Пошук па сайце
Search this site
1023 results found with an empty search
- Этнацыд беларусаў
Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» ў складзе Каардынацыйнай Рады 4-га склікання Прама сёння адбываецца сістэмны этнацыд і культурны генацыд беларускага народа У Расіі і Беларусі прымаюцца законы пра «генацыд савецкага» і «генацыд беларускага народа» ў гады Другой сусветнай вайны. Пракуратура раней Шведа а цяпер Гары выкарыстоўвае гістарычную трагедыю як палітычную дубінку супраць апанентаў. Але пакуль яны прыкрываюцца мінулым, у сучаснай Беларусі здзяйсняецца сапраўдны этнацыд. Што стаіць за гэтым тэрмінам? Этнацыд — гэта свядомая палітыка знішчэння нацыянальнай ідэнтычнасці і самасвядомасці народа. Юрыст Рафаэль Лемкін, які ўвеў паняцце «генацыд», падкрэсліваў: генацыд — гэта не толькі фізічнае забойства. Яго найважнейшая складовая — культурны генацыд, гэта значыць накіраванае знішчэнне мовы, культуры і гістарычнай памяці групы людзей, ператварэнне іх у паслухмяных манкуртаў. Менавіта гэта робіцца ў Беларусі з 2020 года. Давайце звернемся да сухіх, але страшных лічбаў Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Згодна з перапісам насельніцтва, у 1999 годзе 85,6% грамадзян лічылі беларускую мову роднай. У 2019 годзе гэты паказчык упаў да 61,2%. А за апошнія 10 гадоў колькасць школьнікаў, якія навучаюцца па-беларуску, зменшылася на 34,4%! Зараз агулам па краіне на роднай мове навучаецца ўсяго каля 8% школьнікаў — гэта крыху больш за 88 тысяч дзяцей на ўсю 9-мільённую краіну. Але найбольш катастрафічная сітуацыя ў сталіцы. У Мінску па-беларуску навучаецца ўсяго 1,6% школьнікаў! Гэта крыху больш за 3,5 тысячы дзяцей на двухмільённы горад. Гэта найніжэйшы паказчык сярод усіх рэгіёнаў. Беларускамоўныя гімназіі ў рэгіёнах прымусова перанакіроўваюць на рускую мову, а станам на 2026 год у краіне няма ніводнай моўнай школы, дзе замежнікі маглі б афіцыйна вывучаць беларускую мову. Сёння толькі 1,4% норматворчых актаў у Беларусі публікуюцца па-беларуску. Мова свядома выціскаецца з усіх сфер. Фестываль гістарычнай рэканструкцыі «Наш Грунвальд». Крынiца: ru.belarus.travel Рэжым нават не сорамеецца сваіх намераў. Кіраўнік Нацыянальнай бібліятэкі i дэпутат палаткі Вадзім Гігін у эфіры ў прапагандыста Азаронка адкрыта заяўляе пра знішчэнне культурных ініцыятыў. Ён так і кажа: «Будет ли оттепель? Будет вам по голове оттепель эта. Будем искоренять до конца. И то, что вы там верещите, то, что вы там паникуете, то, что у вас кривые лица — для нас это говорит, что мы всё делаем правильно. И более того, ни «Рагной», ни этим «Грюнвальдом» ничего не закончится. (…) И поверьте, как «Кнігаўку» когда-то испепелили просто, так и дальше так будет». А прапагандыст Азаронак дабаўляе, што асабіста маніторыць інтэрнэт у пошуках «крамолы», шукаючы, дзе збіраюцца беларускія паэткі ці дзе прадаюцца сувеніры з нацыянальным арнаментам. І вынік іх чорнай справы бачны: Зачыненая этнакрама Ragna, знішчаны брэнды HONAR і LSTR Adzieńnie. Забаронены фестываль гістарычнай рэканструкцыі «Наш Грунвальд», які ладзіўся 16 гадоў запар. Больш за 117 прадстаўнікоў культуры знаходзяцца за кратамі ці на «хіміі» — сярод іх Павел Белавус, музыкант Алег Хаменка. У турме закатаваны і