Павел Латушка заклікаў парламентарыяў краін-членаў ЕС садзейнічаць беларусам у пытаннях легалізацыі і атрымання віз
- Oct 7
- 2 min read
«Хацеў бы падзякаваць усім прадстаўнікам парламентаў еўрапейскіх краін, якія прыбылі на гэтую сустрэчу, і падзякаваць у вашай асобе вашым парламенцкім дэлегацыям у ПАРЕ за тое, што быў прадстаўлены мандат для дэлегацыі дэмакратычных сіл, якая складаецца з 6 чальцоў Каардынацыйнай Рады для ўдзелу ў дзейнасці ПАРЕ»,
— падкрэсліў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, чалец Каардынацыйнай Рады Павел Латушка падчас трэцяй сустрэчы Альянсу парламенцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь», якая праходзіць у Парыжы, арганізаванай Нацыянальным сходам Францыі.

Павел Латушка падкрэсліў, што за час працы дэлегацыі дэмакратычных сіл у ПАРЕ атрымалася ўнесці две істотныя папраўкі ў рэзалюцыю аб непрызнанні Лукашэнкі прэзыдэнтам краіны «Тэрміновая неабходнасць правядзення свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі». Таксама атрымалася ўнесці папраўкі ў шэраг рэзалюцый ПАРЕ па пытаннях адказнасці Лукашэнкі і яго хаўруснікаў за дэпартацыю і індактрынацыю ўкраінскіх дзяцей, а таксама ў рэзалюцыю аб адказнасці за акт агрэсіі супраць Украіны.
«Гэта вельмі важна, бо з аднаго боку гэта дае нам магчымасць не толькі ствараць прававую базу для будучых, як я спадзяюся, рашэнняў у рамках Міжнароднага крымінальнага суда, Спецыяльнага трыбунала за злачынства агрэсіі супраць Украіны, а з другога боку — гэта дае нам унікальную магчымасць усталёўваць вельмі добрыя двухбаковыя кантакты з дэпутатамі парламентаў краін-членаў Рады Еўропы».

Павел Латушка звярнуўся да прысутных парламентарыяў з просьбай ініцыяваць сустрэчы ў міністэрствах замежных спраў іх краін для паляпшэння ўмоў выдачы віз беларусам, адзначыўшы ўсё большыя цяжкасці ў атрыманні віз беларусамі. Калі візы выдаюцца, то часцей за ўсё аднаразовыя на некалькі дзён, што вельмі ўскладняе камунікацыю беларусаў з Еўропай увогуле, а асабліва цяжка тым, хто праз рэпрэсіі рэжыму пазбаўлены магчымасці вярнуцца ў Беларусь і не мае магчымасці камунікаваць са сваімі сем’ямі.
Таксама Павел Латушка падчас выступу адзначыў, што рэжым Лукашэнкі фактычна адмовіўся выконваць абавязкі дзяржавы для часткі грамадзян Беларусі, якія былі вымушаны з’ехаць з Беларусі праз створаную рэжымам атмасферу страху і тэрору. Беларусы за мяжой не могуць атрымліваць пашпарты, працягваць тэрмін дзеяння пашпартоў, ажыццяўляць натарыяльныя дзеянні ў пасольствах і консульскіх установах. Усё гэта вельмі важныя праблемы як для беларусаў, так і для еўрапейскіх краін, у якіх беларусы знаходзяцца.
Павел Латушка звярнуўся да парламентарыяў, у тым ліку як чалец рабочай групы па пытаннях легалізацыі беларусаў у Польшчы пры МУС Польшчы, які кожны дзень атрымлівае звароты ад беларусаў, з просьбай падчас сустрэч у міністэрствах унутраных спраў іх краін падымаць пытанні паляпшэння ўмоў легалізацыі беларусаў.










Comments