Павел Латушка: Мы прапануем прызначэнне спецыяльнага пасланніка ЕС па справах Беларусі, які меў бы моцны мандат, заснаваны на рашэннях ЕС
«Бяспека для Польшчы ці для ЕС — гэта дамовіцца з Лукашэнкам ці дэмакратычныя змены ў Беларусі? Безумоўна, дэмакратычныя змены ў Беларусі, таму што дамовіцца з Лукашэнкам спрабавалі ўжо пяць разоў. Гэта не прывяло да стратэгічных змен — адбыліся толькі касметычныя, і пазней мы мелі 2020 год. Гэта страшны год рэпрэсій, і гэты страшны год працягваецца ў 2026-м», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас Пазнаньскага эканамічнага кангрэса на панэльнай дыскусіі «Стратэгія Польшчы і ЕС у дачыненні да Беларусі». НАУ з гэтага года з'яўляецца афіцыйным партнёрам Пазнаньскага эканамічнага кангрэса.

У панэльнай дыскусіі таксама ўзялі ўдзел намеснік дырэктара Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Адам Эберхарт і старэйшы эксперт Аддзела Беларусі, Украіны і Малдовы Цэнтра ўсходніх даследаванняў Каміль Клысінскі. Мадэратаркай дыскусіі выступіла галоўная рэдактарка тэлеканала «Белсат» Аліна Коўшык.
Падчас Кангрэсу Павел Латушка правёў размовы з кіраўніком Бюро міжнароднай палітыкі у канцылярыі Прэзідэнта Польшчы Марцінам Пшыдачам і шэрагам дэпутатаў Сейма Польшчы.
Падчас дыскусіі Павел Латушка адзначыў, што Лукашэнка не можа быць гарантам бяспекі ў рэгіёне:
«Для ЕС як і для Польшчы, важна, каб Беларусь была бяспечнай краінай, дэмакратычнай і свабоднай. Лукашэнка не гарантуе свабоды і бяспекі для Польшчы і для ЕС. Ён падпісаў столькі пагадненняў з Расіяй, што не вызваліцца ад гэтых абавязацельстваў. Ён падпісаў і ваенную дактрыну, і дамову аб гарантыях стратэгічнай бяспекі, якія цалкам абавязваюць яго выконваць усе загады, што ідуць з Крамля».
Асобна Павел Латушка падкрэсліў, што інтарэсы нашай краіны павінны прадстаўляць дэмакратычныя сілы Беларусі разам з партнёрамі, а не рэжым Лукашэнкі:
«Для ЕС важна, каб Беларусь была вольнай. Як нам, беларусам, да гэтага прыйсці? Нядаўна скончыліся перамовы ў Абу-Дабі. І там уздымалася тэма Беларусі, размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі.
Лукашэнка хоча ўзяць удзел у перамовах. Апошнім часам ён публічна кажа, што гатовы запрасіць удзельнікаў перамоваў у Мінск, але ўжо не хоча быць пасярэднікам, як гэта было падчас "Мінска-1" і "Мінска-2". Ён хоча быць бокам гэтых перамоваў. Мы павінны зразумець: Пуцін прадстаўляе большасць расіян, якія падтрымліваюць вайну. Лукашэнка не прадстаўляе Беларусь, бо не быў легальна абраны прэзідэнтам, і не прадстаўляе беларускі народ, бо большасць беларусаў не падтрымлівае агрэсію Расіі супраць Украіны. Значыць, беларускі народ на перамовах павінны прадстаўляць дэмакратычныя сілы пры падтрымцы нашых партнёраў».

Таксама у ходзе дыскусіі Павел Латушка распавёў, пра прапанову прызначэння спецыяльнага пасланніка Еўрапейскага саюза па справах Беларусі:
«Ці з’яўляецца рэалістычным сцэнарыем удзел дэмакратычных сілаў у перамовах? Шчыра кажучы, каб гэтага дамагчыся, нам патрэбны моцны голас нашых партнёраў, і тут мы глядзім на нашых саюзнікаў — на ЕС, на Польшчу, на Вялікабрытанію, на Украіну і на ЗША. І таму мы распрацавалі 10 умоваў, якія павінен выканаць Лукашэнка, калі хоча сесці за гэты стол перамоваў. Мы прапануем прызначэнне спецыяльнага пасланніка ЕС па справах Беларусі, які меў бы моцны мандат, заснаваны на апошніх рашэннях ЕС, і магчыма прадстаўляў бы і нас падчас гэтых перамоваў».
Павел Латушка адзначыў, што незалежнасць Беларусі можа захаваць толькі беларускі народ, і важна, каб тыя ці іншыя рашэнні па Беларусі былі ўзгодненыя з дэмакратычнымі сіламі:
«Кожны з вас у Польшчы ведае выслоўе: "Нічога пра нас без нас". Мы, беларусы, кажам: "Нічога пра беларусаў без беларусаў". І нам важна, каб падчас гэтых перамоваў інтарэсы беларускага народа былі прадстаўлены.
Хто менавіта можа захаваць суб’ектнасць і незалежнасць Беларусі? Ужо не Лукашэнка, а толькі беларускі народ. І гэта цяжкі выклік, але мы павінны над гэтым працаваць, і дэмакратычныя сілы Беларусі — Аб’яднаны Пераходны Кабінет, Каардынацыйная Рада, іншыя нашы ініцыятывы — працуюць над гэтым вельмі моцна»




Comments