top of page

Павел Латушка звярнуўся да Генеральнага сакратара АБСЕ напярэдадні яго візіту ў Мінск

4 days ago
2 min read
Намеснік кіраўніцы АПК Беларусі, Кіраўнік НАУ, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» ў складзе Каардынацыйнай Рады 4-га склікання Павел Паўлавіч Латушка. Фота: НАУ-медыя
Намеснік кіраўніцы АПК Беларусі, Кіраўнік НАУ, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» ў складзе Каардынацыйнай Рады 4-га склікання Павел Паўлавіч Латушка. Фота: НАУ-медыя

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка накіраваў ліст Генеральнаму сакратару Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) Ферыдуну Сінірліаглу напярэдадні яго ўдзелу ў Мінскай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, якая пройдзе 3–4 лістапада.

У сваім звароце Павел Латушка праінфармаваў Генеральнага сакратара АБСЕ пра колькасць палітычных зняволеных, якія сёння ўтрымліваюцца ў беларускіх турмах, і звярнуў увагу на беспрэцэдэнтныя маштабы палітычных рэпрэсій у Беларусі. Ён заклікаў Генеральнага сакратара падчас візіту ў Мінск узняць пытанне вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення пераследу за палітычныя погляды.

Асобную ўвагу ў лісце Павел Латушка надаў пытанням рэгіянальнай бяспекі. Ён падкрэсліў, што Беларусь павінна стаць краінай, якая гарантуе бяспеку і стабільнасць у рэгіёне. Аднак пакуль Лукашэнка застаецца ва ўладзе, пра надзейныя гарантыі бяспекі гаварыць не даводзіцца.

У якасці аргумента Павел Латушка нагадаў, што беларуская тэрыторыя была выкарыстаная для расійскай агрэсіі супраць Украіны. Рэжым таксама працягвае гібрыдныя агрэсіўныя дзеянні супраць суседніх дзяржаў — удзельніц АБСЕ і спрыяе дыверсійнай дзейнасці на іх тэрыторыях.

У якасці аднаго са шляхоў выхаду з глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу Павел Латушка прапанаваў Генеральнаму сакратару АБСЕ заклікаць фактычныя беларускія ўлады распачаць інклюзіўны дыялог з грамадзянскай супольнасцю.

Павел Латушка адзначыў:

«Як намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і лідар найбуйнейшай фракцыі ў Каардынацыйнай Радзе, я лічу прынцыпова важным, каб нашы партнёры прытрымліваліся цвёрдай пазіцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і дзейнічалі стратэгічна. Нашай канчатковай мэтай павінны заставацца сістэмныя змены ў Беларусі».

У лісце Павел Латушка таксама выклаў 10 умоў, неабходных для нармалізацыі адносін паміж рэжымам Лукашэнкі і дэмакратычнымі краінамі:

  1. Спыненне рэпрэсій і вызваленне ўсіх палітычных зняволеных.

  2. Забеспячэнне свабоднага вяртання беларускіх эмігрантаў, актывістаў і палітыкаў з гарантыямі абароны ад пераследу.

  3. Дэкрыміналізацыя палітычнай і грамадскай дзейнасці ў Беларусі, у тым ліку дзейнасці палітычных партый і няўрадавых арганізацый.

  4. Дэкрыміналізацыя дзейнасці незалежных СМІ ў Беларусі.

  5. Змена палітычна матываванай правапрымяняльнай практыкі праваахоўных органаў пры ажыццяўленні крымінальнага пераследу палітыкаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

  6. Адмена нарматыўных актаў, якія абмяжоўваюць правы беларусаў за мяжой, у тым ліку на атрыманне пашпартных і натарыяльных паслуг і ўдзел у выбарах з-за мяжы, а таксама спыненне транснацыянальных рэпрэсій.

  7. Правядзенне круглага стала з дэмакратычнымі сіламі.

  8. Спыненне ўдзелу Беларусі ў вайне і падтрымкі расійскай агрэсіі.

  9. Рэабілітацыя незаконна асуджаных і рэпрэсаваных асоб, адмена ўсіх палітычна матываваных рашэнняў па крымінальных і адміністрацыйных справах.

  10. Вяртанне канфіскаванай і адабранай маёмасці.

Павел Латушка падкрэсліў, што выкананне гэтых умоў, уключаючы правядзенне круглага стала паміж дэмакратычнымі сіламі і рэжымам, будзе спрыяць умацаванню незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, а таксама бяспекі ўсяго рэгіёна.


Comments


bottom of page