top of page

Справаздача Прадстаўніцтва 
па транзіце ўлады Аб’яднанага Пераходнага Кабінета

ree

Шаноўныя калегі, паважаныя сябры Каардынацыйнай рады!

Вітаю вас на нашай чарговай справаздачнай сустрэчы. Для кожнай дэмакратычнай дзяржавы з'яўляецца нормай, калі выканаўчая ўлада, якую прадстаўляе Аб'яднаны Пераходны Кабінет, і прадстаўнічая ўлада, якую прадстаўляе Каардынацыйная рада, робяць справаздачу аб сваёй працы перад грамадствам. І сённяшняя справаздача — гэта не проста звычайная сустрэча, а сімвал таго, якой павінна быць сістэма ўлады ў новай, дэмакратычнай Беларусі.

За апошнія два гады, са жніўня 2023 па жнівень 2025, Прадстаўніцтва Кабінету па транзіце ўлады, якое я ўзначальваю, вяло мэтанакіраваную працу па ключавых стратэгічных напрамках. Мы распрацавалі і паслядоўна рэлізоўвалі Стратэгію міжнароднай адказнасці рэжыму, узмацнялі санкцыйны ціск на рэжым, працягвалі рыхтаваць кадравы рэзерв, дапамагалі нашым суайчыннікам у пытаннях легалізацыі, распрацоўвалі план транзіту ўлады і вялі актыўную барацьбу з дэзынфармацыяй.

Адначасова з гэтым і перад тым, як мы пачнем слуханні асноўнай часткі справаздачы, я б хацеў адзначыць нашае агульнае дасягенне — а менавіта працоўную сінергію і адзінства, якія мы маем сёння паміж Аб’яднаным Пераходным Кабінетам і абранай Каардынацыйнай радай III склікання. Акрамя таго, хацеў бы выказаць словы падзякі Каардынацыйнай радзе за прыняцце шэрагу важных дакументаў, такіх як:

  1. Рэзалюцыя Каардынацыйнай рады «Аб зваротах па спрашчэнні візавага рэжыму і паляпшэнні памежнага руху ў дачыненні да беларусаў»;

  2. Заява Каардынацыйнай рады «Аб падтрымцы зварота Літвы ў Офіс Пракурора Міжнароднага крымінальнага суда з заклікам раследваць экстэрытарыяльныя злачынства супраць чалавечнасці ў беларускай сітуацыі»;

  3. Дэкларацыя Каардынацыйнай Рады Беларусі па выніках слуханняў «Аб адказнасці Аляксандра Лукашэнкі за злачынствы»;

  4. Зварот Каардынацыйнай рады з нагоды гадавіны пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну;

  5. Зварот Каардынацыйнай Рады Беларусі  «Аб уключэнні ў спіс абмену ваеннапалоннымі грамадзян Беларусі»;

  6. Заява Каардынацыйнай рады Беларусі ў сувязі са стварэннем Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны.

Гэта дакументы, якія маюць стратэгічнае значэнне для нашай дзейнасці і стратэгіі дэмакратычных сіл. 

А зараз дазвольце мне перайсці да больш падрабязнага агляду нашай дзейнасці ў справаздачны перыяд.

Прыцягненне рэжыму да атказнасцi

Стратэгія дасягнення адказнасці

ree

Дэмакратыя ў Беларусі па-сапраўднаму пераможа тады, калі наступіць адказнасць. Гэта крэда штодзённай дзейнасці, звязанай з адным з найбольш запатрабаваных з боку беларускага грамадства накірункаў нашай працы. А менавіта — стварэнне ўмоў для аднаўлення справядлівасці ў дачыненні да ахвяр злачынстваў рэжыму Лукашэнкі і прыцягнення вінаватых да адказнасці.

Так, у 2023 годзе Прадстаўніцтвам была распрацаваная і прынятая да рэалізацыі Стратэгія дасягнення адказнасці за масавыя злачынствы ў Беларусі. Рэалізацыя гэтай Стратэгіі фактычна пачалася адразу пасля мінулай справаздачы перад Каардынацыйнай радай у жніўні 2023 года. У межах дадзенай Стратэгіі прадугледжваецца дасягненне адказнасці праз:

  • перш за ўсё стымуляванне расследавання злачынстваў рэжыму Офісам пракурора Міжнароднага крымінальнага суда;

  • расследавання згаданых злачынстваў нацыянальнымі праваахоўнымі органамі на падставе прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі;

  • уключэння ў юрысдыкцыю Спецыяльнага трыбунала за злачынства агрэсіі супраць Украіны паўнамоцтваў на расследаванне злачынства агрэсіі, учыненага вышэйшым ваенна-палітычным кіраўніцтвам рэжыму Лукашэнкі;

  • а таксама ініцыявання разгляду справы супраць Беларусі ў Міжнародным Судзе ААН за парушэнне міжнародных абавязацельстваў. Улічваючы асаблівасці міжнародных злачынстваў, здейсненых рэжымам, прынятая Стратэгія надае абсалютны прыярытэт механізму Міжнароднага крымінальнага суда як сродку дасягнення справядлівасці.

МКС: Гістарычны крок Літвы

ree

У верасні 2023 года як Прадстаўнік Кабінету па транзіце ўлады я ўзначаліў беларускую дэлегацыю на кансультацыях з Міністэрствам юстыцыі Літвы, па выніках якіх была ініцыявана праца па перадачы беларускай сітуацыі ў Офіс пракурора МКС на падставе артыкула 14 Рымскага статута, якая звязана з дэпартацыяй і пераследам беларусаў як злачынствамі супраць чалавецтва. Роўна праз год, 30 верасня 2024 года, пасля збору неабходнай інфармацыі і выканання ўнутрыдзяржаўных працэдур, Урад Літвы зрабіў па-сапраўднаму гістарычны крок у дасягненні адказнасці ў Беларусі, рэалізаваўшы працэдуру паводле артыкула 14. Можна сказаць, што дзякуючы нашай працы ўпершыню ў гісторыі Беларусь афіцыйна з’явілася на мапе міжнароднага правасуддзя.

Мы як ніколі блізкія да адчувальнага выніку дадзенай працы менавіта для ахвяр. Аднак яшчэ шмат чаго трэба зрабіць. Ключавым выклікам для нас сёння з'яўляецца неабходнасць пазбегнуць фрагментацыі магчымасцей аднаўлення правоў для ахвяр гэтых злачынстваў. Прасцей кажучы, пазбегнуць сітуацыі, пры якой ахвяры, якія знайшлі прытулак у адной краіне і пераследуюцца рэжымам экстэрытарыяльна, мелі б менш магчымасцей на аднаўленне справядлівасці, чым тыя, хто знайшлі прытулак у іншых краінах.