памёр выбітны мастак Алесь Пушкін. Ліквідавана больш за 260 культурных арганізацый, звольнена па палітычных матывах як мінімум 428 дзеячаў культуры. Усе беларускія культурныя асяродкі за мяжой — «Вольныя купалаўцы», Музей Вольнай Беларусі, «Будзьма беларусамі» — абвешчаныя «экстрэмісцкімі». Проста за прагляд іх матэрыялаў у Беларусі пагражае турма. Фестываль гістарычнай рэканструкцыі «Наш Грунвальд». Крынiца: ru.belarus.travel Як былы дырэктар Купалаўскага тэатра, я бачу гэты бязлітасны пагром знутры. З Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы былі звольненыя 58 чалавек, з іх 36 акцёраў — фактычна ўся трупа! На іх месца прызначаюць расійскіх рэжысёраў і акцёраў. Адзіны цалкам беларускамоўны тэатр прымусова русіфікуюць. З 2019 па 2024 год колькасць назваў кніг на беларускай мове скарацілася з 1271 да 893, а сукупны тыраж упаў амаль на 700 000 асобнікаў. Незалежныя выдавецтвы «Янушкевіч», «Кнігазбор», Gutenberg Publisher абвешчаны экстрэмісцкімі. Мінінфарм забараніў 258 кніг, а спісы так званых «экстрэмісцкіх матэрыялаў» налічваюць больш за 9 тысяч аб'ектаў. З школьнай праграмы выкінуты раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім»! Больш за 50 вядучых гісторыкаў былі звольненыя з інстытутаў і ВНУ або выціснутыя з краіны. На 2026–2027 гады Мінск і Масква ўводзяць адзіныя падручнікі гісторыі «Саюзнай дзяржавы», дзе перыяд Рэчы Паспалітай прадстаўляецца цяжкім выпрабаваннем, а Расійская імперыя — эпохай міру. Дэмантуюцца помнікі Касцюшкі і Каліноўскаму, затое ў Мінску ставяць 11-метровы манумент Аляксандру Неўскаму. І ведаеце, чаму гэта адбываецца? Вадзім Гігін. Крыніца: sb.by Я згадаю адну асабістую размову з Лукашэнкам, калі я яшчэ працаваў у міністэрстве. Ён аднойчы сказаў мне сам-насам: «Я б і сам загаварыў па-беларуску, але тады Пуцін будзе прадаваць мне нафту значна даражэй». Вось і ўся сутнасць гэтага палітыка. Ён гатовы прадаць беларускую мову, культуру і гісторыю за танную нафту, газ і захаванне ўласнай улады. Заходні свет доўга ўспрымаў сітуацыю ў Беларусі проста як лакальны крызіс правоў чалавека. Гэта небяспечная памылка. Світшот брэнда LSTR з прынтам «Аве, Канстанцін!». На ім Каліноўскі з паўстанцамі, малюнак стылізаваны пад «Тайную вячэру». Крыніца: nina.nashaniva.com Сёння культура — гэта лінія фронту. Без маштабнай падтрымкі беларускай мовы і ідэнтычнасці Еўрапейскі Саюз атрымае на сваёй мяжы альбо новую губерню Расіі, альбо краіну з цалкам замешчаным расійскім менталітэтам — агрэсіўным і мілітарызаваным. Знішчэнне культуры ператварае 9 мільёнаў беларусаў у бязлікі мабілізацыйны рэсурс Крамля. Даследаванні інстытута Эберта даводзяць: менавіта нацыянальна свядомыя беларусы найбольш падтрымліваюць еўрапейскі шлях Беларусі. Знішчаючы мову, Лукашэнка знішчае еўрапейскую будучыню краіны. Нацыя можа выжыць без межаў, але яна ніколі не выжыве без нацыянальнай ідэнтычнасці. Калі мы не абаронім беларускую культуру сёння, заўтра давядзецца будаваць новыя расійскія ваенныя базы і ісці на чарговае СВО. Але я веру ў наш народ. Беларуская мова жыве ў нашых сэрцах, у нашых кнігах і ў нашым супраціве. Падзяліцеся гэтым відэа, стаўце лайкі і напішыце ў каментарах, што для вас значыць беларуская мова сёння. Праўду павінны чуць!
