top of page

Сітуацыя ў Беларусі не сышла на другі план, а наадварот, знаходзіцца на парадку дня ў ЕС


Павел Латушка
Павел Латушка Фота: НАУ-медыя

Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка пракаментаваў Рэзалюцыю па Беларусі, прынятую Еўрапейскім парламентам 15 сакавіка, і звярнуў увагу на яе найбольш важныя моманты:

«Упершыню на міжнародным узроўні адбылося прызнанне факта здзейсненых злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі.


Як раней заключыла Камісія міжнароднага права ААН, злачынствы супраць чалавечнасці ствараюць пагрозу глабальнаму міру, таму ў міжнароднай супольнасці ўзнікае маральны абавязак неадкладна прыняць увесь спектр мер, каб спыніць гэтыя злачынствы і пакараць адказных за іх. І Еўрапарламент у сваёй Рэзалюцыі не проста ўказвае на неабходнасць усебаковага расследавання злачынстваў супраць чалавечнасці, а пералічвае канкрэтныя механізмы, якія міжнародная супольнасць мае задзейнічаць для гэтага.


У гэтым кантэксце важна адзначыць, што Аб'яднаны Пераходны Кабінет будзе дамагацца таго, каб адказныя за злачынствы прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі былі асуджаныя ў рамках міжнароднага трыбунала.


Таксама важна, што еўрадэпутаты прызнаюць працяглую інтэграцыю Расіі і Беларусі — працэсам фактычнай акупацыі.


Для нас было істотна ўбачыць і адзінства пазіцый Еўрапарламента і Аб'яднанага Пераходнага Кабінета адносна неабходнасці далейшага санкцыйнага ціску.


Акрамя таго, еўрадэпутаты наўпрост асудзілі:

  • рэпрэсіі беларусаў і нацыянальных меншасцяў у РБ;

  • затрыманні і вынясенне палітычна матываваных прысудаў прадстаўнікам нацыянальных меншасцяў і лідарам дэмакратычнага руху Беларусі;

  • пераслед прафсаюзаў;

  • прыняты рэжымам закон, які дазваляе пазбаўляць беларускага грамадзянства асоб, што пражываюць за мяжой;

  • удзел Беларусі ў неабгрунтаванай і несправакаванай агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны;

  • візіты высокапастаўленых асоб з ЕС у Мінск, якія ставяць пад сумнеў адназначнае непрызнанне Еўрапейскім саюзам рэжыму Лукашэнкі;

  • нядаўняе рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэта дазволіць беларускім спартоўцам удзельнічаць у кваліфікацыі да Алімпійскіх гульняў 2024 года ў Парыжы пад нейтральным сцягам.

Мы ўдзячныя еўрадэпутатам за заклік да палітычнага дыялогу з прадстаўнікамі дэмакратычнай Беларусі з мэтай супрацоўніцтва, што азначае далейшае міжнароднае прызнанне суб'ектнасці структур беларускага дэмакратычнага руху.


Прыняцце гэтай рэзалюцыі сведчыць аб тым, што сітуацыя ў Беларусі не сышла на другі план, а наадварот, знаходзіцца на парадку дня ў ЕС, як адно з ключавых пытанняў рэгіянальнай бяспекі»

1 view
bottom of page