Мы разлічваем на далейшую падтрымку Групы сяброў дэмакратычнай Беларусі ў рамках АБСЕ
- Admin of the NAM

- Oct 16
- 2 min read

Тэзісы прамовы Паўла Латушкі, намесніка кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета і кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, на прыёме, арганізаваным у межах Веймарскага трохкутніка з нагоды сустрэчы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі ў сувязі з Канферэнцыяй АБСЕ па чалавечым вымярэнні
15.10.2025
Ваша Эксцэленцыя Мігель Бергер, Вашыя Эксцэленцыі, паважаныя беларускія калегі, спадарыні і спадары!
Дазвольце падзякаваць вам за запрашэнне і магчымасць выступіць тут, у Пасольстве Германіі ў Варшаве.
Мы, беларусы, удзячныя Германіі, Польшчы і Францыі за вашу паслядоўную падтрымку дэмакратычных памкненняў беларускага народа, за вашу цвёрдую пазіцыю ў абароне нашых правоў, годнасці і надзеі на свабодную і справядлівую Беларусь.
З самага пачатку брутальнага падаўлення мірных пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе вашыя краіны, як і ўсе нашы дэмакратычныя партнёры, занялі прынцыповую і мужную пазіцыю. Вы працягнулі руку салідарнасці ахвярам злачынстваў рэжыму — палітычным зняволеным, тым, хто быў вымушаны пакінуць краіну, і тым, хто застаўся ў Беларусі і пацярпеў за сваю адданасць свабодзе і дэмакратыі.
І мы ніколі не забудзем гэтую салідарнасць у наш самы цяжкі час.
З 2020 года сітуацыя ў Беларусі глыбока змянілася. Рэжым Лукашэнкі сістэматычна пашырае сваю рэпрэсіўную практыку, пранікаючы ў новыя сферы грамадства і выходзячы далёка за межы Беларусі. Каля 600 000 беларусаў былі вымушаны з’ехаць з краіны. Тыя, хто пакінуў Беларусь, працягваюць сутыкацца з пераследам з боку рэжыму нават за мяжой — праз завочныя суды, пагрозы гвалту, запалохванне сваякоў, якія засталіся ў Беларусі, арышт маёмасці. Беларусы за мяжой таксама дыскрымінацыйным чынам пазбаўлены доступу да жыццёва неабходных консульскіх паслуг, уключаючы працяг пашпартоў і натарыяльнае засведчанне дакументаў.
Сёння ўсё большая колькасць доказаў абсалютна дазваляе нам сцвярджаць, што знешняе вымярэнне беларускіх рэпрэсій не проста вялікае, а велізарнае і беспрэцэдэнтнае. Колькасць патэнцыйных ахвяр гэтых рэпрэсій вымяраецца сотнямі тысяч. Сотні тысяч ахвяр за межамі Беларусі, якіх рэжым працягвае пераследаваць.
Гэтая маштабная транснацыянальная рэпрэсіўная практыка рэжыму Лукашэнкі ўяўляе сабой сур'ёзную пагрозу рэгіянальнай бяспецы ў Еўропе.
Дзякуючы Ураду Літвы гэтыя падзеі знаходзяцца на папярэднім разглядзе Офіса Пракурора Міжнароднага крымінальнага суда. Падтрымка дзеянняў Літвы з боку іншых краін надзвычай важная, таму што маштаб трансгранічных злачынстваў рэжыму Лукашэнкі вялізарны, і прыцягненне да адказнасці за гэта з'яўляецца крытычнай неабходнасцю.
У той жа час, як намеснік Святланы Ціханоўскай, я хацеў бы падкрэсліць захаванне актуальнасці Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ). У 2023 годзе АБСЕ стварыла Групу сяброў дэмакратычнай Беларусі, і сімвалічна, што Пастаяннае прадстаўніцтва Германіі пры АБСЕ з'яўляецца адным з двух членаў сакратарыята гэтай групы.
Гэта група стала ўнікальнай платформай для прасоўвання інтарэсаў дэмакратычнай Беларусі і для распрацоўкі эфектыўных мер па вырашэнні пагроз бяспецы з боку рэжыму Лукашэнкі. У прыватнасці, беларускія дэмакратычныя сілы бачаць дапаможную ролю Маскоўскага механізму АБСЕ ў маніторынгу сітуацыі транснацыянальных рэпрэсій і ў распрацоўцы адпаведных мер рэагавання на гэтыя выклікі.
Раздзяляючы агульныя еўрапейскія каштоўнасці і працягваючы барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі, мы разлічваем на нязменную падтрымку Германіі, Польшчы і Францыі і Групы сяброў дэмакратычнай Беларусіў рамках АБСЕ.
Беларусы працягваюць сваю барацьбу — за свабодную, дэмакратычную Беларусь, за агульную еўрапейскую будучыню. Падтрымка гэтай барацьбы нашымі партнёрамі, прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць беларусаў, — гэта змаганне за справядлівасць. І справядлівасць павінна перамагчы.
Дзякуй.










Comments