Пазбегнуць гэтага можна, калі б усе краіны, у якіх знаходзіцца вялікая колькасць ахвяр з Беларусі, таксама як і Літва, рэалізавалі б працэдуру па артыкуле 14 Рымскага Статута або Офіс пракурора МКС прыняў бы рашэнне самастойна распачаць расследаванне гэтага кантэксту ў гэтых краінах. Мы будзем дабівацца таго, каб ва ўсіх ахвяр былі роўныя магчымасці.

Незаконнае перамяшчэнне дзяцей: МКС

ree

Адначасова мы працягвалі пачатую вясной 2023 года працу па прыцягненню рэжыму да адказнасці за ваенныя злачынствы. Была падрыхтаваная Другая Камунікацыя на падставе артыкула 15 Рымскага статута аб незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Вынікам стала асабістая перадача адпаведнай Камунікацыі ў Офіс пракурора ў лістападзе 2023 года. Офіс пракурора расследуе названыя факты. Нагадаю, што па сённяшней ацэнцы перамяшчэнню ў Беларусь падвергнулася не менш як 3 500 украінскіх дзяцей, сярод якіх і дзеці-сіроты.

Незаконнае перамяшчэнне дзяцей: адвакацыя

ree

Прадстаўніцтва АПК па транзіце дамаглося ўключэння пытання падтрымкі адказнасці за незаконнае перамяшчэнне дзяцей у рэзалюцыю Еўрапейскага Парламенту ад 13 верасня 2023 года. У рэзалюцыі адзначаецца што такія дзеянні патэнцыйна складаюць ваеннае злачынства, якое трапляе ў юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда, і заклікаецца ўключыць адказных у санкцыйныя спісы. Супрацоўніцтва прадстаўніка АПК з беларускімі і міжнароднымі экспертамі садзейнічала таму, што заяўленае пытанне было адлюстравана ў заявах арганізацый падчас летняй сесіі Савета ААН па правах чалавека 2024 года. У межах шырокай адвакацыйнай кампаніі АПК па адказнасці за дадзеныя злачынства, адпаведныя факты атрымалі шырокае асвятленне ў СМІ, як беларускіх, украінскіх, так і міжнародных.

Мы можам адзначыць, что адным з вынікаў працы і адвакацыі з’яўляецца прыпыненне практыкі ўвозу непаўналетніх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь у перыяд са студзеня па май 2025 года.

Універсальная юрысдыкцыя

ree

З 2023 года Прадстаўніцтва АПК вядзе адвакацыйную кампанію па стымуляванні расследавання злачынстваў прадстаўнікоў рэжыму нацыянальнымі прававымі сістэмамі на падставе прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі. Інфармацыя, сабраная Прадстаўніцтвам па транзіце, ужо ўключана ў матэрыялы крымінальных спраў ва Украіне і Літве, што датычацца незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Дзякуючы дапамозе Прадстаўніцтва па транзіце, у Польшчы ў ліпені 2024 года ўпершыню быў створаны прэцэдэнт па справе, якая тычыцца абставінаў ужывання сілавікамі рэжыму Лукашэнкі катаванняў і іншых негуманных метадаў абыходжання. Гэты прэцэдэнт дазваляе разлічваць на больш шырокае прымяненне ўніверсальнай юрысдыкцыі для расследавання злачынстваў супраць беларусаў, якія падвяргаліся пераследу з боку рэжыму.

Спецтрыбунал па Украіне

ree

Важным накірункам працы з’яўляецца прыцягненне вышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва Беларусі да адказнасці за злачынства агрэсіі супраць Украіны. З верасня 2023 года Прадстаўніцтва па транзіце актыўна вяло адвакацыйную працу з краінамі, што ўваходзілі ў групу па стварэнні Спецыяльнага трыбунала за злачынства агрэсіі супраць Украіны, з мэтай уключэння ў юрысдыкцыю гэтага трыбунала паўнамоцтваў на расследаванне злачынства агрэсіі, учыненага вышэйшым ваенна-палітычным кіраўніцтвам рэжыму Лукашэнкі. Гэтая мэта была паспяхова дасягнута. У чэрвені гэтага года было падпісана Пагадненне паміж ПАСЕ і Украінай аб стварэнні названага Спецтрыбунала, якое надае яму адпаведную юрысдыкцыю.

Міжнародны Суд ААН

ree

На дадзены момант Прадстаўніцтва працуе з шэрагам краін з мэтай ініцыявання справы ў Міжнародным Судзе ААН за парушэнне абавязацельстваў Беларусі ў межах шматбаковых дагавораў. Мы вымушаны абмежавацца гэтым тэзісам, бо такая праца патрабуе максімальнай канфідэнцыйнасці. Аднак нядаўні досвед Літвы па падачы такой справы ў Міжнародны суд ААН за парушэнне абавязацельстваў Беларусі у межах Пратакола супраць незаконнага ўвозу мігрантаў, які дапаўняе Канвенцыю ААН супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці, сведчыць пра важнасць і перспектыўнасць гэтай працы.

Агульная ацэнка вынікаў

ree

Прадстаўніцтва не будзе сціплым, ацэньваючы вынікі працы ў кірунку дасягнення адказнасці. Гэта праца, за якую не сорамна перад беларусамі і тысячамі ахвяр злачынстваў у Беларусі. А кажучы прама – сотнямі тысяч ахвяр. Бо па сённяшняй ацэнцы ахвярамі экстэрытарыяльных злачынстваў супраць чалавецтва могуць з'яўляцца каля 600 000 чалавек альбо каля 6,5% насельніцтва Беларусі. Гэта шакуючая лічба, але справядлівасць будзе дасягнута, мы працуем на гэта штодня.

І за апошнія два гады (і я кажу гэта без пафасу) — былі рэалізаваны сапраўды гістарычныя ініцыятывы. Прадстаўніцтва, наша каманда, мы перакананыя, што прэцэдэнты, якія зараз ствараюцца ў рамках механізма Міжнароднага крымінальнага суда па беларускай сітуацыі, стануць не толькі прыкладам для дасягнення справядлівасці ў аналагічных выпадках у іншых краінах, але і ўвойдуць у гісторыю новай Беларусі.

Санкцыйны цiск

Санкцыі як інструмент ціску

ree

Адказнасць рэжыму за яго злачынныя дзеянні і рэпрэсіўна-агрэсіўную палітыку мае яшчэ адно сумежнае вымярэнне. І гэта другі з найважнейшых напрамкаў працы Прадстаўніцтва — санкцыйны ціск на рэжым. Аднак, тут важна адразу дакладна пазначыць розніцу, каб правільна тлумачыць інструмент санкцый і яго стратэгічныя задачы. 

