top of page

10 пунктаў сапраўдных змен ад Паўла Латушкі і НАУ

1 hour ago
3 min read
Выява мае ілюстрацыйны характар
Выява мае ілюстрацыйны характар

Фундаментальная рамка сістэмных змен і вырашэння ўнутранага крызісу ў Беларусі

Ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі па прадастаўленні Мінска ў якасці «перагаворнай пляцоўкі» і спробы прыцягнуць міжнародную супольнасць да фармату «Мінск-3» для перагавораў па ўрэгуляванні расійска-ўкраінскай вайны маюць адну мэту — адварочванне ўвагі ад другога ключавога праблемнага пытання рэгіёна. Гэтае пытанне палягае ў працяглым цяжкім сацыяльна-палітычным і прававым крызісе ўнутры Беларусі, створаным самім рэжымам Лукашэнкі.

Яго спробы выбудаваць статус «нейтральнага арбітра» несумяшчальныя з рэальнасцю, у якой унутры краіны працягваюцца масавыя рэпрэсіі, тысячы грамадзян утрымліваюцца ў месцах зняволення, дзесяткі тысяч пераследуюцца, сотні тысяч былі дэпартаваныя з краіны, а беларуская тэрыторыя і інфраструктура выкарыстоўваюцца для саўдзелу ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

Каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення пад кіраўніцтвам Паўла Латушкі перакананая: адзінкавыя саступкі і тактычныя дамоўленасці з рэжымам не здольныя прывесці да доўгатэрміновай стабільнасці. Канечнай мэтай міжнародных намаганняў і намаганняў беларускіх дэмакратычных сіл мусяць заставацца сістэмныя змены ў Беларусі.

У сувязі з гэтым мы прапануем «Праграму сапраўдных змен з 10 пунктаў» у якасці базавай платформы, адрасаванай дзвюм ключавым бакам:

  1. Міжнародным партнёрам — як стратэгічную рамку, якой неабходна прытрымлівацца ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Любыя кантакты і перагаворы з Мінскам мусяць быць звязаныя з канкрэтнымі крокамі па спыненні рэпрэсій, аднаўленні правоў грамадзян і пачатку паўнавартаснага інклюзіўнага дыялогу з грамадскай супольнасцю.

    Гэтая пазіцыя цалкам адпавядае афіцыйным рашэнням Еўрапейскага саюза (European Union). У прыватнасці, у Высновах Савета Еўрапейскага саюза па Беларусі (Council conclusions on Belarus), прынятых Саветам па замежных справах ЕС (Foreign Affairs Council) 19 лютага 2024 года (п. 5), прама указана:

    «The Council continues to support the democratic right of the Belarusian people to elect their representatives through free and fair elections. The EU calls on the authorities of Belarus to engage in a genuine and inclusive dialogue with all elements of society with a view to holding free and fair elections, under the observation of the OSCE/ODIHR and in accordance with internationally recognised standards.»

    («Савет працягвае падтрымліваць дэмакратычнае права беларускага народа абіраць сваіх прадстаўнікоў шляхам свабодных і сумленных выбараў. ЕС заклікае ўлады Беларусі ўступіць у сапраўдны і інклюзіўны дыялог з усімі элементамі грамадства з мэтай правядзення свабодных і сумленных выбараў пад назіраннем БДІПЧ АБСЕ і ў адпаведнасці з міжнародна прызнанымі стандартамі»).(Крыніца: Consilium Document 6737/24, Council of the European Union / Савет Еўрапейскага саюза)

  2. Функцыянальным уладам у Беларусі — як найбольш рацыянальны, канструктыўны і практычны алгарытм для спынення ўнутранага супрацьстаяння, аднаўлення законнасці, суверэнітэту і міжнароднага статусу Рэспублікі Беларусь.

Праграма сапраўдных змен з 10 пунктаў

  1. Спыненне рэпрэсій і вызваленне ўсіх палітычных зняволеных.

  2. Гарантыі бяспечнага вяртання беларускіх эмігрантаў, актывістаў і палітыкаў без пагрозы пераследу.

  3. Дэкрыміналізацыя грамадска-палітычнай дзейнасці, у тым ліку дзейнасці палітычных партый і НДА ў Беларусі.

  4. Дэкрыміналізацыя дзейнасці незалежных СМІ ў Беларусі.

  5. Спыненне выкарыстання крымінальнай і адміністрацыйнай правапрымяняльнай практыкі ў мэтах палітычна матываванага пераследу апанентаў і прадстаўнікоў грамадскай супольнасці.

  6. Скасаванне нарматыўных актаў, якія абмяжоўваюць правы беларусаў за мяжой, з аднаўленнем консульскіх паслуг, афармлення пашпартоў і права голасу за мяжой.

  7. Запуск Беларускага Круглага стала па выхадзе з палітычнага крызісу і захаванні суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы паміж дзеючымі функцыянальнымі ўладамі Беларусі і дэмакратычнымі сіламі пры міжнародным пасярэдніцтве.

  8. Спыненне любой далейшай эскалацыі ўдзелу Беларусі ў агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны і недапушчэнне далейшага выкарыстання беларускай тэрыторыі, паветранай прасторы і інфраструктуры для гэтай агрэсіі.

  9. Поўная рэабілітацыя ўсіх незаконна асуджаных асоб і скасаванне ўсіх палітычна матываваных рашэнняў па крымінальных і адміністрацыйных справах.

  10. Вяртанне канфіскаванай, адабранай і арыштаванай маёмасці.

Наша прынцыповая пазіцыя

Рэалізацыя «Праграмы сапраўдных змен з 10 пунктаў» — гэта неабходная ўмова для аднаўлення правапарадку ўнутры краіны і вяртання Беларусі статусу суб'ектнага і прадказальнага ўдзельніка міжнародных адносін.

Мы настойваем на тым, што вызначэнне будучыні краіны мусіць будавацца на базавым прынцыпе: «Нічога пра беларусаў без саміх беларусаў» / «Nothing about Belarusians without Belarusians». Без выканання гэтых умоў любыя міжнародныя ініцыятывы рэжыму застаюцца нелегитымнымі і не здольнымі прывесці да рэальнага вырашэння крызісу ў Беларусі і рэгіёне.


Comments


bottom of page