BELPOL і НАУ умацоўваюць узаемадзеянне
- 4 hours ago
- 3 min read

Да нядаўняга часу нашы арганізацыі ўжо дастаткова актыўна ўзаемадзейнічалі. Але зараз мы выходзім на сістэмнае супрацоўніцтва.
Напрамкі супрацоўніцтва НАУ і BELPOL
Сумеснае супрацьдзеянне рэжыму Лукашэнкі ў пытанні паслаблення санкцый без адпаведных саступак з боку апошняга.
Верыфікацыя асоб, якія звяртаюцца да дэмакратычных сіл.
Атрыманне даных аб асобах прапанаваных для накладання санкцый.
Сумесны ціск на рэжым праз ініцыяванне санкцый і правядзенне расследаванняў аб злачынных дзеяннях рэжыму.
Узаемадзеянне ў рамках падрыхтоўкі Спецтрыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны.
Адпраўным пунктам і фактам, які пацвярджае пачатак новага этапа сумеснага супрацоўніцтва НАУ і BELPOL, стаў сумесны даклад «Дзеці без будучыні: мілітарызацыя дзяцінства ў Беларусі».
Ключавыя тэзісы даклада
1. Агульная характарыстыка сітуацыі
У ХХІ стагоддзі Беларусь ператварылася ў краіну, дзе нават дзяцінства падпарадкаванае палітыцы выжывання рэжыму Лукашэнкі. Сістэма выхавання накіравана на фармаванне ў дзяцей безумоўнай адданасці ўладзе праз мілітарызацыю і ідэалагічную апрацоўку.
Згодна з дадзенымі экспертаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, па стане на пачатак 2025 года, Беларусь былі вымушаны пакінуць ці фактычна былі дэпартаваны не менш за 600 тысяч жыхароў, што складае 6,4% ад усяго насельніцтва Беларусі. На сённяшні дзень, калі мы гаворым пра дзяцей, то толькі ў Польшчы, паводле дадзеных Міністэрства нацыянальнай адукацыі і Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі, навучаецца 12,5 тысячы беларускіх студэнтаў. Школьныя і адукацыйныя ўстановы наведваюць 32 тысячы беларускіх дзяцей.
2. Чаму рэжым узяўся за дзяцей
Пасля масавых пратэстаў 2020 года ўлада ўсвядоміла пагрозу з боку моладзі, гатовай да перамен. У адказ пачалася сістэмная праца па фармаванні новага пакалення лаяльных грамадзян. Мэта — перахапіць розумы яшчэ да таго, як дзеці навучацца крытычна думаць.
Адначасова сілавыя структуры сутыкнуліся з кадравым крызісам: моладзь адмаўляецца звязваць жыццё з рэпрэсіўнымі ведамствамі. Такім чынам рэжым мэтанакіравана «вырошчвае» будучых сілавікоў. Таксама распачатая падрыхтоўка да будучай «гарачай» вайны на баку Расіі.
3. Інстытуцыяналізацыя мілітарызацыі
Мілітарызацыя дзяцей і моладзі замацавана на дзяржаўным узроўні. У 2021 годзе прынята «Праграма патрыятычнага выхавання насельніцтва на 2022-2025 гады», якая фармалізавала курс на ваенную індактрынацыю непаўналетніх. Міністэрства адукацыі, Міністэрства абароны і МУС адыгрываюць у гэтым працэсе ключавую ролю.
4. Формы мілітарысцкага выхавання
Школьныя мерапрыемствы: дзеці наведваюць АМАП, ваенныя часці, атрымліваюць у рукі зброю, удзельнічаюць у «днях адчыненых дзвярэй» сілавых структур. Больш за палову ўсіх школьных мерапрыемстваў звязаны з тэмамі вайны, смерці і ахвярнасці.
Гульні і спаборніцтвы: з 9 гадоў дзеці залучаюцца ў мілітарысцкія гульні — «Зарнічка», «Зарніца», «Арляня», «Выклік», дзе выконваюць ролі сапёраў, санітараў, камандзіраў. Некаторыя этапы ўключаюць імітацыю баявых дзеянняў і нават "абкатку танкамі". Рэжым заяўляе, што кожны год у гульнях такога кшталту ўдзельнічаюць больш за 35 тысяч школьнікаў.
Ваенна-патрыятычныя класы і вучылішчы: па ўсёй краіне адкрыта сотні спецыялізаваных класаў, у якіх вучацца тысячы дзяцей. Толькі да пачатку 2023 года ў Беларусі функцыянавала 968 аб'яднанняў ваенна-патрыятычнага профілю, у якіх займалася больш за 14 500 навучэнцаў.
Летнія лагеры і клубы: толькі летам 2023 года дзейнічала больш за 700 ваенна-патрыятычных лагераў пры воінскіх часцях, дзе праходзілі «падрыхтоўку» каля 27 тысяч дзяцей. Толькі МУС стварыла каля 300 ваенна-патрыятычных клубаў для дзяцей, у якіх «выхоўваецца» каля 8 000 дзяцей.
Адукацыйныя праграмы: у школах існуе прадмет «Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка» (колькасць гадзін на яго павяліччана), а Міністэрства адукацыі закупляе ціры для масавага навучання стральбе (да новага 2024 навучальнага года закупіла для сярэдніх школ 191 мультымедыйны цір).
5. Ідэалагічны складнік
Рэжым укараняе ў дзяцей перакананне, што свет дзеліцца на «герояў» і «ворагаў». Ваенная сімволіка, рытуалы, адзіная форма, лозунгі і флагі фарміруюць калектыўнае пачуццё прыналежнасці і паслухмянасці. Мэта — выхаваць грамадзян, гатовых беспярэчна падпарадкоўвацца загадам улады.
6. Фінансаванне і кантроль
Працэс мілітарызацыі падтрымліваецца як цэнтралізавана так і праз фонды і структуры псеводграмадзянскай суполнасці (фонд «Маладая гвардыя», грамадскае аб'яднанне «Патрыёты Беларусі»). Пракуратура выступае як галоўны кантралёр і ідэалагічны наглядчык за рэалізацыяй праграм «патрыятычнага выхавання».
7. Наступствы
Масавая мілітарызацыя падрывае сістэму адукацыі, разбурае каштоўнасці гуманізму і крытычнага мыслення. Дзеці растуць са скажоным успрыманнем свету, дзе гвалт і падпарадкаванне лічацца нормай. Гэта фармуе пакаленне, пазбаўленае здольнасці да свабоднага выбару і адказнасці.
Даклад кваліфікуе тое, што адбываецца, як парушэнне міжнародных абавязацельстваў Беларусі па абароне правоў дзіцяці і заклікае міжнародную супольнасць звярнуць увагу на выкарыстанне дзяцей у ідэалагічных і ваенных мэтах.
8. Асноўная выснова
Рэжым Лукашэнкі ператварае дзяцей у інструмент палітычнага выжывання. Сістэмная мілітарызацыя дзяцінства — не прыватны эпізод, а прадуманая дзяржаўная стратэгія, накіраваная на ўзнаўленне аўтарытарнай сістэмы і прыгнечанне будучай свабоды Беларусі.
Мы будзем звяртацца да бацькоў сумесна супрацьстаяць задумам рэжыму, а таксама міжнародным структурам (ЮНІСЕФ і ЮНЕСКА, Камітэт ААН па правах дзіцяці) уважліва паставіцца да такой жахлівай з'явы ў Беларусі як мілітарызацыя дзяцінства.










Comments