top of page

Мы яшчэ пасадзім на дачы Васіля Быкава валошкі — любімыя кветкі вялікага беларускага пісьменніка

  • Jun 19
  • 2 min read

Updated: Jun 25

Сёння, 19.06.2025, Дзень нараджэння вялікага беларускага пісьменніка Васіля Быкава.

Ён быў чалавекам непахіснай праўды, голасам сумлення нацыі. І таму быў непрымальны для аўтарытарнай улады, якая баялася тых, хто казаў праўду.

Я ганаруся, што меў магчымасць асабіста дакрануцца да яго спадчыны. Ганаруся, што падчас працы міністрам культуры Беларусі быў ініцыятарам стварэння музея Васіля Быкава ў Ждановічах — гэта быў не толькі культурны праект, гэта быў маральны абавязак перад чалавекам, які ўсё жыццё служыў Беларусі.

Адна з першых маіх ініцыятыў на пасадзе міністра культуры была звязана з Васілём Быкавым. Я накіраваў афіцыйны зварот у адміністрацыю Лукашэнкі з прапановай ушанаваць памяць вялікага пісьменніка. Адказ быў катэгарычны — адмова. Бо для ўлады Быкаў быў небяспечны: свабодны, сумленны, прынцыповы.

Але я не адступіў. Музей Быкава ўсё ж быў створаны на яго лецішчы ў Ждановічах. Захаванне яго спадчыны стала не толькі маёй задачай як міністра культуры, але і асабістай адказнасцю. Быкаў — сумленне нашай нацыі, і я дакладна ведаў: мы не маем права не зрабіць гэтага.

Падчас маёй працы міністрам культуры на маім стале заўсёды стаяла фота Васіля Быкава — такое ж, якое вы бачыце зараз тут.

Адзін з маіх успамінаў, звязаных са спадчынай Быкава, адбыўся ў той момант, калі я ўжо быў дырэктарам Купалаўскага тэатра. Мы з артыстамі і дзеячамі культуры прыехалі на дачу Васіля Быкава ў яго дзень народзінаў. Садзілі валошкі — яго любімыя кветкі, пілі гарбату, проста размаўлялі.

Цяпер цяжка, многія дэматывуюцца, але я працягваю верыць і працаваць над тым, каб мы яшчэ неаднойчы збіраліся на гэтай дачы. Збярэмся і ўзгадаем цяжкія часы, але будзем рады нашай свабодзе. І зноў пасадзім валошкі — як сімвал таго, што памяць пра спадчыну вялікага беларуса, гонара нацыі, Васіля Быкава жыве і будзе жыць вечна.

Таксама рэкамендую паглядзець маё відэа на YouTube з успамінамі пра Васіля Быкава і азнаёміцца з маёй публікацыяй у Facebook «Самы дарагі падарунак, які я маю ў памяць пра Быкава — яго ўласнаручны малюнак».


Comments


bottom of page