Рыхтуецца рэзалюцыя Еўрапарламента па сітуацыі ў Беларусі
- Oct 13
- 2 min read
Updated: Oct 15

Фракцыя «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» па просьбе і ва ўзаемадзеянні з чальцамі дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю, якая рыхтуе рэзалюцыю па Беларусі, у суботу і нядзелю працавала над унясеннем прапаноў у праект рэзалюцыі Еўрапейскага парламента.
Наша фракцыя ініцыявала некалькі важных дапаўненняў, якія датычныя сённяшняй сітуацыі ўнутры Беларусі і сітуацыі з дэмакратычнымі сіламі па-за межамі Беларусі.
Мы прапанавалі дэпутатам Еўрапарламенту пры прыняцці рэзалюцыі ўзяць пад увагу рэзалюцыі ПАРЕ ад 24 чэрвеня 2025 года «Прававыя і праваабарончыя аспекты агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны», у якой на Лукашэнку ўскладаецца адказнасць за незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіну у/праз Беларусь, і рэзалюцыю ПАРЕ ад 9 красавіка 2025 года «Агрэсіўная вайна Расіі супраць Украіны: неабходнасць забеспячэння прыцягнення да адказнасці і недапушчальнасць беспакаранасці», у якой падкрэсліваецца, што юрысдыкцыя Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны павінна распаўсюджвацца на акт агрэсіі, здзейснены вышэйшым ваенна-палітычным кіраўніцтвам рэжыму Лукашэнкі.
Мы прапанавалі да разгляду ў рамках рэзалюцыі заклікаць ЕС і яго дзяржавы-члены падтрымаць зварот урада Літвы ў Міжнародны крымінальны суд наконт расследавання беларускай сітуацыі ў сувязі са здзяйсненнем прадстаўнікамі рэжыму транснацынальных злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа.
Мы таксама акцэнтавалі ўвагу на тым, што найважнейшымі умовамі нармалізацыі адносін паміж ЕС і Беларуссю, апрача спынення рэпрэсій і вызвалення ўсіх палітзняволеных, мусіць стаць поўная дэкрыміналізацыя грамадска-палітычнага жыцця ў краіне і пачатак нацыянальнага дыялогу для пераадолення глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі.
Наша фракцыя прапанавала Еўрапарламенту ў праект рэзалюцыі ўключыць падтрымку ключавым інстытутам беларускіх дэмакратычных сіл: Аб'яднанаму Пераходнаму Кабінету Беларусі і Каардынацыйнай Радзе, а таксама арганізацыям беларускай грамадзянскай супольнасці. Выказасць важнасць фінансавай падтрымкі дэмакратычных інстытутаў, незалежных СМІ і арганізацый грамадзянскай супольнасці з улікам спынення падтрымкі з боку ЗША.
Разгляд і магчымае прыняцце Еўрапарламентам рэзалюцыі плануецца на гэтым тыдні падчас пасяджэння Еўрапарламента. У дакуменце плануецца шырока і змястоўна прадставіць ацэнку бягучай сітуацыі ў Беларусі і ўнесці шэраг прапаноў да далейшай стратэгіі ЕС адносна Беларусі.
«Нашай фракцыяй таксама ўнесены іншыя прапановы, на пазітыўны разгляд якіх мы спадзяёмся. Мы заўсёды адзначалі прынцыповую пазіцыю Еўрапейскага парламента адносна ацэнкі беспрэцэдэнтнага ўзроўню рэпрэсій у нашай краіне і важнасці працягу ціску на рэжым Лукашэнкі, а таксама падтрымкі дэмакратычнага імкнення беларускага народа», — адзначыў чалец Каардынацыйнай Рады Павел Латушка.










Comments