Швецыя будзе трымаць беларускі парадак дня на высокім узроўні ў ЕС
- 4 days ago
- 2 min read

Пытанні, звязаныя з дзеяннямі, накіраванымі на вызваленне палітычных зняволеных, санкцыйнай палітыкай у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, дзейнасцю дэмакратычных інстытутаў Беларусі, абмяркоўваліся падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі з новым прадстаўніком МЗС Швецыі па сувязях з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, паслом Патрыкам Свэнсанам і кіраўніцай упраўлення Усходняй Еўропы дэпартамена Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі МЗС Швецыі Тове Венергрэн. Сустрэча адбылася ў Варшаве, у ёй таксама прыняў удзел спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан.
Падчас сустрэчы Павел Латушка прадставіў інфармацыю пра працу Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і Кабінета, накіраваную на прыцягненне Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа, за ваеннае злачынства — дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны і за акт агрэсіі супраць Украіны.
Намеснік кіраўніцы Кабінета звярнуўся да шведскага боку з просьбай аб падтрымцы дзейнасці па прыцягненні прадстаўнікоў рэжыму да адказнасці і адзначыў важнасць такой падтрымкі з боку краін-членаў Еўрапейскага саюза.
Пры абмеркаванні пытанняў палітычных зняволеных асабліва было адзначана, што на сённяшні дзень гэтая сітуацыя выглядае як бесперапынны канвеер, і, нягледзячы на тое, што адбылося вызваленне невялікай групы палітычных зняволеных, рэжым Лукашэнкі працягвае маштабаваць рэпрэсіі ў Беларусі.
Шведскі дыпламат адзначыў, што мэтай ягонай працы будзе працяг падтрымкі Швецыі для дэмакратычных сіл Беларусі. Адзначыў, што шведскі ўрад зыходзіць з доўгатэрміновай стратэгіі падтрымкі дэмакратычных памкненняў беларусаў. Асобна падкрэсліў, што Швецыя заўсёды рабіла і будзе рабіць захады, накіраваныя на тое, каб трымаць фокус увагі да беларускага парадку дня на максімальна высокім узроўні ў Еўрапейскім Саюзе.
«Швецыя заўсёды займала асаблівую вядучую ролю ў падтрымцы дэмакратычных памкненняў беларускага грамадства. Мы высока цэнім пазіцыю ўрада Швецыі і гатоўнасць стратэгічна падтрымліваць беларусаў у імкненні да дэмакратычных зменах у нашай краіне. Спадзяюся на плённае супрацоўніцтва з новым прадстаўніком МЗС Швецыі па сувязях з беларускімі дэмакратычнымі сіламі»,
— адзначыў Павел Латушка.










Comments