- Скрадзеная незалежнасць
Святкаванне 27 ліпеня ў 1990-я гады. Фота адноўлена і каларызавана з дапамогай ШІ 27 ліпеня — найважнейшая дата для сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Менавіта 27 ліпеня 1990 года была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Гэта дата — нараджэнне нашай сучаснай дзяржавы, кульмінацыя змагання, якое беларусы вялі супраць імперскай савецкай машыны. Гэта супольная перамога беларускага народа. Гэта галоўнае дзяржаўнае свята ў перыяд з 1991 па 1996 год. Сёння гэта яшчэ і сімвал скрадзенай незалежнасці — калі Лукашэнка перанёс Дзень Незалежнасці на іншую дату, намагаючыся перапісаць нашу гісторыю. 27 ліпеня застаецца нашым арыенцірам у барацьбе за свабоду, якую мы мусім весці зноў. І гэта мэта нашай барацьбы — вярнуць Беларусь беларусам. Каб нашы дзяржаўныя святы былі адлюстраваннем гісторыі беларускага народа, а не вынікам рашэнняў аднаго чалавека. Чалавека, які па нейкай прычыне лічыць, што ён і ёсць Беларусь, хаця, як мы ўсе добра ведаем, з самага пачатку быў супраць незалежнасці нашай краіны. Незалежнасць не з’явілася сама па сабе тады і не адновіцца сама па сабе зараз. За ёй стаяць людзі — шмат людзей розных перакананняў і палітычных поглядаў, але аб’яднаных адной мэтай. Нам усім важна пра гэта памятаць. Асабліва тым, хто зараз працуе ў сістэме: памятайце, што сапраўдны вораг беларускай дзяржаўнасці — гэта Лукашэнка і тыя, каму ён служыць. А служыць ён дакладна не беларускаму народу. 27 ліпеня — сапраўдны Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. І калі мы зноў зможам свабодна адзначаць свята нашай дзяржавы, гэта будзе значыць адно: Беларусь вярнулася да нармальнасці, а цёмная старонка нашай гісторыі скончана. Жыве Беларусь!
- Беларускі народ, як і чыноўнікі, стаміўся ад Лукашэнкі
Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» ў складзе Каардынацыйнай Рады 4-га склікання Зварот намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, дэлегата Каардынацыйнай Рады Паўла Латушкі да чыноўнікаў рэжыму 32 гады страчанага часу. Памятаеце той кадр, калі Лукашэнка стаяў у Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь і зачытваў прысягу, трымаючы руку на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь — у цэлым дэмакратычнай, але якая дала яму магчымасць прыйсці да ўлады, а ў далейшым ён яе фактычна разарваў на кавалкі і падпарадкаваў усю ўладу толькі сабе. Алчнаму чалавеку, які прагне толькі ўлады, хоча шмат грошай і хоча вызначаць лёсы людзей. 32 гады страчанага часу. Лукашэнка ніколі не стане дэмакратам, лібералам ці прабеларускім палітыкам. Ён апантаны ўладай, асабістай уладай. Для яго свабода для народа — гэта канец яго кіравання, канец яго асабістага багацця, але галоўнае для яго — вызначаць лёс іншых, знішчаць, катаваць, гвалтаваць, расстрэльваць і забіваць. І атрымліваць ад гэтага яшчэ і асалоду. Гэта чалавек, які страціў усе чалавечыя якасці, а магчыма, і не меў іх. Гэта чалавек, які не ведае пачуцця спагады. Ён самазадавальняецца ў прыніжэнні іншых. Ён карае тых, хто не хваліць яго, не кажа яму пахвальных, угодлівых прамоў. Яго ўлада заснавана на найбольш нізкіх якасцях. На прымусе, а не на перакананні; на страху і ціску; на страху смерці, выгнання, знішчэння як асобы. Яму не патрэбныя асобы побач. Давайце ўявім яго будучыню. У выгнанні і ў пакутах. Але пры гэтым яго ўсё адно знойдуць, бо ён стварыў такую колькасць ворагаў супраць сябе. І іх можна падзяліць на дзве катэгорыі: Першая — тыя, хто хоча помсты і/або абгрунтаванай справядлівасці. Па яго наказах забіта, прыніжана, беспрэцэдэнтна каласальна шмат беларусаў і беларусак. А другая гурпа яго ворагаў — тыя, хто ведае, што ён ведае пра іх. Але я веру і ў другі варыянт — яго будуць судзіць. Вельмі хацеў бы, каб беларускім судом. Калі не — то судом у Гаазе. Усе дарогі Лукашэнкі вядуць у Гаагу. Дарэчы, Лукашэнка знайшоў яшчэ аднаго сур’ёзнага ворага — Украіну і ўкраінскі народ, якія заўсёды будуць хацець пакараць яго. Некалькі слоў пра