top of page

Віцэ-мэр Страсбурга прапанаваў разгледзець магчымасць адкрыцця прадстаўніцтва беларускіх дэмакратычных сіл у еўрапейскай сталіцы правоў чалавека

Oct 30
1 min read
Намеснік кіраўніцы АПК, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка з намеснікам мэра Страсбурга па пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва Эрвэ Морыцам. Страсбург, Францыя, 2026. Фота: НАУ-медыя
Намеснік кіраўніцы АПК, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка з намеснікам мэра Страсбурга па пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва Эрвэ Морыцам. Страсбург, Францыя, 2026. Фота: НАУ-медыя

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка правёў сустрэчу з Эрвэ Морыцам, намеснікам мэра Страсбурга па пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва, падчас якой абмеркавалі падтрымку беларускіх культурных і інфармацыйных праектаў.

Адной з ініцыятыў Эрвэ Морыца стала прапанова разгледзець магчымасць адкрыцця прадстаўніцтва беларускіх дэмакратычных сіл у Страсбургу. Яна прагучала з улікам таго, што ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы і Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы працуюць афіцыйныя дэлегацыі Каардынацыйнай Рады Беларусі.

Павел Латушка звярнуўся з просьбай аб арганізацыі пры падтрымцы мэрыі Страсбурга выставы і кінапаказу, прысвечаных маштабным рэпрэсіям і парушэнням правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку пераследу дзеячаў культуры.

Эрвэ Морыц пацвердзіў гатоўнасць мэрыі падтрымаць арганізацыю гэтых мерапрыемстваў падчас вясновай сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ў 2027 годзе, калі плануецца разгляд даклада «Культура як аснова дэмакратызацыі Беларусі».

Акрамя таго, Эрвэ Морыц прапанаваў правесці ў прэс-клубе Страсбурга мерапрыемства з удзелам беларускіх незалежных СМІ, прысвечанае сітуацыі са свабодай прэсы ў Беларусі і пераследу незалежных журналістаў.

Эрвэ Морыц адзначыў, што Страсбург заўсёды падтрымліваў дэмакратычную і свабодную Беларусь і надалей будзе спрыяць праектам, якія пашыраюць інфармацыю пра сітуацыю з парушэннем свабод і правоў чалавека ў краіне.


Comments


bottom of page