top of page

Украіна: Лукашэнка — ваенны злачынец


Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка са сваім міністрам абароны Віктарам Хрэніным Фота: president.gov.by
Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка са сваім міністрам абароны Віктарам Хрэніным Фота: president.gov.by

Незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей у Беларусь у фокусе ўвагі Савета па правах чалавека ААН

«Дэпартацыя дзяцей у Беларусь — ваеннае злачынства», — адзначыў прадстаўнік Украіны падчас слуханняў па дакладзе Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека «Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх». Абмеркаванне дакладу праходзіць сёння ў Жэневе ў рамках пасяджэння Савета па правах чалавека ААН.

Цягам другой паловы мінулага года НАУ прадпрымала актыўныя дзеянні па зборы і перадачы інфармацыі аб злачынствах Лукашэнкі ў адрас уладаў Украіны, а таксама яе давядзенню іншым краінам-партнёрам і міжнародным арганізацыям падчас двухбаковых сустрэч, шматбаковых форумаў і прэзентацый у Савеце Еўропы, Еўрапарламенце, АБСЕ і ААН.

Тэма незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Беларусь таксама была ініцыяваная прадстаўнікамі Польшчы, Балгарыі, Чарнагорыі і шэрагу іншых краін. Праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch таксама адзначыла, што дадзеныя з адкрытых крыніц сведчаць пра тое, што беларускія ўлады былі ўцягнутыя ў ажыццяўленне незаконнага перамяшчэння 2 тысяч дзяцей у Беларусь.

НАУ адзначае важнасць прадстаўлення афіцыйнай пазіцыі Украіны, краін-партнёраў і міжнародных арганізацый па пытанні незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей, іх індактрынацыі і перавыхавання на тэрыторыі Беларусі. У чэрвені і лістападзе 2023 года НАУ перадало дзве часткі камунікацыі ў Офіс Пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе з доказамі датычнасці да дадзенага ваеннага злачынства Лукашэнкі і яго памагатых.

НАУ працягвае працу па зборы доказаў і іх наступнай перадачы ў МКС, уладам Украіны і краінам-партнёрам для прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці за здзейсненае ваеннае злачынства.

 

bottom of page