top of page

Павел Латушка да 100-годдзя Коласаўскага тэатра: Ён жыў і тварыў дзеля таго, каб наш народ меў права на ўласны голас, годнасць, на свабоду і незалежнасць

2 days ago
1 min read
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Віцебск, Беларусь. Крыніца: Wikipedia
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Віцебск, Беларусь. Крыніца: Wikipedia

«Насіць імя Песняра — гэта вялізная маральная адказнасць перад гісторыяй, перад беларускім народам, перад будучымі пакаленнямі», — адзначыў міністр культуры Рэспублікі Беларусь у 2009–2012 гг., дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў 2019–2020 Павел Латушка ў віншаванні да кіраўніцтва Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа з нагоды 100-годдзя Коласаўскай сцэны ў Віцебску.

«Тэатр носіць імя Якуба Коласа — класіка, які ўсім сваім вялікім сэрцам любіў Беларусь, нашу з вамі адзіную Радзіму. Ён жыў і тварыў дзеля таго, каб наш народ меў права на ўласны голас, на годнасць, на сапраўдную свабоду і незалежнасць.

Сёння беларускі народ перажывае няпростыя, драматычныя часы, калі самае каштоўнае часта падвяргаецца выпрабаванням. У гэтых умовах вельмі хочацца верыць, што Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа захавае сваю глыбінную сутнасць і застанецца непахісным аплотам жывой беларускай мовы, нацыянальнай памяці і культуры».

У сваім віншаванні Павел Латушка нагадаў кіраўніцтву, акторам і супрацоўнікам Коласаўскай сцэны радкі з паэмы «Сымон-музыка» Якуба Коласа, які, як ніхто іншы адчуваў тую балючую супярэчнасць нашай зямлі, дзе побач з прыгажосцю нашага народа часта суседнічаюць зусім іншыя рэаліі:

«Край мой родны! Дзе ж у свеце 

Край другі такі знайсці, 

Дзе б магла так, поруч з смеццем, 

Гожасць пышная ўзрасці? 

Дзе бы вобруку з галечай 

Расквітнеў багацтва цуд 

І дзе б з долі чалавечай

Насмяяліся, як тут?..»

«Жадаю калектыву тэатра творчай смеласці, сумленнасці перад сабой і гледачом, а таксама вернасці тым высокім ідэалам, якія заклаў у падмурак нашай культуры сам Якуб Колас. Няхай сапраўдная “гожасць” беларускага народа заўсёды перамагае!» — падкрэсліў Павел Латушка.


Comments


bottom of page