Супрацьдзеянне транснацыянальным рэпрэсіям супраць беларусаў абмеркавалі падчас сустрэч Паўла Латушкі ў Страсбургу

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка правёў у Страсбургу сустрэчы з пастаяннымі прадстаўнікамі, пасламі пяці краін Паўночнай Еўропы пры Савеце Еўропы, пастаянным прадстаўніком, паслом Германіі пры Савеце Еўропы і дырэктаркай па палітычных пытаннях і знешніх сувязях Савета Еўропы Наталі Сабанадзе.
У сустрэчы з прадстаўнікамі паўночнаеўрапейскіх краін узялі ўдзел паслы Сіні Паўккунен-Мюккянен (Фінляндыя), Веб’ёрн Хейнес (Нарвегія), Міхаэль Енсен (Данія), Ніклас Кеббон (Швецыя) і Грэта Гуннарсдоўцір (Ісландыя).
Супрацьдзеянне транснацыянальным рэпрэсіям
Па ініцыятыве паслоў асобную ўвагу надалі пераследу беларусаў, вымушаных пакінуць краіну. Абмяркоўваліся магчымыя механізмы Савета Еўропы, якія маглі б стаць асновай для нацыянальных інструментаў абароны ад транснацыянальных рэпрэсій.
Гаворка ішла пра немагчымасць атрымання і падаўжэння беларускіх пашпартоў, праблемы з прызнаннем натарыяльных дзеянняў, спробы вярбоўкі і шпіянажу.
Сітуацыя ў Беларусі і пазіцыя Еўрапейскага саюза
Павел Латушка праінфармаваў суразмоўцаў пра працяг рэпрэсій і адсутнасць прыкмет змены ўнутранай і знешняй палітыкі рэжыму. Нават пасля вызвалення груп палітвязняў пры ўдзеле ЗША рэпрэсіі не спыняюцца, а спісы палітычных зняволеных папаўняюцца.
Павел Латушка падкрэсліў неабходнасць захавання адзінай пазіцыі ЕС, накіраванай на прымус рэжыму да дыялогу з грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнымі сіламі. Любыя кантакты з рэжымам павінны грунтавацца на прынцыпе «Нічога пра беларусаў без беларусаў».
Ён таксама адзначыў, што сёння няма падстаў для змякчэння санкцыйнай палітыкі, а нацыянальныя інтарэсы асобных дзяржаў не павінны адсоўваць на другі план стратэгічную мэту — садзейнічаць дэмакратычным пераменам ў Беларусі.
Адказнасць за агрэсію супраць Украіны
Падчас асобнай сустрэчы з пастаянным прадстаўніком, паслом Германіі пры Савеце Еўропы абмяркоўваўся ход стварэння Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны.
Павел Латушка праінфармаваў пра збор НАУ і іншымі ініцыятывамі доказаў датычнасці Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў да злачынства агрэсіі. Таксама разглядаліся расследаванне незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Беларусь і садзейнічанне іх вяртанню ва Украіну.
Асобна падкрэслівалася неабходнасць уліку нацыянальных інтарэсаў Беларусі падчас магчымых мірных перамоў па Украіне.
Супрацоўніцтва з Саветам Еўропы
Павел Латушка падзякаваў дзяржавам за падтрымку беларускіх дэлегацый у ПАСЕ і Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных улад, а таксама працы Кантактнай групы Савета Еўропы па супрацоўніцтве з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю.
Удзел беларускіх прадстаўнікоў у гэтых структурах дазволіў правесці дзясяткі двухбаковых сустрэч з прадстаўнікамі парламентаў дзяржаў — членаў Савета Еўропы, а таксама наладзіць сістэмную працу з камітэтамі і палітычнымі групамі. Беларуская праблематыка была адлюстраваная ў 11 рэзалюцыях ПАСЕ, таксама адбыліся слуханні па сітуацыі з палітвязнямі.
Сярод бліжэйшых прыярытэтаў — падрыхтоўка палітычнай рэзалюцыі па Беларусі і рэзалюцыі аб ролі культуры ў дэмакратызацыі Беларусі (Culture as a Foundation for the Democratisation of Belarus).
Нацыянальны дыялог і практычнае супрацоўніцтва
Падчас сустрэчы з Наталі Сабанадзе абмяркоўвалася стратэгія нацыянальнага дыялогу з выкарыстаннем механізму Круглага стала, падтрыманая Аб’яднаным Пераходным Кабінетам, Каардынацыйнай Радай і Канферэнцыяй «Новая Беларусь».
Дасягнутая дамоўленасць аб правядзенні ў Варшаве прэзентацыі дзейнасці Інфармацыйнага пункта Савета Еўропы для беларусаў, адкрытага ў маі 2026 года ў Вільнюсе. Гэта дазволіць вызначыць сумесныя планы супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі інстытутамі і грамадзянскай супольнасцю.
Павел Латушка падзякаваў прадстаўнікам Паўночных краін за ўклад іх дзяржаў у Міжнародны гуманітарны фонд, сродкі якога накіроўваюцца на падтрымку былых палітвязняў і членаў іх сем’яў.




Comments