top of page

Павел Латушка: «Мы працуем над тым, каб у Польшчы з’явіўся судовы прэцэдэнт, аналагічны справе Юрыя Гараўскага ў Швейцарыі»

2 days ago
2 min read
Намеснік кіраўніцы АПК Беларусі, Кіраўнік НАУ, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» ў складзе Каардынацыйнай Рады 4-га склікання Павел Паўлавіч Латушка. Фота: НАУ-медыя
Намеснік кіраўніцы АПК Беларусі, Кіраўнік НАУ, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» ў складзе Каардынацыйнай Рады 4-га склікання Павел Паўлавіч Латушка. Фота: НАУ-медыя

26 кастрычніка Кантанальны суд Санкт-Галена ў Швейцарыі прызнаў былога байца САБРа Юрыя Гараўскага вінаватым у гвалтоўным знікненні Анатоля Красоўскага ў 1999 годзе і прызначыў яму два гады пазбаўлення волі ўмоўна.

Рашэнне стала важным прэцэдэнтам ажыццяўлення ўніверсальнай юрысдыкцыі ў дачыненні да злачынстваў, звязаных з палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі.

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка, каментуючы рашэнне суда, адзначыў:

«Вельмі важна, каб станоўчы досвед ажыццяўлення ўніверсальнай юрысдыкцыі пераймалі іншыя краіны. На жаль, сёння толькі ў нямногіх еўрапейскіх краінах мы можам у поўнай меры разлічваць на выкарыстанне гэтага механізму. Тым не менш Народнае антыкрызіснае ўпраўленне не пакідае спробаў рэалізаваць першы падобны паспяховы кейс у Польшчы, і мы спадзяемся, што прысуд Гараўскаму будзе садзейнічаць прымяненню ўніверсальнай юрысдыкцыі судамі ў Польшчы».

Справа Гараўскага разглядалася на падставе артыкула 185bis Крымінальнага кодэкса Швейцарыі, які прадугледжвае адказнасць за гвалтоўнае знікненне. Гэтая норма была ўведзеная ў швейцарскае заканадаўства ў межах імплементацыі Міжнароднай канвенцыі для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў.

«Гвалтоўнае знікненне — гэта не проста выкраданне чалавека. Як артыкул 185bis Крымінальнага кодэкса Швейцарыі, так і артыкул 2 Канвенцыі прадугледжваюць дзяржаўны элемент злачынства: пазбаўленне чалавека свабоды прадстаўнікамі дзяржавы альбо асобамі, якія дзейнічаюць з яе дазволу, пры яе падтрымцы або з яе маўклівай згоды, што суправаджаецца адмовай прызнаць пазбаўленне свабоды або ўтойваннем звестак пра лёс ці месцазнаходжанне зніклага».

Прызнанне Гараўскага вінаватым мае значэнне, якое выходзіць за межы адказнасці аднаго выканаўцы. Павел Латушка падкрэсліў:

«Прымяненне судом артыкула 185bis азначае ўстанаўленне прадугледжаных гэтай нормай элементаў злачынства, уключаючы сувязь здзейсненага злачынства з дзяржаўнымі структурамі Беларусі. Гэта стварае важную аснову для далейшага расследавання ролі іншых прадстаўнікоў беларускіх уладаў, уключаючы арганізатараў злачынства і асоб, якія аддавалі загады».

Суд разгледзеў тры эпізоды. У справе Анатоля Красоўскага Гараўскі прызнаны вінаватым. У справе Юрыя Захаранкі суд устанавіў яго ўдзел у знікненні, але пакінуў апраўдальны прысуд у сіле праз недаказанасць неабходнага асаблівага намеру «пазбавіць ахвяру абароны з боку закона на працягу працяглага перыяду часу». У справе Віктара Ганчара апраўдальны прысуд застаўся ў сіле па працэсуальных прычынах — апеляцыйны суд не пераглядаў гэты эпізод па сутнасці. Пры гэтым суд прызнаў паказанні Гараўскага пра яго ўдзел у знікненнях усіх трох чалавек дакладнымі.

Для сем’яў зніклых гэтае рашэнне — важны крок да справядлівасці пасля 27 гадоў барацьбы за праўду. Але правасуддзе не будзе поўным, пакуль не ўстаноўленая ўся праўда пра лёс іх блізкіх і не прыцягнутыя да адказнасці ўсе вінаватыя.

«Правасуддзе не павінна абмяжоўвацца адказнасцю непасрэднага выканаўцы. Неабходна ўстанавіць увесь ланцуг адказнасці, уключаючы асоб, якія планавалі і арганізоўвалі злачынствы, аддавалі загады і забяспечвалі ўтойванне лёсу зніклых»,

— адзначыў Павел Латушка.

Асобная падзяка праваабарончым арганізацыям TRIAL International, FIDH і «Вясна», якія зрабілі гэты вынік магчымым.


Comments


bottom of page