top of page

Падляшскае ваяводскае ўпраўленне шукае рашэнні для паскарэння працэсаў легалізацыі беларусаў

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Мы прыкладаем намаганні, каб усе справы вырашаліся сумленна і ў адпаведнасці з дзеючымі нормамі, адначасова шукаючы рашэнні для паляпшэння працы нашых службаў», — гаворыцца ў афіцыйным адказе Падляшскага ваяводскага ўпраўлення на зварот намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, у якім ён падкрэсліў трывожныя сігналы ад беларусаў адносна значнага запаволення працэсаў легалізацыі знаходжання ў Падляшскім ваяводстве.

У сваім звароце ў Падляшскае ваяводскае ўпраўленне Павел Латушка падкрэсліў, што згодна з афіцыйнымі данымі, апублікаванымі на партале migracje.gov.pl у канцы студзеня 2026 года, бачны рэзкі спад колькасці выдадзеных рашэнняў аб легалізацыі знаходжання ў Падляшскім ваяводстве Польшчы. Так, напрыклад, калі ў 2023 годзе грамадзяне Беларусі атрымалі ў Беластоку каля 6,3 тысячы дазволаў на жыхарства, дык у 2025 годзе гэтая колькасць знізілася да менш чым 2 тысяч. Таксама было адзначана, што згодна з публічнай інфармацыяй, у канцы 2025 года Упраўленне разглядала заявы, пададзеныя яшчэ ў лютым 2025 года, а час чакання толькі на запрашэнне для здачы адбіткаў пальцаў зараз перавышае адзін год.

«Для многіх грамадзян Беларусі, якія ўцякаюць ад рэпрэсій і шукаюць у Польшчы бяспечны прытулак, такая доўгая юрыдычная нявызначанасць з’яўляецца велізарным жыццёвым цяжарам», — адзначыў у звароце Павел Латушка.

Намеснік кіраўніцы Кабінета падкрэсліў, што гэтая сітуацыя выклікае асаблівую занепакоенасць сярод беларускай супольнасці. Намеснік кіраўніцы АПК перадаў Падляшскаму ваяводзе петыцыю, якую падпісалі больш за 550 чалавек , якія выказваюць глыбокую занепакоенасць крызісам у сферы абслугоўвання замежнікаў.

У сваім адказе Падляшскае ваяводскае ўпраўленне адзначыла:

«Ваявода з усёй сур’ёзнасцю ставіцца да прадстаўленых Вамі выклікаў. Складаная працэдурная сітуацыя з’яўляецца вынікам значнага росту колькасці заявак у апошнія гады, што стварае вялікую нагрузку на Упраўленне… Хачу запэўніць, што Бюро Падляшскага ваяводы застаецца ў Вашым распараджэнні ў пытаннях прадастаўлення інфармацыі і тлумачэння бягучых пытанняў, звязаных з адміністрацыйнымі працэдурамі».

«Удзячны польскаму боку за адкрытасць і камунікацыю адносна складаных пытанняў, асабліва ў галіне легалізацыі беларусаў у Польшчы, якія вымушана выехалі з Беларусі з-за рэпрэсіўнай унутранай палітыкі рэжыму Лукашэнкі. Мы будзем працягваць камунікацыю як з цэнтральнымі ўладамі Польшчы, так і з мясцовымі, каб адвакатаваць як мага хутчэйшае вырашэнне праблемных пытанняў, з якімі сёння сутыкаюцца беларусы ў Польшчы», — адзначыў Павел Латушка.


Comments


bottom of page