Незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей ажыццяўлялася на падставе прамога загада Аляксандра Лукашэнкі
- Jun 24
- 1 min read
Updated: Jun 25
Па ініцыятыве чальца Каардынацыйнай рады Беларусі, дэлегата ў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Паўла Латушкі, у выніковую рэзалюцыю ПАРЕ было ўключана дапаўненне, якое датычыцца адказнасці Аляксандра Лукашэнкі за перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь і праз тэрыторыю Беларусі ў Расію. Дадзенае дапаўненне ўнесена на падставе доказаў, сабраных Народным антыкрызісным упраўленнем, якія былі прадстаўлены ў ПАРЕ.
Сёння, падчас летняй сесіі ПАРЕ, разглядалася і была прынята рэзалюцыя «Прававыя аспекты і аспекты правоў чалавека агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны».
Ва ўнесеным дапаўненні пазначаецца, што «па стане на 14 жніўня 2024 года, не менш за 3500 украінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны былі гвалтоўна перамешчаныя праз ці на тэрыторыю Беларусі, дзе яны падвяргаліся расійскай палітычнай, ваеннай і рэлігійнай індактрынацыі. Гэта перамяшчэнне ажыццяўлялася паводле прамога загаду Аляксандра Лукашэнкі».
Падчас абмеркавання дапаўнення дакладчык па рэзалюцыі, спадар Ээрык-Нійлес Кроос (дэпутат парламента Эстоніі), асабліва адзначыў, што «Гэта ініцыятыва беларускіх калег, якія самі трапілі пад рэпрэсіі за збор дадзеных доказаў».
З вясны 2023 года Народнае антыкрызіснае ўпраўленне вядзе сістэмную працу па зборы інфармацыі аб незаконным перамяшчэнні непаўналетніх асоб з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь. Адпаведныя доказы былі накіраваныя ў двух камунікацыях у Офіс Пракурора Міжнароднага крымінальнага суда, а таксама ў Генеральныя пракуратуры Украіны і Літвы.
Нагадаем, што раней на красавіцкай сесіі ПАРЕ па ініцыятыве Паўла Латушкі ў іншую рэзалюцыю ПАРЕ была таксама ўключана папраўка, якая прадугледжвае неабходнасць распаўсюджвання юрысдыкцыі будучага Спецтрыбунала за злачынства агрэсіі супраць Украіны на адпаведныя дзеянні вышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі.
Kommentarer