будучыню наменклатуры вакол Лукашэнкі. У іх таксама два варыянты. Вядома, можа быць і больш, але давайце возьмем за аснову два галоўныя: Адмовіцца ад Лукашэнкі. Гэта трэба будзе зрабіць вельмі хутка, ваш тэрмін знаходжання пры ўладзе хутка скарачаецца. Яго тэрмін, а значыць, і ваш. Другі варыянт — чыноўнікі могуць быць выгнаныя народам або таксама паўстаць перад судом. Час для прыняцця рашэння скарачаецца. Непахісна. Магчымасць для чыноўнікаў — дзяржаўны пераварот або круглы стол з грамадствам, з беларускім народам, дзе мы можам дамовіцца. І вы можаце гэта зрабіць. Беларускі народ, як і вы, стаміўся ад Лукашэнкі. Турчын, прэм’ер-міністр, і Вальфовіч, дзяржсакратар Савета Бяспекі, могуць гэта зрабіць. Вы можаце гэта зрабіць, калі не будзеце баязлівыя. І тады ўвойдзеце ў гісторыю краіны. Пазбаўцеся ад старога! Гэта трэба будзе зрабіць і вельмі хутка. Час непахісна паскараецца. 20.07.2026 Варшава
- Калі акно магчымасцяў адкрыецца, мы павінны мець сцэнар
Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» ў складзе Каардынацыйнай Рады 4-га склікання Падчас VI фестывалю беларускай культуры «TUTAKA», які прайшоў ва ўрочышчы Барык пад Гарадком у Падляшскім ваяводстве Польшчы, Народнае антыкріснае ўпраўленне арганізавала панэльную дыскусію «Круглы стол у Польшчы ў 1989 годзе: ці магчымы такі сцэнар у Беларусі?». У дыскусіі прынялі ўдзел намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка, спікер Каардынацыйнай рады Беларусі Арцём Брухан, намесніца дырэктара Офіса Святланы Ціханоўскай Станіслава Гліннік, кіраўнік Беларускага саюза ў Польшчы, кіраўнік Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа, былы пасол Польшчы ў Беларусі і Грузіі Марыюш Машкевіч, беларускі і польскі гісторык, прафесар Алег Латышонак. «Мы бачым, што ў бліжэйшы час магчыма можа адкрыцца акно магчымасцяў. І калі яно адкрыецца, мы павінны мець сцэнар. Яразулескі ў Польшчы не гатовы быў праводзіць круглы стол, але быў вымушаны на яго пайсці, Лукашэнка сёння не гатовы. Але не вядома, што будзе, калі адкрыецца гэта акно магчымасцяў», — адзначыў Павел Латушка. «Калі мы кажам пра круглы стол, я пагаджуся з тэзісам, што нельга проста ўзяць гістарычны досвед Польшчы і перакласці стоадсоткава на Беларусь. Сітуацыя змянілася, тэхналогіі змяніліся, палітычны, геапалітычны кантэкст — усё рознае, але, мне падаецца, ва ўсіх мірных транзітах — круглы стол у Польшчы, круглыя сталы ў ГДР, транзіт улады ў Іспаніі — заўсёды была адна важная рэч — гатоўнасць да гэтага палітычных эліт, як апазіцыйных, так і ў першую чаргу наменклатурных», — падкрэсліў Арцём Брухан. «Наша задача — быць гатовымі да розных сцэнароў. Я асабіста абіраю круглы стол як тое, што хутчэй за ўсёдапаможа захаваць жыцці беларусаў. Гэта мусіць быць наш паслядоўны шлях да дэмакратыі. Ён хутчэй за ўсёдаўжэйшы, але ён і найменш стратны для людзей», — зазначыла Станіслава Гліннік «Круглы стол — гэта вялікі, мусіць быць, грамадскі кансенсус. Гэта мусіць быць згода ўсёй палітычнай апазіцыі на тое, каб гэта ўвогуле стартавала. І пытанне, калі ўжо пераходзіць канкрэтна, дзе ён мае адбывацца. У Польшчы круглы стол адбываўся ў Польшчы. Пытанне: дзе мае быць праведзены беларускі круглы стол?», — сцвердзіў Яўген Вапа. «Хуткасць развіцця і трансфармацыі польскай палітыкі, эканомікі, усяго ў Польшчы не такая, як мы жадалі з самага пачатку. Чаму? Таму што мы далі камуністам занадта шмат. Праблема не ў тым, што мы не дайшлі да дэмакратыі, што мы зараз знаходзімся ў дрэннай сітуацыі. Не. Польшча, на шчасце, з’яўляецца ў гэтым рэгіёне Еўропы самым лепшым прыкладам пазітыўнай трансфармацыі з дыктатуры да дэмакратыі, але мы патрацілі 10–15 гадоў», — адзначыў Марыюш Машкевіч. «Усё, што ў гісторыі здарылася пры маім жыцці, было для мяне неспадзяванкай, і таму я сабе ўяўляю кожны сцэнар, прычым хай будзе круглы стол як адзін са сцэнароў, але таксама могуць быць іншыя. Кожны варыянт магчымы, трэба да кожнага варыянта прынамсі маральна падрыхтавацца», — падкрэсліў Алег Латышонак.
