top of page

ПАРЕ прыняла рэзалюцыю, у якой прызнаецца роля Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны і дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей

  • Jun 26
  • 1 min read

Updated: Jun 26

«Пераважнай большасцю галасоў Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы прыняла рэзалюцыю "Аспекты права і правоў чалавека у кантэксце агрэсіі Расійскай Федерацыі супраць Украіны", якая рашуча асуджае агрэсію Расіі і заклікае да канкрэтных дзеянняў дзеля аднаўлення справядлівасці. У рэзалюцыі таксама адзначаюцца дзеянні рэжыму Лукашэнкі, што ўяўляюць сабой акт агрэсіі супраць суверэннай дзяржавы — Украіны», — адзначыў чалец Каардынацыйнай Рады, дэлегат у ПАРЕ Павел Латушка.

Рэзалюцыя звяртае ўвагу на тры ключавыя аспекты, якія датычацца Беларусі.

Па-першае, ПАРЕ канстатуе ўдзел Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны:

«Беларусь дазволіла Расійскай Федэрацыі выкарыстаць сваю тэрыторыю для здзяйснення акту агрэсіі супраць Украіны, што само па сабе з’яўляецца актам агрэсіі».

«Палітычнае і ваеннае кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі і Беларусі здзейснілі злачынства агрэсіі супраць Украіны, што цягне за сабой індывідуальную крымінальную адказнасць адпаведных лідараў, незалежна ад іх афіцыйнага становішча, уключаючы кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў».

Па-другое, у рэзалюцыі адзначаецца роля Лукашэнкі ў ваенным злачынстве — дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь:

«Асамблея неаднаразова асуджала дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расійскую Федэрацыю і Беларусь».

У адпаведнасці з дапаўненнем, унесеным Паўлам Латушкам, у рэзалюцыі падкрэсліваецца, што гэта злачынства было здзейснена па прамым загадзе Лукашэнкі.

Па-трэцяе, ПАРЕ заклікае дзяржавы-члены і міжнародную супольнасць: «…увесці дадатковыя санкцыі і забяспечыць выкананне дзеючых санкцый у дачыненні да Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Беларусь, Паўночнай Карэі і іншых дзяржаў, якія ўдзельнічаюць у парушэннях міжнароднага права, а таксама ўключыць у санкцыйныя спісы асоб, датычных да здзяйснення міжнародных злачынстваў ва Украіне».

Паводле вынікаў галасавання, 87 дэлегатаў ПАРЕ падтрымалі рэзалюцыю, 3 ўстрымаліся, супраць не прагаласаваў ніхто.


コメント


bottom of page