top of page

Павел Латушка: Мы будзем жыць, пакуль жыве наша культура

Польшча, Беласток, 2026. Фота: НАУ-медыя
Польшча, Беласток, 2026. Фота: НАУ-медыя

«Я беларус і гэтым ганаруся. Усім душу сваю магу адкрыць: Ніколі і нідзе не адракуся, Што беларусам жыў і буду жыць!»

Гэтымі радкамі з верша «Я — беларус» славутага беларуса з Беласточчыны Віктара Шведа распачаў сваю прамову намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацынай Рады Павел Латушка падчас урачыстага адкрыцця гала-канцэрту «Беларуская песня — 2026», які праходзіць у Беластоку. 

Фестываль і гала-канцэрт «Беларуская песня — 2026» арганізаваны Беларускім грамадска-культурным таварыствам у Польшчы.

Падчас выступлення Павел Латушка падкрэсліў, што беларусы жывуць на Падляшшы стагоддзямі і з'яўляюцца неад'емнай часткай польскага грамадства. Але надзвычай важна, што яны памятаюць сваё Роднае: карані, свой дом і тое, адкуль родам. Што захоўваюць традыцыі, любоў да роднай зямлі і да матчынай мовы.

Намеснік кіраўніцы АПК падзякаваў Міністэрству ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, маршалку Падляшскага ваяводства, прэзідэнту горада Беластока за тое, што яны падтрымліваюць беларускую культуру на Падляшшы. Пры гэтым адзначыўшы:

«Спадзяюся, што як мага хутчэй польская меншасць у вольнай Беларусі будзе мець магчымасць развівацца і захоўваць сваю культуру».

Павел Латушка адзначыў, што ўпершыню прыехаў сюды 30 гадоў таму, улетку 1996 года, маладым віцэ-консулам:

«Тады я першы раз наведаў святую гару Грабарку — гэта быў мой першы выезд за межы Беластока. Пазней я бываў тут ужо як амбасадар і як міністр культуры Беларусі, але хутчэй як проста беларус. Дзякуючы вам, я яшчэ глыбей адчуў важнасць беларускасці. Вы былі і застаецеся для мяне прыкладам таго, як трэба любіць роднае слова і родную культуру».

Павел Латушка заснаваў фінансавую ўзнагароду адной з пераможцаў XXXIII Агульнапольскага фестывалю «Беларуская песня — 2026», якую атрымала таленавітая дзяўчына з Бельска-Падляшскага Вікторыя Гаць, якая заняла першае месца на фестывалі са сваёй аўтарскай песняй «Наша гісторыя».

Напярэдадні 70-годдзя Беларускага грамадска-культурнага таварыства, якое з’яўляецца найстарэйшай арганізацыяй беларускай меншасці ў Еўропе, Павел Латушка выказаў словы шчырай удзячнасці прадстаўнікам таварыства за іх працу на ніве Беларушчыны:

«На працягу дзесяцігоддзяў вы захоўваеце нашу ідэнтычнасць і натхняеце тысячы беларусаў не забывацца роднага слова і культуры».

У прывітальным слове Павел Латушка падкрэсліў:

«Надзвычай важна, што беларуская культура на Беласточчыне не проста застаецца памяццю, а працягвае жыць. Яна перадаецца маладому пакаленню, а беларускі фальклорны рух квітнее, яднаючы мінулае з будучыняй.

"Жыў беларус і будзе жыць!" — пісаў некалі беларускі пясняр Янка Купала. І мы будзем жыць, пакуль жыве наша культура. Дзякую вам за тое, што беларуская культура ўжо стагоддзі годна жыве на польскай зямлі і ўзбагачае польскае грамадства, напаўняючы нашы сэрцы духоўнасцю і цеплынёй».

Comments


bottom of page