top of page

Павел Латушка абмеркаваў пытанні адказнасці Лукашэнкі з міністрам юстыцыі Францыі

  • Oct 7
  • 1 min read
Павел Латушка з міністрам юстыцыі Францыі Жэральдам Дарманэнам. Фота: НАУ-медыя
Павел Латушка з міністрам юстыцыі Францыі Жэральдам Дарманэнам. Фота: НАУ-медыя

У рамках рабочай паездкі ў Парыж, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка правёў сустрэчу з міністрам юстыцыі Францыі Жэральдам Дарманэнам.

Падчас сустрэчы Павел Латушка прадставіў міністру юстыцыі Францыі інфармацыю пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, а менавіта звярнуў увагу на бесперапынныя рэпрэсіі як унутры Беларусі, так і на злачынствы экстэрытарыяльнага характару ў дачыненні да беларусаў, якія пражываюць перш за ўсё на тэрыторыі краін-членаў ЕС.

Намеснік кіраўніцы Кабінета таксама прадставіў сітуацыю з палітычнымі зняволенымі, праінфармаваў пра падыходы да магчымага садзейнічання вызваленню палітычных зняволеных, у тым ліку пры ўдзеле Еўрапейскага саюза і Францыі як краіны лідара ў ЕС.

Асобна падчас сустрэчы было закранута пытанне адказнасці Лукашэнкі ў рамках Міжнароднага крымінальнага суда, і падтрымкі рэферала Літвы з боку Францыі аб разглядзе беларускай сітуацыі ў Міжнародным крымінальным судзе за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа.

Таксама была абмеркавана тэма адказнасці за незаконны вываз украінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь пры садзейнічанні Лукашэнкі, які асабіста прымаў адпаведнае фінансава-распарадчае рашэнне для незаконнага перамяшчэння і індактрынацыі ўкраінскіх дзяцей.

Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі тэму дзейнасці Спецыяльнага трыбунала па адказнасці за агрэсію супраць Украіны, а менавіта гаворка ішла пра збор доказаў і перадачу акумуляванай доказнай базы ў адпаведныя органы, якая пацвярджае адказнасць так званага вышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва Беларусі ў ажыццяўленні акта агрэсіі супраць Украіны.

Павел Латушка праінфармаваў Жэральда Дарманэна пра дзейнасць дэмакратычных інстытутаў: Аб'яднанага Пераходнага Кабінета пад кіраўніцтвам Святланы Ціханоўскай, і выбранага прадстаўнічага органа — Каардынацыйнай рады. А таксама пра масавы, беспрэцэдэнтны пераслед рэжымам Лукашэнкі членаў Каардынацыйнай Рады, актывістаў дэмакратычных сіл, які носіць экстэрытарыяльны характар і здзяйсняецца за межамі Беларусі.


Comments


bottom of page