Еўропа ўлічыць доказы датычнасці «Беларуськалія» да незаконнага вывазу і індактрынацыі ўкраінскіх дзяцей

Еўрапейская служба знешніх дзеянняў і шэраг краін — членаў ЕС адказалі на звароты намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі ад 14 кастрычніка 2026 года адносна ролі ААТ «Беларуськалій» і яго кіраўніцтва ў фінансаванні і арганізацыі незаконнага перамяшчэння дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь, а таксама іх наступнай індактрынацыі.
У прыватнасці, у Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў заявілі, што цалкам падзяляюць занепакоенасць лёсам гвалтоўна дэпартаваных украінскіх дзяцей, катэгарычна выступаюць супраць практыкі сцірання іх нацыянальнай ідэнтычнасці і навязвання чужой ідэалогіі. У ведамстве нагадалі, што Еўрасаюз ужо ўвёў шэраг абмежавальных мер супраць датычных асоб і прадпрыемстваў, і падкрэслілі: «Прадстаўленая вамі каштоўная інфармацыя будзе прынятая да ўвагі з мэтай далейшага ўзмацнення нашай бягучай працы ў гэтай сферы».
Асобныя краіны таксама заявілі пра сваю нязменную пазіцыю адносна ўзмацнення ціску на рэжым Лукашэнкі за саўдзел у агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны, рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека. Перададзеныя НАУ даныя будуць выкарыстаныя пры падрыхтоўцы будучых прапаноў аб увядзенні абмежавальных мер у дачыненні да выяўленых шкоднасных суб’ектаў рэжыму Лукашэнкі і ААТ «Беларуськалій».
Як адзначыў Павел Латушка:
«Хлус Лукашэнка можа колькі заўгодна абіваць парогі еўрапейскіх кабінетаў праз ценявых лабістаў і спадзявацца, што яму аслабяць калійныя санкцыі. Адказ Еўрасаюза гранічна ясны: замест аслаблення абмежаванняў рэжым атрымае новыя справы ці нават пашырэнне санкцыйных спісаў.
Мы перадалі вычарпальныя доказы ўдзелу ААТ «Беларуськалій» у фінансаванні і арганізацыі незаконнага вывазу, размяшчэння і ідэалагічнай апрацоўкі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый.
Няхай Лукашэнка не мае ілюзій, нібыта разавыя дыпламатычныя манеўры прымусяць Еўропу забыцца пра яго злачынствы. Дыктатар і яго памагатыя павінны рыхтавацца не да вяртання на еўрапейскія рынкі, а да лавы падсудных. Пакаранне за саўдзел у ваеннай агрэсіі, рэпрэсіях супраць беларускага народа і скрадзеных лёсах дзяцей рэальнае. Усе незаконна перамешчаныя ўкраінскія дзеці павінны вярнуцца дадому, усе палітвязні павінны быць вызваленыя, а вінаватыя — панесці адказнасць.
Злачынствы не атрымаецца схаваць за «дабрачыннымі» шыльдамі. НАУ працягне сістэмную працу па зборы доказаў і іх перадачы міжнародным партнёрам».




Comments