Прамова Паўла Латушкі на з'ездзе Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі
24 кастрычніка 2026 года, Беласток, Польшча
Паважаны спадар Павал Севярынец, шаноўныя дэлегаты і госці з'езда Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, дарагія калегі! Dear Friends from Poland, Czech Republic, Germany and Lithuania.
Для мяне вялікі гонар выступаць сёння перад вамі ў гэты сапраўды гістарычны дзень.
Роўна сто гадоў таму ў Вільні адбыўся з'езд, які даў пачатак Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Цэлае стагоддзе гісторыі. Стагоддзе барацьбы за беларускую нацыянальную ідэнтычнасць, за еўрапейскі выбар нашай краіны, за маральнасць і хрысціянскія каштоўнасці, за незалежнасьць. БХД прайшла праз рэпрэсіі трыццатых гадоў, праз савецкі таталітарызм, праз лукашэнкаўскія турэмныя зняволенні. Але вы выстаялі. І тое, што сёння мы яднаем гэтую дату з новым стартам — гэта найлепшы доказ моцы беларускага духу.
Я хачу асобна звярнуцца да спадара Паўла Севярынца. Спадар Павал, Вы прысвяцілі палітычнай барацьбе і служэнню Беларусі дзесяцігоддзі свайго жыцця. Вы прайшлі праз доўгія і цяжкія гады турэмнага зняволення, але давялі ўсяму свету, што прынцыпы і маральная сіла вышэйшыя за любыя краты. Ваша стойкасць і Ваша вяртанне да працы — гэта велізарнае натхненне для многiх. Вы прыклад для мяне і маіх калег. Вы накіравалі свае сілы на тое, каб пераадолець унутраныя супярэчнасці мінулага, аб'яднаць розныя часткі партыі і правесці сапраўды дэмакратычны з'езд.
У палітыцы заўсёды ёсць розныя амбіцыі, розныя праграмы, розныя погляды на тактыку і стратэгію. Мы ўсе працуем у палітыцы і добра разумеем, што палітыкаў без амбіцый не існуе.
Але для ўсіх нас прынцыпова важна памятаць пра галоўнае. Ніякія палітычныя амбіцыі ў эміграцыі не маюць сэнсу, калі мы не ставім сабе за мэту вяртанне ў Беларусь. Наша агульная мэта: вярнуцца дадому, дамагчыся палітычных зменаў і свабодных выбараў — і ўдзельнічаць у іх у Беларусі.
Сённяшні з'езд БХД — гэта важны крок да аднаўлення незалежнага партыйнага руху. А моцныя палітычныя партыі патрэбныя любой дэмакратычнай сістэме.
Аднак давайце прызнаем шчыра: сёння нашы палітычныя інстытуты і партыйны рух часта дзейнічаюць паасобку. І гэта менавіта той выклік, які мы мусім разам выправіць. Менавіта таму я хочу прапанаваць партыям зрабіць наступны крок — прыняць актыўны ўдзел у наступных выбарах у Каардынацыйную Раду. Спалучаючы партыйнае будаўніцтва з развіццём агульнага прадстаўнічага органа, мы робім тое, што з'яўляецца класікай і падмуркам любой свабоднай дэмакратыі: калі партыі спаборнічаюць на выбарах і фармуюць органы ўлады. Так мы аб'яднаем партыі і інстытуты ў адзіны кулак і закладзем падмурак будучай палітычнай сістэмы Беларусі.
Вось ужо некалькі гадоў беларускі дэмакратычны рух існуе ў фармаце створаных інстытутаў. Аб'яднаны Пераходны Кабінет, Каардынацыйная Рада, сетка палітычных партый, грамадскіх і экспертных арганізацый і ініцыятыў, незалежныя медыя — гэта наша супольнае гістарычнае дасягненне і беспрэцэдэнтны крок наперад.
Раней у беларускай гісторыі дэмакратычныя сілы пасля жорсткіх хваляў рэпрэсій часта апыналіся раздробненымі групамі як унутры Беларусі, так і ў вымушанай эміграцыі. Сёння мы ўпершыню змаглі пабудаваць паўнавартасную інстытуцыйную архітэктуру. Незалежныя медыя інфармуюць грамадства і даюць факты. Грамадскія і экспертныя арганізацыі прапрацоўваюць рэформы і захоўваюць кадравы патэнцыял. А палітычныя інстытуты і партыі мусяць выпрацоўваць супольную палітычную стратэгію. Паасобку мы губляем сілу, але калі мы аб'ядноўваем высілкі і каардынуем нашы дзеянні – менавіта тады мы забяспечваем палітычную суб’ектнасць беларускага народа. Гэта магутны гістарычны прэцэдэнт: мы маем усе магчымасці быць не проста сумай асобных палітычных адзінак, а адзінай і моцнай альтэрнатыўнай сістэмай.