Санкцыі — гэта не проста мера адказнасці, а, што нашмат важней, ключавы інструмент прымусу, накіраваны на змену рэпрэсіўнай унутранай і агрэсіўнай знешняй палітыкі рэжыму Лукашэнкі. І мы цвёрда стаім на гэтай пазіцыі — санкцыі неабходна нарошчваць, пакуль рэжым не пачне рэальна, а не касметычна мяняць сваю палітыку. Лукашэнка лепш за ўсіх ведае, што трэба зрабіць, каб санкцыі былі зняты. Яму ня трэба гэта тлумачыць. 

У гэтым сэнсе таксама важна адзначыць, што гісторыя сучаснай Беларусі паказвае, што санкцыі, як інструмент для змены палітыкі, сапраўды спрацоўвалі: пад іх ціскам Лукашэнка вымушаны быў вызваляць палітвязняў і ісці на пэўную лібералізацыю. І менавіта наяўнасць і перспектыва зняцця санкцый застаецца краевугольнай умовай для дасягнення прагрэсу ў спыненні рэпрэсій і вызвалення нашых суграмадзян з турмаў рэжыму.

Эвалюцыя санкцыйнай палітыкі ЕС

ree

Сукупна на сёння мы маем 14 пакетаў эканамічных, персанальных або змешаных санкцый ЕС супраць рэжыму Лукашэнкі, прынятых з 2020 па 2025 год. 

Храналогія ключавых пакетаў

ree

Пачалося ўсё ў кастрычніку 2020 года з персанальных абмежаванняў, якія хутка пашырыліся на ваенныя прадпрыемствы і буйныя кампаніі. Пераломным момантам стаў чэрвень 2021 года пасля інцыдэнту з Ryanair, калі былі ўведзены першыя сектаральныя санкцыі, закрануўшыя калій, нафтапрадукты і фінансавы сектар, а таксама такія гіганты, як БелАЗ і МАЗ. З пачаткам вайны ва Украіне ў 2022 годзе меры значна ўзмацніліся: адключэнне ад SWIFT, забарона на транзіт грузаў і шырокія гандлёвыя абмежаванні. Апошнія гады, 2023-2025, былі адзначаны актыўнай гарманізацыяй гандлёвых санкцый з Расіяй, каб закрыць шляхі абыходу абмежаванняў, і да пачатку 2025 года 90% гандлёвых санкцый былі гарманізаваны.

Вынікі санкцый: Еўрапейскі Саюз

ree

Дзякуючы ў тым ліку нашай працы, на сённяшні дзень пад санкцыямі ЕС знаходзяцца 312 фізічных і 47 юрыдычных асоб.

Ключавыя вынікі па нашых прапановах

ree

Мы актыўна прасоўвалі ўключэнне ў спісы дзясяткаў суддзяў, якія выносілі незаконныя прысуды, кіраўнікоў месцаў утрымання палітвязняў і прапагандыстаў. Сярод нашых канкрэтных дасягненняў — уключэнне ў санкцыйны спіс кіраўніцтва ЦВК і вядомага прыхільніка «ускага свету» Алега Раманава. 

Абыход санкцый праз банкі

ree

Асабліва важна адзначыць наш поспех у барацьбе з абыходам санкцый: пасля нашага звароту і прадастаўлення аналітычных матэрыялаў, у чэрвені 2024 года пад санкцыі трапіў расійскі аналаг SWIFT — СПФС, а ў лютым 2025 года — Белгазпрамбанк і Банк БелВЭБ.

Вынікі санкцый: ЗША і Саюзнікі

ree

Акрамя Еўрапейскага Саюза, ЗША таксама ўвялі беспрэцэдэнтныя санкцыі, у тым ліку уключыўшы ў спіс SDN 105 юрыдычных і больш за 100 фізічных асоб. Пасля пачатку вайны ва Украіне санкцыйныя меры былі ўзмоцнены. Адным з нашых значных дасягненняў стала ўключэнне ўсіх паветраных транспартных сродкаў Лукашэнкі, у тым ліку яго Борта №1, у санкцыйны спіс ЗША. Канада і Вялікабрытанія таксама ўвялі свае абмежаванні як сектаральныя, так і блакуючыя.

Санкцыі за незаконны вываз украінскіх дзяцей

ree

Асабліва важна падкрэсліць санкцыі, уведзеныя ЕС, ЗША і Канадай за незаконны вываз украінскіх дзяцей, што стала вынікам нашай мэтанакіраванай працы. 

Іншыя санкцыі

ree

Увогуле, 18 краін свету, апрача ЕС, уключаючы Японію і Аўстралію, далучыліся да санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, а Сусветны банк і ЕБРР прыпынілі фінансаванне Беларусі.

Наш унёсак у санкцыйную палітыку

ree

Наша роля ў санкцыйнай палітыцы шматгранная: мы каардынуем намаганні, рыхтуем абгрунтаванні, лабіруем і прасоўваем прапановы. Мы рэгулярна перадаем нашы пазіцыі і прапановы ў Еўракамісію, урады ЗША, Вялікабрытаніі, Канады і Украіны, агулам накіраваўшы больш за 100 лістоў. Праводзяцца асабістыя сустрэчы з ключавымі асобамі, такімі як спецпрадстаўнік ЕС па санкцыях Дэвід О'Саліван.

Канкрэтныя прапановы па персанальных санкцыях

ree

ree

Таксама мы прапанавалі санкцыі супраць 13 прадпрыемстваў ВПК і буйных прапагандысцкіх устаноў. Зразумела, што мы не адзіныя, хто займаецца санкцыйным ціскам. Мы ўдзячныя ўсім, хто працуе ў гэтым напрамку, асабліва журналістам-расследавальнікам і такім арганізацыям, як Белпол, Байпол і Кіберпартызаны.

Выклікі і эфектыўнасць санкцый

ree

Часта задаюць пытанне: чаму санкцыі недастаткова эфектыўныя? Эфектыўнасць санкцый залежыць ад некалькіх крытэрыяў: аператыўнасці, прэвентыўнасці, сінхроннасці, маштабнасці і гарманізацыі. На жаль, не заўсёды ўсе гэтыя ўмовы выконваюцца. Праблема ў тым, што санкцыі ўводзяцца па розных падставах — не толькі за парушэнні правоў чалавека, але і за інцыдэнт з Ryanair, міграцыйны крызіс або саўдзел у расійскай агрэсіі. Таксама мы сутыкаемся з недахопам палітычнай волі ў некаторых партнёраў і перагрузкай іх службаў санкцыйнай тэматыкай з-за прыярытэту санкцый супраць Расіі. Тым не менш, мы бачым, што назапашаныя санкцыі ўжо аказваюць істотны ўплыў, і наша мэта — прымусіць Лукашэнку рэальна мяняць сваю палітыку.

