Лукашэнка напрыканцы актыўна выпрошвае пабольш "адступных" — зразумела, што ў кішэню сваёй сям'і — у тым ліку, на нядаўняй сустрэчы з Мезенцавым, дзяржсакратаром так званай "Саюзнай дзяржавы". Дзе ён заявіў, што фінансаванне інтэграцыйных праграм — асабліва па імпартазамяшчэнні, а гэта ў першую чаргу ВПК, даходы з якога ідуць прама ў кішэню сям'і Лукашэнкі — неабходна не толькі не спыняць, але нарошчваць.


Гэта ягоны кошт за ўступленне ў вайну і здачу Беларусі Расіі. Пасля чаго «валет» сыдзе ў адбой, а Крэмль можа пусціць у ход сваіх «джокераў» — Вальфовіча і прыдворны генералітэт і Наталлю Качанаву, як асноўнага кандыдата на замену адпрацаванага Лукашэнкам.


Але хіба нехта стане галасаваць за Качанаву, калі прывядзенне яе да ўлады будзе вырашана ажыццяўляць праз выбары?


Тут важна разумець, у якім становішчы яны будуць праходзіць. Крэмль вызначана робіць стаўку на гады зачысткі грамадзянскай супольнасці, тэрору і рэпрэсій. І калі да гэтага моманту рэжым адыходзячага Лукашэнкі, адказны за іх рэалізацыю, усё яшчэ будзе існаваць, то стаўка на гэтых выбарах будзе зроблена на страх, дэпалітызацыю і мінімальную яўку — у адсутнасці альтэрнатыўных, нацыянальна-арыентаваных кандыдатаў, не лічачы кандыдатаў-спойлераў.


Пры такім сцэнары гэта будуць яшчэ больш аморфныя «выбары», чым у 2015 годзе. І ў Качанавай могуць быць усе шанцы праскочыць — канешне, з фальсіфікацыямі, але пры прыгнечаным грамадстве, якое можа заплюшчыць на гэта вочы.


Зручнасць Качанавай для Крамля ў першую чаргу ў тым, што ў адрозненне ад Лукашэнкі, яе могуць «купіць» на Захадзе, як кампрамісную фігуру — асабліва ў сцэнары з новымі выбарамі. Акрамя таго, важныя і патрыярхальныя ўстаноўкі, характэрныя для рускіх — «слабая жанчына», якая будзе больш паслухмянай і падатлівай, чым капрызны Лукашэнка, і чыя прага да ўлады не будзе праблемай. Пры гэтым, выхаваная ў тых жа савецкіх устаноўках і рускамірскай ментальнасці.


Адкінуўшы сэксізм, варта прызнаць, што ў цэлым персона Качанавай цалкам адпавядае чаканням Крамля. Гэта сапраўды класічная савецкая наменклатуршчыца і адэптка «рускага свету» — ідэалагічна дакладная і абсалютна не нацыянальна-арыентаваная, фанатычная і беспярэчная «камсамолка».


Небяспека такога персанажа ва ўладзе відавочная. Качанава ў якасці «кіраўніка дзяржавы» гэта інструмент для канчатковага скасавання беларускага суверэнітэту, інструмент рэалізацыі «добраахвотнай анэксіі», на якую разлічвае Крэмль.


Як гэтага не дапусціць?


Першы і самы відавочны адказ — неабходна ліквідаваць рэжым Лукашэнкі раней, чым гэта зробіць Крэмль. І забяспечыць вывад расійскіх войскаў з Беларусі. Зрабіць гэта можна праз стратэгію трох кулакоў:

  1. Паралізуючыя санкцыі Захаду як знешні фактар;

  2. Стварэнне ўласных узброеных сіл Новай Беларусі на аснове добраахвотніцкіх фарміраванняў ва Украіне. Працу над гэтым у тым ліку вядзе прадстаўнік Кабінета Валерый Сахашчык. У прыватнасці ва Украіне ім ужо створана вайсковая частка.

  3. Нацыянальна-вызваленчы рух унутры Беларусі, асновай для запуску якога можа стаць запуск плана «Перамога», над якім працуе прадстаўнік Кабінета Аляксандр Азараў.


Да ліквідацыі важна нейтралізаваць рэжым палітычна, дамогшыся афіцыйнага прызнання Аб'яднанага Пераходнага Кабінета ў якасці транзітнага ўрада. Таксама мы павінны быць гатовы ўзяць уладу ў Беларусі і забяспечыць функцыянаванне дзяржавы ў пераходны перыяд, для чаго і была запушчаная праграма «Кадравы рэзерв», за рэалізацыю якой адказвае намеснік прадстаўніка Кабінета па транзіце Юрый Губарэвіч.


Гэта асноўны сцэнарый, самым відавочным трыгерам для рэалізацыі якога з'яўляецца паўторнае ўварванне ва Украіну з тэрыторыі Беларусі.


Іншае акно магчымасцяў і шанец праваліць планы Крамля, як ні дзіўна дае нам сама Расея. Бо для рэалізацыі яе «чыстага» плана па анэксіі Беларусі праз перадачу ўлады «джокеру», яна павінна сама вывесці свае войскі з Беларусі. Інакш такі транзіт, нават праз «выбары», нікім не будзе прызнаны і будзе безумоўна ўспрыняты як гвалтоўная анэксія і агрэсія. А новая «марыянетка» Крамля будзе настолькі ж нелегітымная, як і старая.


Безумоўна, мы павінны ўлічваць і «брудны» сцэнар Крамля па гвалтоўнай анэксіі. Лічыць такое развіццё падзей неверагодным мы, на жаль, не можам — на прыкладзе Украіны бачачы, на што гатовы ісці Крэмль для рэалізацыі сваіх імперскіх амбіцый.


Але пры любым з магчымых сцэнарыяў мы павінны разумець галоўнае. Абараніўшы незалежнасць Беларусі ў 2020 годзе, мы далі сабе шанец захаваць яе як дзяржаву. Аднак сама бітва за Беларусь, суверэнную і свабодную ад дыктатуры і дамаганняў расейскіх акупантаў, яшчэ наперадзе. І мы павінны быць да яе гатовы.


Мы павінны быць гатовы разыграць свае карты. Каб ні Качанава, ні любы іншы крэмлёўскі «джокер» не пакінуў нас у дурнях. Без краіны і без дзяржавы.


bottom of page