Але важна ўсведамляць: нават найбольш дасканалая сістэма інстытутаў, партый, ініцыятыў і медыя сама па сабе — гэта толькі інструмент.
Калі ў нас няма адзінай і прадуманай стратэгіі, нашы інстытуты страчваюць сэнс і функцыянальнасць. Без самастойнага палітычнага парадку дня нам і незалежным медыя давядзецца толькі рэагаваць на дзеянні рэжыму, жыць у навязаных ім умовах. А гэта тупіковы шлях, які не вядзе да вызвалення. Каб інстытуты працавалі, ім патрэбна выразная стратэгічная мэта.
Менавіта дзеля выпрацоўкі такой мэты наша каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення пры падтрымцы Фонду імя Конрада Адэнаўэра падрыхтавала даследаванне «Нацыянальны дыялог для Беларусі», дзе мы прааналізавалі досвед Германіі, Польшчы і Іспаніі як магчымыя мадэлі выхаду з крызісу.
Я ўдзячны Паўлу Севярынцу за ўдзел у прэзентацыі гэтага дакладу і за яго высокую ацэнку нашай працы. Тое, што мы падобным чынам разумеем стратэгічныя прынцыпы выхаду з крызісу, робіць наш дыялог сапраўды канструктыўным.
Ключавая выснова нашага падыходу грунтуецца на еўрапейскім досведзе: сістэма здольная весці дыялог толькі з сістэмай. І перамагчы ці змяніць сістэму можа толькі іншая сістэма.
Гісторыя ГДР, Польшчы і Іспаніі даводзіць, што апазіцыя дасягала поспеху тады, калі выступала як арганізаваная і згуртаваная альтэрнатыва. Вонкавы ціск і санкцыі ствараюць напружанне для рэжыму, але сама па сабе ізаляцыя не запусціць транзіт улады, калі рэжым не бачыць перад сабой моцнага і зразумелага партнёра па перамовах.
Пры гэтым наш прынцып у кантактах з ЕС застаецца непарушным: «Нічога пра беларусаў без саміх беларусаў!». Інтарэсы беларускага народа мусяць прадстаўляць і адстойваць беларускія дэмакратычныя інстытуты і грамадзянская супольнасць.
І менавіта з гэтага фундаментальнага прынцыпу вынікае Стратэгія Беларускага Круглага стола. Гэта не саступка рэжыму. Гэта адзіны мост, які вядзе ад рэпрэсій і эміграцыі да свабодных выбараў і вяртання дадому.
Гэтая стратэгія зацверджана Аб'яднаным Пераходным Кабінетам, за яе прагаласавала 80 працэнтаў дэпутатаў Каардынацыйнай Рады, і яна падтрыманая рэзалюцыяй Канферэнцыі «Новая Беларусь» у жніўні бягучага году. На міжнародным узроўні яе прынцыповую рамку падтрымліваюць Еўрапейская Камісія і Савет Еўрапейскага Саюза.
Сутнасць гэтай стратэгіі прагматычная і заснаваная на двух напрамках: Злучаныя Штаты Амерыкі з дапамогай свайго ўплыву вядуць працу па спыненні катаванняў і рэпрэсій і вызваленні людзей. А Еўрапейскі Саюз, які трымае ў руках «залатую санкцыйную акцыю», задзейнічае свае эканамічныя і палітычныя рычагі не для дробных саступак, а для сістэмнага прымушэння рэжыму да перамоваў.
Фінальная мэта — гэта Беларускі Круглы стол паміж дэмакратычнымі інстытутамі і дзеючымі функцыянальнымі ўладамі пры міжнародным пасярэдніцтве ЕС і ЗША.
І калі сёння рэжым Лукашэнкі спрабуе навязаць Захаду ідэю «Мінска-3», прапануючы сябе ў якасці міратворца, адказ дэмакратычнага свету мусіць быць прынцыповым: Мінск не можа быць пляцоўкай для міжнародных перамоваў да таго часу, пакуль унутры самай Беларусі не спынены рэпрэсіі і злачынствы супраць чалавечнасці, не вызвалены ўсе палітзняволеныя і не пачаты ўнутраны нацыянальны дыялог за Беларускім Круглым сталом.

Шаноўныя калегі!
Сёння Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя робіць важны і адказны крок да свайго развіцця. А нашымі наступнымі лагічнымі супольнымі крокамі як беларускага дэмакратычнага руху, я ўпэўнены, могуць стаць агульнае ўмацаванне партый і дэмакратычных інстытутаў, сумеснае фарміраванне і ўзмацненне нашага прадстаўнічага органа — Каардынацыйнай Рады, развіццё і прасоўванне Стратэгіі Круглага стала, што забяспечыць рух да нашай галоўнай мэты — вяртання ў свабодную і дэмакратычную Беларусь.
Дзякую за запрашэнне, віншую вас са 100-годдзем БХД і жадаю з'езду плённай працы.
Дзякуй за ўвагу! Жыве Беларусь!




Comments