Санкцыі працуюць: ціск на эканоміку

ree

Сітуацыя ў эканоміцы для рэжыма сур’ёзна пагаршаецца. Санкцыі працуюць: дэфіцыт знешняга гандлю Беларусі працягвае расці. Па выніках першага паўгоддзя 2025 года дэфіцыт знешняга гандлю Беларусі таварамі склаў 3,18 млрд. долараў, што на 83% больш, чым за той жа перыяд мінулага года. Экспарт упаў на 3,7% — да 19 млрд даляраў,

Імпарт, наадварот, вырас на 3,3% — да 22,19 млрд даляраў.

Лічбы гавораць самі за сябе: эканоміка рэжыму не спраўляецца з санкцыйным ціскам. Страты нарастаюць, перакосы ўзмацняюцца. Абяцанні «пераарыентацыі» і «эканамічнага цуду» з усходнім вектарам на практыцы абяртаюцца эканамічным крызісам. Гэтыя дадзеныя — нагляднае пацвярджэнне таго, што санкцыі працуюць. Яны б'юць па рэсурсах, якія рэжым Лукашэнкі накіроўвае на рэпрэсіі і падтрымку вайны. І яны павінны захоўвацца і ўзмацняцца, пакуль рэжым не зменіць гэтую палітыку.

Супрацьдзеянне міфам 

ree

Давайце разбярэм некалькі папулярных міфаў, якія выкарыстоўваюць крытыкі санкцыяў. Першы — што санкцыі ўштурхоўваюць Беларусь у Расію. Гэта абсалютна не так. Лукашэнка сам з першага дня свайго кіравання мэтанакіравана ўцягвае Беларусь у абдымкі Расійскай Федэрацыі. Калі ён хоча змяніць гэты курс, ён ведае, што рабіць: спыніць рэпрэсіі, саўдзел у вайне і вызваліць палітвязняў.

Другі міф — зняцце санкцый з Лукашэнкі і адначасовая дапамога Украіне (у прыватнасці, далучэнне да шэрагаў добраахвотнікаў). Але ж гэта абсалютна супярэчлівы папулізм, бо зняццё санкцыяў з Лукашэнкі будзе дапамогай Расіі ў працягу вайны. Наша пазіцыя — у адказ на рэальную змену палітыкі рэжыму магчымае прыпыненне, а не адразу поўная адмена санкцый, бо Лукашэнку нельга верыць на слова. Толькі канкрэтныя і трывалыя змены палітыкі могуць быць падставай для адмены санкцый.

Далейшыя планы

ree

Мы працягнем нашу працу па падрыхтоўцы абгрунтаванняў для новых санкцыйных спісаў, адвакатаванні захавання і гарманізацыі існуючых абмежаванняў, а таксама па інфармаванні грамадства пра шкоду контрсанкцый, якія ўводзіць Лукашэнка. 

Наша мэта — незалежная, свабодная, дэмакратычная еўрапейская Беларусь без палітвязняў, рэпрэсій і агрэсіі да суседзяў.

Кадравы рэзерв

Што такое «Кадравы Рэзерв»

ree

Каб быць гатовымі да пераходу ад бягучага стану нашай дзяржавы да устойлівай дэмакратыі з устойлівымі дзяржінстытутамі, мы павінны стварыць адпаведны Кадравы рэзерв. Пытанне падрыхтоўкі прафесійных кадраў неабходна вырашаць ужо зараз, каб мінімізаваць той кадравы вакуум, з якім Новая Беларусь непазбежна сутыкнецца ў пераходны перыяд.Важным дасягненнем дзейнасці Прадстаўніцтва па транзіце ўлады у гэтым напрамку з’яўляецца рэалізацыя праграмы «Кадравы Рэзерв» — ініцыятывы, накіраванай на стварэнне супольнасці прафесіяналаў, гатовых узяць на сябе адказнасць за аднаўленне і развіццё дэмакратычнай Беларусі. 

«Кадравы Рэзерв» — гэта не проста навучальны праект, а дзейная платформа для кансалідацыі будучых кадраў у пераходны і постпераходны перыяд. Ва ўмовах вымушанай эміграцыі і дэструкцыі дзяржаўных інстытутаў у Беларусі, падрыхтоўка новага пакалення кадраў з’яўляецца прыярытэтам для дэмакратычных сіл, каб забяспечыць бесперапыннасць палітычнага і інстытуцыянальнага працэсу.

Дасягненні: Удзельнікі і патэнцыял

ree

За два гады кампанія «Кадравы Рэзерв» дасягнула значных вынікаў. Да нас далучыліся 329 чалавек за апошнія два гады, і агульная колькасць удзельнікаў перавысіла 700. Важна адзначыць, што больш за 30% з іх працягваюць знаходзіцца ў Беларусі. Нашы ўдзельнікі высокакваліфікаваныя: амаль 90% маюць вышэйшую адукацыю, а 54% — досвед кіравання. Мы таксама назіраем паляпшэнне гендарнага балансу.

Адукацыйная дзейнасць

ree

У адукацыйнай сферы праведзена навучальная праграма для 168 удзельнікаў, спецкурс «Шлях да дэмакратычнай Беларусі» для каля 100 чалавек, і актыўная праца над праектамі рэформаў, дзе было падрыхтавана 40 прапаноў і абмеркавана 6 законапраектаў з больш чым 600 каментарамі.

Дасягненні: Платформы, аналітыка, міжнародныя візіты

ree

Мы запусцілі эфектыўныя платформы для працы. Наша анлайн-платформа для абмеркавання рэформаў ахоплівае 6 сектараў і сабрала больш за 600 каментароў. Створана Кадравая матрыца для выбару прыярытэтных месцаў працы ў дзяржкіраванні. Удзельнікамі падрыхтавана 40 аналітычных прац, 10 з якіх апублікаваны на сайце. Акрамя таго, мы арганізавалі 7 адукацыйных візітаў у органы кіравання еўрапейскіх краін, у якіх прынялі ўдзел 84 чалавекі. Гэта дазваляе нашым рэзервістам атрымаць непасрэдны досвед міжнароднага і еўрапейскага кіравання.

Камунікацыі і бяспека

ree

Мы дасягнулі значнага медыйнага ахопу: за два гады апублікавана больш за 260 унікальных матэрыялаў. Нашы сацыяльныя сеткі, такія як Telegram, Facebook і Instagram, маюць сотні тысяч ахопу. Акрамя таго, 9 аналітычных відэа з удзелам нашых рэзервістаў набралі амаль 50 тысяч праглядаў. Бяспека з'яўляецца нашым прыярытэтам. Мы паспяхова вытрымалі дзясяткі кібератак, уключаючы моцную DDoS-атаку ў пачатку 2024 года, і наша база дадзеных засталася неўзламанай. На жаль, рэжым працягвае пераслед, і ўжо зафіксаваны 2 судовыя працэсы ў Беларусі, дзе людзей прымушалі прызнаць удзел у «Кадравым Рэзерве».

