top of page

Польшча будзе імкнуцца ў максімальна кароткія тэрміны правесці працэдуры па прадастаўленні міжнароднай абароны дзесяці былым палітвязням

2 days ago
2 min read
Юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк, намеснік кіраўніцы АПК Павел Латушка, кіраўнік Ведамства па справах іншаземцаў Польшчы Томаш Цытрыновіч, прадстаўніца АПК па сацыяльнай палітыцы Вераніка Станкевіч, спецыялістка па пытаннях адвакатавання ЦБС Вольга Дабравольская. Варшава, Польшча, 2026 год. Фота: НАУ-медыя.
Юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк, намеснік кіраўніцы АПК Павел Латушка, кіраўнік Ведамства па справах іншаземцаў Польшчы Томаш Цытрыновіч, прадстаўніца АПК па сацыяльнай палітыцы Вераніка Станкевіч, спецыялістка па пытаннях адвакатавання ЦБС Вольга Дабравольская. Варшава, Польшча, 2026 год. Фота: НАУ-медыя.

Падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Паўла Латушкі з кіраўніком Ведамства па справах іншаземцаў Польшчы Томашам Цытрыновічам было абмеркавана пытанне атрымання статусу міжнароднай абароны для дзесяці былых палітычных зняволеных, якія былі перамешчаныя з тэрыторыі Літвы ў Польшчу пасля апошняга верасневага вызвалення дзякуючы намаганням амерыканскага боку.

Польскі бок адзначыў, што будзе імкнуцца ў максімальна кароткія тэрміны ажыццявіць усе неабходныя працэдуры па прадастаўленні міжнароднай абароны дзесяці былым палітычным зняволеным.

У сустрэчы таксама ўзялі ўдзел прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы Вераніка Станкевіч, юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, дэлегат Каардынацыйнай Рады Міхаіл Кірылюк, спецыялістка па пытаннях адвакатавання Цэнтра беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская.

Падчас сустрэчы таксама былі абмеркаваныя наступныя пытанні:

  1. Прадастаўленне міжнароднай абароны грамадзянам Беларусі

Павел Латушка перадаў матэрыялы беларускіх праваабарончых арганізацый аб маштабах рэпрэсій, якія не спыняюцца ў Беларусі, з мэтай іх уліку пры разглядзе пытанняў аб прадастаўленні міжнароднай абароны грамадзянам Беларусі на тэрыторыі Польшчы.

Кіраўнік Ведамства па справах іншаземцаў Томаш Цытрыновіч адзначыў, што польскі бок пры прыняцці рашэнняў аб прадастаўленні статусу міжнароднай абароны зыходзіць з індывідуальнага разгляду кожнай справы і ацэньвае магчымыя пагрозы пераследу на падставе прадстаўленых звестак і доказаў.

  1. Змены ў заканадаўстве адносна праязных дакументаў

Прадстаўнікі Ведамства па справах іншаземцаў праінфармавалі аб тым, што распачаўся працэс унясення зменаў у закон аб іншаземцах, накіраваных на павелічэнне тэрміну дзеяння праязнога дакумента з аднаго года да двух гадоў, а таксама на прызнанне яго ў якасці пасведчання асобы.

Цяпер сярэдні тэрмін атрымання праязнога дакумента для асоб, якім прадастаўлена міжнародная абарона, складае тры месяцы. Прадстаўнікі ведамства самі лічаць гэты тэрмін працяглым і адзначаюць, што працуюць над яго скарачэннем.

  1. Тэрміны разгляду дакументаў аб міжнароднай абароне і легалізацыі

Асобна адбылося абмеркаванне пытанняў тэрмінаў разгляду дакументаў аб прадастаўленні міжнароднай абароны і легалізацыі беларусаў у Польшчы ў сувязі з дастаткова працяглым перыядам чакання прыняцця адпаведных рашэнняў.

Такое працяглае чаканне стварае цяжкасці для беларусаў у пытаннях працаўладкавання і вырашэння сацыяльных пытанняў знаходжання на тэрыторыі Польшчы.

  1. Канкрэтныя складаныя выпадкі легалізацыі

Падчас сустрэчы таксама былі разгледжаныя некалькі канкрэтных складаных выпадкаў грамадзян Беларусі, звязаных з легалізацыяй іх знаходжання ў Польшчы.

  1. Магчымая дэпартацыя грамадзян Беларусі

Асобна былі абмеркаваныя праблемныя пытанні, звязаныя з магчымай дэпартацыяй грамадзян Беларусі пасля прыняцця рашэння аб адмове ў прадастаўленні міжнароднай абароны ў Польшчы.

Дадаткова плануецца ініцыяваць сустрэчу ў Галоўнай камендатуры памежнай службы Польшчы па гэтай праблеме.


Comments


bottom of page