Толькі сістэмныя дэмакратычныя змены ў Беларусі, а не тактычныя дамоўленасці з дыктатарам, могуць забяспечыць мір і стабільнасць у Еўропе
- Admin of the NAM

- 5 hours ago
- 2 min read
«Нягледзячы на намаганні Злучаных Штатаў па вызваленні палітвязняў, яшчэ больш людзей прызнаюцца новымі палітычнымі зняволенымі. Гэта выглядае як канвеер. Літаральна перад сённяшняй сустрэчай праваабарончы цэнтр “Вясна” прызнаў яшчэ 8 беларусаў палітвязнямі. Для нас вельмі важная ўвага ПАРЕ да сітуацыі ў Беларусі», — адзначыў дэлегат Каардынацыйнай Рады, член беларускай дэлегацыі ў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Павел Латушка падчас пасяджэння Камітэта па палітычных пытаннях і дэмакратыі ПАРЕ.

Падчас пасяджэння Камітэта па палітычных пытаннях і дэмакратыі выступіў дакладчык ПАРЕ па Беларусі Эмануэліс Зінгерыс: «Беларусь з’яўляецца ключавым элементам бяспекі ў рэгіёне. І толькі незалежная, дэмакратычная і свабодная Беларусь можа гарантаваць такую бяспеку. Толькі сістэмныя дэмакратычныя змены, а не тактычныя дамоўленасці з дыктатарам, могуць забяспечыць мір і стабільнасць у Еўропе».
У сваім выступленні дакладчык ПАРЕ па Беларусі адзначыў, што рэжым Лукашэнкі працягвае масавыя палітычныя рэпрэсіі, а з 2020 года па палітычна матываваных крымінальных справах былі асуджаныя больш за 8 000 чалавек, у тым ліку 1 254 чалавекі за апошні год.
Эмануэліс Зінгерыс падкрэсліў, што, нягледзячы на вызваленні, колькасць палітвязняў у Беларусі застаецца стабільна высокай. У выніку перамоў з ЗША 342 заложнікі былі вызваленыя, пры гэтым 189 чалавек былі дэпартаваныя з краіны, але за гэты ж перыяд 609 чалавек былі прызнаныя палітвязнямі ў Беларусі. У выніку такой палітыкі рэжыму больш за 790 000 беларусаў — 8,7 % насельніцтва краіны — пакінулі Беларусь, паводле даных ААН.
Таксама дакладчык па Беларусі адзначыў, што рэжым Лукашэнкі ажыццяўляе адну з самых маштабных кампаній экстэрытарыяльных рэпрэсій. Вядуцца сістэмныя кампаніі па дыскрэдытацыі дэмакратычных інстытутаў і суб’ектаў, уключаючы Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі, Каардынацыйную Раду, а таксама шматлікія дэмакратычныя ініцыятывы і актывістаў. Масава заводзяцца завочныя крымінальныя справы, канфіскуецца маёмасць, пераследуюцца сем’і; палітыкаў і актывістаў атакуюць і рэпрэсуюць нават за мяжой.
«Калі Еўропа хоча быць моцнай і ўспрымацца як моцная і адзіная, яна павінна заставацца вернай сваім прынцыпам. Пакуль рэжым Лукашэнкі не спыніць унутраныя рэпрэсіі і знешнюю агрэсіўную палітыку, ціск на яго не павінен слабець.
Пры гэтым, надзвычай важна падкрэсліць: Лукашэнка — гэта не Беларусь.
Існуе беларускае грамадства, якое, нягледзячы на рэпрэсіі, ціск і экстэрытарыяльны пераслед, працягвае дэманстраваць сваю суб’ектнасць. Яно стварае дэмакратычныя інстытуты і ясна артыкулюе сваё імкненне да свабоды і дэмакратыі. Самым яркім прыкладам такіх дэмакратычных практык, у тым ліку ва ўмовах выгнання, з’яўляецца Каардынацыйная Рада», — адзначыў Эмануэліс Зінгерыс.
«Я цалкам падтрымліваю заяву дакладчыка. Рэжым Лукашэнкі не спыняе рэпрэсіі. Гэта самыя маштабныя рэпрэсіі ў Еўропе за апошнія дзесяцігоддзі. Колькасць палітвязняў складае каля 1 150 чалавек. Штомесяц каля 40 новых чалавек становяцца палітычнымі зняволенымі. Я прашу маіх калег у ПАРЕ казаць пра Беларусь і не забывацца на палітвязняў», — адзначыў Павел Латушка ў сваім выступе.










Comments