Узаемадзеянне з іншымі структурамі

ree

«Кадравы Рэзерв» актыўна ўзаемадзейнічае з ключавымі дэмакратычнымі структурамі. Мы супрацоўнічаем з Каардынацыйнай Радай у распрацоўцы рэформаў, з АПК — у падтрымцы платформаў і міжнародных кантактах, а з Офісам Святланы Ціханоўскай — у пошуку стажыровак і далучэнні ўдзельнікаў у іх каманду. НАУ дапамагае ў планаванні пераходнага перыяду, а Кангрэс рэгіянальных і мясцовых уладаў Савета Еўропы падтрымлівае нас у правядзенні семінараў па мясцовым самакіраванні. Асобная падзяка нашаму выкладчыцкаму калектыву, у тым ліку прадстаўнікам розных фракцый Каардынацыйнай Рады, АПК і Офіса Святланы Ціханоўскай, а таксама Святлане Мацкевіч, аўтарцы канцэпцыі адукацыйнага курса.

Далейшыя планы

ree

Нашы планы на бліжэйшы перыяд уключаюць працяг адукацыйных мерапрыемстваў, такіх як другі цыкл анлайн-семінараў па мясцовым самакіраванні і адукацыйны візіт у Германію. Асабліва важнай ініцыятывай з'яўляецца стварэнне Клубаў рэфарматараў у гарадах Еўропы. Гэтыя клубы будуць збіраць актыўных беларусаў, гатовых працаваць над распрацоўкай дакументаў, законапраектаў і пазітыўных кейсаў, як у афлайн, так і ў анлайн фарматах.

Заключэнне

ree

У заключэнне хачу падкрэсліць, што «Кадравы Рэзерв» — гэта не толькі пра будучыню, але і пра сучаснасць. Мы не проста рыхтуем спецыялістаў, але і ўжо сёння далучаем іх да дзейнасці па набліжэнні перамен у Беларусі. Мы ўпэўненыя, што сіла дэмакратыі — у людзях, і менавіта такіх людзей «Кадравы Рэзерв» дапамагае вылучыць, падрыхтаваць і аб’яднаць

«Новыя кадры для Новай Беларусі»

ree

У дадатак да праграмы «Кадравы рэзерв», мы робім асаблівы акцэнт на падрыхтоўцы дыпламатычных кадраў. Стратэгічна важный ініцыятывай у гэтым накірунку з'яўляецца праграма «Новыя кадры для Новай Беларусі». Яна была запушчана ў 2020 годзе Цэнтрам даследаванняў Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта пры падтрымцы Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Дзякуючы арганізацыйнай і фінансавай падтрымцы МЗС Польшчы, з канца 2020 года навучанне праводзіцца на рэгулярнай аснове. Мэта праграмы — сфарміраваць высокакваліфікаваны кадравы патэнцыял, які забяспечыць эфектыўную работу будучага МЗС Новай Беларусі.

Змест навучання і практычны ўплыў

ree

Навучальная праграма ахоплівае шырокі спектр прафесійных дысцыплін — ад асноў палітычнай тэорыі да міжнароднага заканадаўства і дыпламатычнага пратаколу. Навучанне праводзяць дасведчаныя еўрапейскія дыпламаты і выкладчыкі з замежных універсітэтаў, што гарантуе высокую якасць падрыхтоўкі. Што самае важнае, выпускнікі ўсіх пяці набораў ужо сёння актыўна ўдзельнічаюць у будаўніцтве будучай дэмакратычнай Беларусі, працуючы ў Каардынацыйнай радзе, Аб'яднаным пераходным кабінеце і іншых дэмакратычных структурах.

Дасягненні праграмы

ree

Толькі за справаздачны перыяд праграма «Новыя кадры для Новай Беларусі» падрыхтавала 35 выпускнікоў у рамках двух набораў. Агулам з моманту запуску ў 2020 годзе было падрыхтавана 96 спецыялістаў у пяці наборах. Гэта дазваляе нам ужо зараз казаць, што мы ўжо стварылі кадравую аснову, дастатковую для эфектыўнай работы Міністэрства замежных спраў Новай Беларусі.

Дапамога беларусам у пытаннях легалiзацыi

Аднаўленне працы групы па пытаннях легалізацыі беларусаў у Польшчы

ree

Акрамя адукацыйных праграм і фармавання Кадравага рэзерву для Новай Беларусі, клопаце пра будучыню, мы павінны не забывацца пра сучаснасць. І пра тую дапамогу, якой ужо зараз патрабуюць сотні тысячаў нашых суграмадзян, апынуўшыхся ў вымушанай эміграцыі. І тут хачу асобна спыніцца на нашай працы па дапамозе беларусам у пытаннях легалізацыі. Адно з ключавых дасягненняў Прадстаўніцтва  у гэтым накірунку — гэта аднаўленне працы рабочай групы па легалізацыі беларусаў пры Міністэрстве ўнутраных спраў Польшчы. На дадзены момант было праведзена ўжо два пасяджэнні і пяць двухбаковых сустрэч. Беларускі бок узначальваю я, як Прадстаўнік Кабінета, у склад групы таксама ўваходзіць намеснік Прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы. У пасяджэннях групы бяруць удзел прадстаўнікі Каардынацыйнай Рады і грамадскіх арганізацый. У прыватнасці, хацеў бы выказаць словы падзякі дэлегатцы Рады Вользе Карпушонак і кіраўніцы аб’яднання «Партызанка» Ганне Маціеўскай.

Вынікі пасяджэнняў групы

ree

Па выніку сустрэч мы падрыхтавалі пакет прапаноў аб зменах у Законе «Аб замежніках». Гэтыя прапановы ўключаюць павелічэнне тэрміну дзеяння часовага пасведчання асобы з трох да шасці месяцаў і наданне падарожнаму дакументу статусу дакумента, які пацвярджае асобу. Таксама мы забяспечылі тэрміновы разгляд 14 складаных спраў былых палітвязняў. Наша галоўная задача — максімальна спрыяць працэсу легалізацыі беларусаў у Польшчы.

Уплыў на міграцыйную стратэгію Польшчы

ree

Намеснік Прадстаўніка па транзіце ўлады з'яўляецца ўдзельнікам Працоўнай групы па супрацоўніцтве з недзяржаўнымі арганізацыямі пры Міжведамаснай групе па міграцыі на чале з намесікам міністра ўнутраных спраў Польшчы. Наша галоўная мэта ў гэтай групе — лабіяванне інтарэсаў беларусаў пры распрацоўцы і рэалізацыі новай Міграцыйнай стратэгіі Польшчы на 2025-2030 гады. Гэта дазваляе нам уносіць прапановы ў доўгатэрміновыя рашэнні, якія закранаюць тысячы беларусаў.

