Важна, каб пазіцыя беларускага грамадства была прадстаўлена падчас магчымых мірных перамоў па Украіне

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка правёў сустрэчу ў Варшаве з дырэктарам Дэпартамента Усходняй Еўропы МЗС Аўстрыі Томасам Мюльманам. У сустрэчы таксама ўзяў удзел пасол Аўстрыі ў Польшчы Ханес Шрайбер.
Падчас размовы Павел Латушка адзначыў важнасць захавання агульнай пазіцыі Еўрапейскага Саюза, якая змяшчаецца ў заключэннях Савета ЕС па Беларусі 2024 года, а таксама падкрэсліў неабходнасць працягу санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі ў сувязі з тым, што рэжым не робіць крокаў па выхадзе з глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу і працягвае падтрымліваць агрэсію Расійскай Федэрацыі.
Павел Латушка адзначыў, што Лукашэнка павінен дакладна разумець, што без пачатку рэальных змен у Беларусі і дыялогу з грамадствам ён не павінен разлічваць на змену пазіцыі ЕС.
Асобна была прадстаўлена канцэпцыя круглага стала па выхадзе з крызісу ў Беларусі, «10 пунктаў сапраўдных змен», падрыхтаваных НАУ, і адзначана важнасць прадстаўлення пазіцыі дэмакратычнай большасці беларускага грамадства падчас магчымых мірных перамоў па Украіне.
У апошнія тыдні Павел Латушка правёў сустрэчы з дырэктарамі дэпартаментаў, адказных за рэгіён Усходняй Еўропы, МЗС Германіі, Латвіі, Нідэрландаў і Францыі.
Адбылася сустрэча з паслом па асаблівых даручэннях МЗС Украіны ў справах Беларусі, з прадстаўнікамі Бюро па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Дзярждэпартамента ЗША, а таксама з пасламі Даніі, Ісландыі, Нарвегіі, Фінляндыі і Швецыі. Запланаваны чарговыя сустрэчы.




Comments