top of page

Латвія падтрымлівае стварэнне трыбунала над Лукашэнкам


Фота: НАУ-медыя

Намеснік кіраўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка правёў сустрэчу з сакратаром Савета Нацыянальнай бяспекі Латвіі Янісам Кажаціньшам, дарадцай Прэзідента Латвіі па замежных справах Салвелгай Сілкальнай і паслом Латвіі ў Польшчы Юрысам Пойкансам.


У ходзе сустрэчы абмеркавалі:

  • павышэнне эфектыўнасці дзеяння эканамічных мер ціску на рэжым і палітычная падтрымка нацыянальных санкцый Польшчы і Літвы. У прыватнасці, закрыццё грузавых пунктаў пропуску на граніцы ЕС і Беларусі. Асобна была адзначана важнасць захавання работы пунктаў пропуску для асабовага руху. Латвійскаму боку была перададзена адпаведная заява Кабінета;

  • канцэпцыю Кабінета па міжнародна-прававым ціску на рэжым. Латвійскаму боку даведзена пазіцыя па стварэнні міжнароднага крымінальнага трыбунала па злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых у Беларусі з 2020 года, трыбуналу па злачынстве агрэсіі супраць Украіны, падачы іску супраць Беларусі ў Міжнародны Суд ААН, а таксама падтрымцы ініцыятыў па ўніверсальнай юрысдыкцыі.

Салвейга Сілкальна адзначыла, што гэта тэма ўяўляе асаблівую цікавасць для прэзідэнта Латвіі, які знаходзіцца ў авангардзе лідэраў еўрапейскіх дзяржаў, выступаючых за стварэнне спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі. На думку дарадцаў прэзідэнта Латвіі, тэматыка трыбунала па злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых у Беларусі з 2020 года, таксама мае прыарытэтнае значэнне для латвійскага боку.


Таксама да латвійскага боку даведзена інфармацыя аб пазіцыі Кабінета па неабходнасці прызнання КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі, перададзены адпаведны афіцыйны зварот ад імя Кабінета да ўладаў Латвіі.


Па выніках сустрэчы таксама ўзгоднена, што ў бліжэйшы час у Канцылярыю Прэзідэнта і Міністэрства юстыцыі Латвіі будзе накіравана прававая канцэпцыя Кабінета па забеспячэнні адказнасці рэжыму Лукашэнкі за злачынствы агрэсіі і супраць чалавечнасці.


bottom of page