Візавая падтрымка і сувязь з Беларуссю

ree

Візавая падтрымка беларусаў — яшчэ адзін важны напрамак. Мы пастаянна ўздымаем гэтыя пытанні на ўсіх сустрэчах і аказваем індывідуальную падтрымку ў складаных выпадках. Сумесна з Асацыяцыяй былых палітзняволеных "Да Волі" мы аказалі дапамогу ў атрыманні гуманітарных віз больш чым 150 асобам. Акрамя таго, пры падтрымцы Каардынацыйнай Рады мы дамагліся рашэння польскага боку, якое дазваляе асобам пад міжнароднай абаронай накіроўваць запрашэнні сваім блізкім сваякам. Наша галоўная мэта — забяспечыць сувязь з беларусамі ў Беларусі і магчымасць тэрміновай эвакуацыі пры неабходнасці.

Разам з тым, варта разумець, нажаль, і тое, што працэсы міграцыі і легалізацыі ў Польшы будуць строгія. Лукашэнка стварае занадта шмат выклікаў для бяспекі Польшчы і дзяржава вымушана на іх рэагаваць, што ў тым ліку адбіваецца на працэсах міграцыі, выдачы візаў, легалізацыі. Наш выклік — пераконваць, што нельга кідаць усіх беларусаў у адзін кацёл. Але трэба разумець, што Лукашэнка будзе нарошчваць свае намаганні для дыскрэдытацыі беларусаў і стварэнню пагроз для бяспекі Польшчы. І адказнасць за складанасці, з якімі сутыкаюцца зараз беларусы, ляжыць менавіта на ім.

Сацыяльнае забеспячэнне і пенсіі

ree

Мы таксама актыўна працуем над пытаннямі сацыяльнага забеспячэння. Пасля шэрагу сустрэч з віцэ-міністрам сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі і прадстаўнікамі Службы сацыяльнага страхавання Польшчы (ZUS) былі дасягнуты важныя дамоўленасці. ZUS падрыхтуе памятку на беларускай мове з падрабязнымі тлумачэннямі парадку звароту за прызначэннем пенсіі для беларусаў, якія пражываюць у Польшчы. Таксама плануецца арганізацыя сустрэчы з прадстаўнікамі ZUS у Варшаве, якая будзе транслявацца анлайн для беларусаў па ўсёй Польшчы. Дадаткова, па нашай прапанове, разглядаецца рашэнне па арганізацыі сацыяльнага забеспячэння для беларусаў пенсійнага веку, якія знаходзяцца ў статусе міжнароднай абароны.

Адкрыццё банкаўскіх рахункаў

ree

Важным крокам для паўсядзённага жыцця беларусаў у Польшчы стала вырашэнне праблемы з адкрыццём банкаўскіх рахункаў. Дзякуючы нашай метадычнай і паслядоўнай камунікацыі з Камісіяй фінансавага нагляду Польшчы, мы дамагліся, каб банкі пачалі адкрываць рахункі на падставе часовага пасведчання асобы, якое выдаецца на час разгляду справы аб наданні міжнароднай абароны. Гэта значна спрашчае доступ да базавых фінансавых паслуг для нашых суграмадзян.

Інфармацыйны партал на беларускай мове

ree

Па нашай прапанове Інфармацыйны цэнтр урада пры Канцылярыі прэм'ер-міністра Польшчы пачаў стварэнне інфармацыйнага партала на платформе gov.pl, цалкам на беларускай мове. Гэты партал стане комплексным рэсурсам для беларусаў, якія пражываюць у Польшчы, і будзе ўключаць інфармацыю па ўсіх ключавых пытаннях: ад легалізацыі і працаўладкавання да сацыяльнай дапамогі, пенсій, замены вадзіцельскага пасведчання і адкрыцця банкаўскіх рахункаў. Гэта значна палепшыць доступ беларусаў да неабходнай дзяржаўнай інфармацыі.

Узаемадзеянне з іншымі Прадстаўніцтвамі

ree

Наша праца не абмяжоўваецца толькі пытаннямі легалізацыі. Мы актыўна ўзаемадзейнічаем з іншымі Прадстаўніцтвамі Аб'яднанага Пераходнага Кабінета. Мы прыцягнулі сродкі на новыя тэатральныя пастаноўкі для Вольных Купалаўцаў і Музея Вольнай Беларусі. Мы таксама падтрымліваем летнік для дзяцей палітзняволеных, арганізаваны прадстаўніцтвам па сацыяльнай палітыцы, і аказваем дапамогу іншым прадстаўніцтвам у падрыхтоўцы важных праектаў пастаноў АПК. Гэта дэманструе наша рэальнае ўзаемадзеянне ў комплекснай працы на карысць Беларусі.

План транзiту ўлады

План дзеянняў у транзітны перыяд

ree

Пытанні транзіту ўлады — той напрамак, вакол якога так ці інакш будуецца амаль 90% дзейнасці Прадстаўніцтва. Аднак у межах справаздачы хачу спыніцца на працы найбольш сфакусаванай менавіта на распрацоўцы дакументаў, звязаных з транзітам. Па-першае, быў падрыхтаваны праект Плана дзеянняў дэмакратычных сіл на транзітны перыяд. Гэты План уяўляе сабой комплекс універсальных арганізацыйна-прававых мерапрыемстваў, разлічаных на 70-90 дзён – ад моманту сыходу рэжыму Лукашэнкі да правядзення свабодных дэмакратычных выбараў.

Дакумент ахоплівае розныя сцэнары змены ўлады, такія як дыялог, перамовы або круглы стол, і дэталёва прапрацоўвае ўсе аспекты: ад прававога рэгулявання і кадравага забеспячэння да міжнароднага прызнання і інфармацыйнага суправаджэння, а таксама меры супрацьдзеяння магчымым выклікам і пагрозам.

Абмеркаванне і далейшая праца над планам

ree

18 снежня 2024 года адбылася закрытая прэзентацыя праекта Плана, дзе мы абмеркавалі яго дапрацоўку і патэнцыйнае выкарыстанне. Па выніках дыскусіі было прынята рашэнне не выносіць План у публічную прастору. Раскрыццё яго зместу магло б быць выкарыстана на карысць рэжыму Лукашэнкі.

Вынікам прэзентацыі стала прызнанне мэтазгоднасці далейшай працы па пытаннях метадаў і сцэнароў транзіту ўлады і, у прыватнасці, распрацоўкі дэталёвага сцэнару транзіту ўлады менавіта праз фармат «круглага стала».

