Павел Латушка ўзяў удзел у закрытым мерапрыемстве «Беларуская сітуацыя ў Міжнародным крымінальным судзе» ў Гаазе

Прававыя, палітычныя і практычныя аспекты звароту Літвы ў Міжнародны крымінальны суд абмяркоўваліся падчас закрытага мерапрыемства «Беларуская сітуацыя ў Міжнародным крымінальным судзе» ў пасольстве Літвы ў Гаазе, у якой прыняў удзел намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка.
Ініцыятарамі мерапрыемства выступілі Міжнародная платформа адказнасці для Беларусі, цэнтр M.A.R.A. і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне. Суарганізатарамі выступілі пасольствы Літвы, Украіны і Даніі.
«Да 2025 года тэрыторыю Беларусі вымушана пакінулі прыблізна 600 000 чалавек. Кадры дэпартацыі палітычных зняволеных з Беларусі шырока распаўсюдзіліся ў сусветных СМІ. Аднак пераважная большасць тых, хто ўцякае з Беларусі, робяць гэта ціха.
Ці быў у людзей, якія пакідаюць Беларусь, сапраўдны выбар застацца ў сваёй краіне? У 2025 годзе Лукашэнка растлумачыў, што тым, хто знаходзіцца ў выгнанні, даецца права вярнуцца — у турму.
Свабода выбару паміж дзвюма формамі пераследу — гэта не свабода. Беларусаў прымусілі пакінуць сваю Радзіму», — адзначыў падчас выступу Павел Латушка.
Атрымаўшы зварот Літвы, Міжнародны крымінальны суд 12 сакавіка 2026 года распачаў расследаванне магчымых злачынстваў супраць чалавечнасці.
Удзельнікі закрытага мерапрыемства намагалісь шырэй раскрыць прававую аснову расследавання і яго верагодныя наступствы. Асаблівая ўвага была нададзена трансгранічнаму характару злачынстваў, а таксама юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суда ў пытаннях дэпартацыі і іншых звязаных з ёй злачынстваў супраць чалавечнасці ў адносінах да цывільнага насельніцтва Беларусі.




Comments