Сцэнар транзіту ўлады праз "Круглы стол"

ree

У рамках падрыхтоўкі да распрацоўкі сцэнара транзіту ўлады наша прадстаўніцтва арганізавала і правяло экспертнае мерапрыемства пад назвай «Шляхі выхаду з палітычнага крызісу ў Беларусі на прыкладзе польскага Круглага стала». Гэта дазволіла нам вывучыць міжнародны досвед і адаптаваць яго да беларускіх рэалій. У выніку, на падставе атрыманых экспертных заключэнняў, быў падрыхтаваны дакумент: «Круглы стол/нацыянальны дыялог для пошуку шляхоў вырашэння палітычнага крызісу ў Беларусі», які стане асновай для далейшых дзеянняў

Але што зараз? Ці сапраўды мы лічым, што «круглы стол» магчымы і што ён спрацуе ў нашай сітуацыі? Я адказваю — так, ён магчымы. І больш за тое, круглы стол і нацыянальнае прымярэнне — гэта найлепшае выйсце для нашай краіны з палітычнага крызісу і заціскаў вайны, у якія працягвае цягнуць Беларусь Лукашэнка. Нагадаю, што падчас мінулых слуханняў, я асабіста адкрыта звярнуўся да прадстаўнікоў рэжыму з прапановай дыялогу. Яшчэ ў 2021 годзе 700 000 беларусаў прагаласавалі за пачатак дыялогу на платформе Голас. І ніколі дэмакратычныя сілы не адмаўлялі дыялогу, як інструменту для вырашэння крызісу. 

Разам з тым давайце будзем рэалістамі. Лукашэнка не дэманструе такой гатоўнасці. Наадварот, ён працягвае пагаршаць сітуацыю і паглыбляць крызіс. А як толькі пытанне дыялогу, круглага стала ўзнікае ў публічнай прасторы і артыкулюецца дэмсіламі — які адказ гучыць з таго боку? Самаліквідуйцеся. Станьце на калені і паўзіце каяцца. Але размаўляць з вамі мы не будзем. Нас прызнаюць тэрарыстычнымі арганізацыямі. Нашы інстытуты знаходяцца пад перманентнай атакай, мы перманентна сутыкаемся з пагрозамі, спробамі заполохвання, вярбоўкі. Разам са Спікерам Рады мы падрабязна расказвалі аб гэтым на прэс-канферэнцыіі 31 ліпеня. 

Таму, на дадзены момант, пазіцыю можна акрэсліць так: мы прапануем дыялог, нашы міжнародныя партнёры гэта падтрымліваюць. Але Лукашэнка — не. Такім чынам, сыходзячы з неканструктыўнай пазіцыі дыктатара, мы лічым, што дыялог і круглы стол магчымы без ягонага ўдзелу альбо калі ён не будзе знаходзіцца пры ўладзе. Аднак, гэта не значыць, што мы будзем проста чакаць. Мы распрацоўваем дакументы, сцэнары, працуем над інструментамі ціску і прымусу рэжыму да дыялогу і транзіту. Наша сверхзадача — стварыць умовы, калі рэжым не зможа больш адмаўляцца ад дыялогу і Лукашэнка не будзе ў стане яму перашкодзіць.

Прасоўванне пытанняў транзіту ўлады

ree

Адначасова мы працуем над прасоўваннем пытанняў транзіту і дыялогу на міжнароднай арэне. Што ў тым ліку азначае працу над умацаваннем міжнароднага прызнання нашых інстытутаў. І працягнем падтрымліваць гэтыя пытанні ў цэнтры ўвагі і шукаць міжнародную падтрымку для будучых перамен у Беларусі.

ree
ree
ree
ree
ree

Барацьба з дэзынфармацыяй

Уводзіны: Камунікацыя супраць дэзынфармацыі

ree

У завяршэнне справаздачы, хачу нагадаць пра важнасць інфармацыйнай працы дэмакратычных сілаў. Нельга забывацца, што рэжым фактычна вядзе супраць нас і дэмакратычна-арыентаванага грамадства неабвешчаную вайну. У тым ліку інфармацыйную. І таму камунікацыйны, медыйны фронт з'яўляецца адным з найважнейшых напрамкаў дзейнасці для кожнага інстытута і кожнай арганізацыі беларускіх дэмсіл. У тым ліку Прадстаўніцтва па транзіце ўлады.

Наша асноўная мэта — даносіць праўдзівую інфармацыю да беларусаў унутры краіны, а таксама да нашых партнераў на міжнароднай арэне. Мы актыўна супрацьстаім дзяржаўнай прапагандзе і адначасова спрыяем фарміраванню адзінай міжнароднай пазіцыі адносна рэжыму Лукашэнкі. Гэта адзін з ключавых элементаў у нашай стратэгіі перамен і набліжэння транзіту ад дыктатуры да дэмакратыі.

Як мы працуем унутры Беларусі

ree

Мы штодзённа выходзім на беларускага гледача, нягледзячы на ўсе перашкоды.

Наш YouTube-канал за год набраў больш за 22 мільёны праглядаў, прычым палова з іх — з самой Беларусі.

У TikTok гэтыя лічбы яшчэ больш уражваюць: больш за 31 мільён праглядаў, з якіх звыш 70% — ад беларусаў.

У Instagram мы маем каля 4,5 мільёна праглядаў, палова з якіх таксама з Беларусі.

Гэта беларусы і беларускі, якія штодня атрымліваюць альтэрнатыву прапагандзе. Мы асвятляем такія важныя тэмы, як стан беларускай эканомікі, злачынствы рэжыму супраць чалавецтва ў адносінах да беларусаў, ваенныя злачынствы і інфармуем пра справу супраць Лукашэнкі ў Міжнародным крымінальным судзе. І што вельмі важна — мы паказваем і прапануем беларусам альтэрнатыву: дзяржава, якая працуе для грамадзяніна, а не супраць яго.

Як мы ўплываем на знешні свет

ree

Наш голас чуюць і на міжнароднай арэне. Інтэрв'ю вядучым сусветным СМІ, такім як BBC, Le Monde, Der Spiegel, Euronews і іншым дазваляюць нам даносіць нашу пазіцыю да мільёнаў людзей. У Twitter наш кантэнт набраў амаль 3 мільёны праглядаў за год. Адзін з галоўных тэзісаў, які мы даносім знешнім партнёрам: першая лінія бяспекі Еўропы — гэта беларускае грамадства, а не мяжа. Мы настойваем на павелічэнні падтрымкі беларускага грамадства праз праграмы салідарнасці, падтрымку незалежных СМІ і блогераў, стыпендыяльныя праграмы. Разам з тым мы лабуем як медыйна, так і канкрэтна працуем над ціскам на рэжым, рэгулярна рыхтуючы прапановы, якія ўлічваюцца Еўрапейскім Саюзам і іншымі партнёрамі.

Даследаванні і даклады 

ree

Адзін з важных аспектаў нашай працы па барацьбе з дэзынфармацыяй — гэта падрыхтоўка глыбокіх аналітычных дакладаў, якія з'яўляюцца публічнымі і даступныя на сайце НАУ. Гэтыя дакументы дапамагаюць як нашым партнёрам, так і шырокай аўдыторыі атрымліваць больш глыбокае разуменне сітуацыі ў Беларусі і нашых дзеянняў. У прыватнасці, намі былі падрыхтаваны даклады: «Саюзная дзяржава як інструмент прыкрыцця імперскай палітыкі Расіі» ў снежні 2023 года; даклад «Санкцыйны ціск у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі» ў сакавіку 2024 года; а таксама даклад «Сістэмная падрыхтоўка рэжыму Лукашэнкі да магчымага ўступлення ў вайну на баку Расіі і рэкамендацыі па прадухіленні гэтага сцэнара», які быў падрыхтаваны ў чэрвені 2025 года.

На падставе дадзенага дакладу быў таксама зняты дакументальны фільм «Беларусь у зацісках вайны: хронікі трансфармацыі», які складаецца з 3 частак.

Што кажа пра нашу эфектыўнасць сам рэжым

ree

Сама рэакцыя рэжыму на нашу інфармацыйную працу з'яўляецца найлепшым паказчыкам яе эфектыўнасці. Рэжым прызнае нашы старонкі экстрэмісцкімі, спрабуе заблакаваць і дамагчыся ценявых абмежаванняў. Толькі за апошнія месяцы быў паўторна ўнесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў YouTube-канал, двойчы прызнана экстрэмісцкай старонка ў Facebook, забаронены Telegram-канал фракцыі, і часова заблакавана даступнасць TikTok у Беларусі. Чаму яны так рэагуюць? Таму што бачаць пагрозу ў доступе для беларусаў атрымліваць альтэрнатыўны пункт гледжання. Чым мацней яны змагаюцца з намі, тым больш мы ўпэўненыя, што робім правільную справу.

Інфармацыйныя кампаніі і вынікі

ree

Адным з найбольш эфектыўных прыкладаў нашай медыйнай працы стала кампанія супраць прызнання фэйкавых выбараў 2025 года. Мы запусцілі шырокую сістэмную працу праз усе нашы каналы: ролікі, заявы, пасты. І ў выніку, ніводная дэмакратычная краіна не прызнала гэтыя выбары. Гэта дэманструе прамы і значны ўплыў у тым ліку нашай медыйнай дзейнасці на міжнародную палітыку і грамадскую думку.

Заключэнне: Барацьба за праўду і перамены

ree

У заключэнне хачу падкрэсліць: мы не проста інфармуем, мы змагаемся. Медыйная праца Прадстаўніцтва — гэта не проста інфармацыйная актыўнасць, а стратэгічная дзейнасць, накіраваная на фарміраванне разумення неабходнасці перамен як унутры Беларусі, так і звонку. Мы ўплываем на грамадскую свядомасць у Беларусі, сфармавалі сваю нішу ў знешнепалітычнай дыскусіі пра будучыню краіны і будзем працягваць змагацца з інфармацыйнай агрэсіяй рэжыму. Наша мэта — праўда і перамены для Беларусі.

Заключальнае слова

Дарагія сябры!

Важнасць нашых інстытутаў — Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Каардынацыйнай рады – немагчыма пераацаніць для працягу нашай барацьбы за свабоду, дэмакратыю і незалежнасць Беларусі і забеспячэння транзіту ўлады да дэмакратычнай большасці.

Рэжым баіцца нашых інстытутаў і хоча іх знішчыць, бо бачыць у іх рэальную палітычную і, што для яго самае страшнае, дэмакратычную альтэрнатыву. Але мы трымаем удар і б'ем у адказ, мы дзейнічаем і дзейнічаем вынікова.

Я ўпэўнены, што перамены немінучыя. Мы павінны захаваць і ўзмацніць нашы інстытуты, працягваць нашу актыўную працу, нягледзячы на ўсе спробы рэжыму Лукашэнкі нам супрацьдзейнічаць.

І мы абавязкова пераможам, калі будзем моцнымі, калі моцнымі будуць нашы інстытуты, калі мы працягнем актыўна працаваць на нашыя агульныя мэты і быць адзінымі ў стратэгіі іх дасягнення:

АДКАЗНАСЦЬ, бо дэмакратыя не пераможа па-сапраўднаму, калі не наступіць адказнасць рэжыму за ягоныя злачынствы. І мы працягнем працу па акрэсленых напрамках.

САНКЦЫЙНЫ ЦІСК, бо гэта інструмент для змены палітыкі рэжыму. Патэнцыял якога яшчэ не выкарыстаны, але які ўжо аказвае значны ўплыў на стан эканомікі. І гэты ціск варта працягваць і нарошчваць, каб дамагчыся зменаў.

УМАЦАВАННЕ НАШЫХ ІНСТЫТУТАЎ, бо гэта палітычная альтэрнатыва рэжыму, якая патрэбная сёння і якая будзе патрэбная заўтра, калі пачнецца транзіт. Мы павінны захаваць і ўмацаваць гэтую альтэрнатыву, нягледзячы на ўсе спробы рэжыму нам супрацьдзейнічаць.

«КАДРАВЫ РЭЗЕРВ», бо кадры — гэта аснова для забеспячэння стабільнага функцыянавання дзяржавы падчас транзіту ўлады і ўстойлівасці дэмакратыі ў постпераходны перыяд. І мы працягнем рыхтаваць наш кадравы рэзерв для Новай Беларусі.

ДАПАМОГА БЕЛАРУСАМ, бо людзі — гэта галоўная каштоўнасць і нашая галоўная апора для захавання незалежнасці і забеспячэння дэмакратычных перамен у Беларусі. 

ІНФАРМАЦЫЙНАЯ ПРАЦА, бо мы не маем права дазволіць рэжыму перамагчы ў барацьбе за розумы людзей. Мы мусім змагацца з дэзынфармацыяй, быць крыніцай надзейнай і праўдзівай інфармацыі і моцнай альтэрнатывай прапагандзе. Мы павінны падтрымліваць Беларусь у міжнародным парадку дня, адстойваць імідж беларусаў. І даводзіць, што першая лінія абароны Еўропы сёння — гэта не мяжа з Беларуссю, а беларускае грамадства.

«КРУГЛЫ СТОЛ», бо гэта адзінае мірнае і адэкватнае выйсце з палітычнага крызісу і ваеннай пасткі, у якія ўцягнуў Беларусь Лукашэнка. І наша стратэгія, я ўпэўнены, гэта той шлях, які дазволіць стварыць неабходныя ўмовы, каб прыйсці да гэтага выйсця і перамен, якіх мы ўсе чакаем. Бо беларусы заўсёды дамовяцца з беларусамі, калі Лукашэнка будзе не ў стане нам перашкодзіць.

Жыве Беларусь!


Comments


bottom of page