- Павел Латушка прыняў удзел у фестывалі «Беларуская гасцёўня» на Падляшшы
Вiдэя: НАУ-медыя З мая па верасень у гарадах, гмінных цэнтрах і вёсках па ўсім Падляшскім ваяводстве Польшчы праходзяць фестывалі беларускай песні і культуры. Арганізатарам фэстаў з’яўляецца Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, якое сёлета адзначыла сваё 70-годдзе. Гэтым разам адначасова з фестывалем «TUTAKA», у вёсцы Бандары ў гміне Міхалова прайшоў і фестываль «Беларуская гасцёўня», які праводзіцца ўжо 25 гадоў. На фестывалі выступілі 14 рэгіянальных калектываў з розных гарадоў і вёсак Падляшша, сярод якіх — хор «Крыніца», які існуе ўжо 43 гады і быў заснаваны Беларускім грамадска-культурным таварыствам. На фэсце таксама прысутнічаў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка. Падчас фестывалю адбылася сустрэча Паўла Латушкі з прадстаўнікамі беларускай меншасці ў Польшчы. У ходзе яе былі абмеркаваны магчымасці ўзаемнага супрацоўніцтва і падтрымкі беларусаў. Раней Беларусь аказвала спрыянне ў развіцці культуры беларускай меншасці ў Польшчы. Аднак на дадзены момант дзяржава Беларусь адмовілася ад гэтай падтрымкі і практычна спыніла любую дапамогу беларускай меншасці ў Польшчы. Павел Латушка падчас размовы са старшынёй праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Базылем Сегенем адзначыў важнасць аб’яднання беларускай дыяспары і беларускай меншасці ў правядзенні розных мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне і развіццё беларускай песні і культуры. Фестывалі праходзяць пры падтрымцы Міністэртсва ўнутраных спраў і мясцовых уладаў Польшчы, за што Павел Латушка выказаў удзячнасць польскаму боку. «Лічу вельмі важным, каб беларуская дыяспара, якая зараз пражывае ў Польшчы, ведала пра гэтыя мерапрыемствы. Гэта ўнікальная магчымасць наведваць беларускія культурныя падзеі ў Польшчы і азнаёміцца з беларускім народным мастацтвам. Перакананы, што кожны, хто цікавіцца беларускай культурай, атрымае вялікую асалоду ад прысутнасці на дадзеных мерапрыемствах», — адзначыў Павел Латушка. Вiдэя: НАУ-медыя Галоўнай падзеяй, якая падводзіць вынікі фэстаў, з’яўляецца гала-канцэрт Агульнапольскага фестывалю «Беларуская песня», на якім сёлета Павел Латушка заснаваў штогадовую прэмію найлепшаму выканаўцу.
- Сустрэча ў канцылярыі Прэзідэнта Польшчы
Прэзідэнцкі палац. Варшава, Польшча. Крыніца: wikipedia.org Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка і дырэктар Офіса Святланы Ціханоўскай у Вільні Дзяніс Кучынскі правялі сустрэчу з Дзяржсакратаром, кіраўніком Бюро міжнароднай палітыкі у канцылярыі Прэзідэнта Польшчы Марцінам Пшыдачам. Падчас сустрэчы прадстаўнікам канцылярыі Прэзідэнта была прадстаўлена інфармацыя пра рэпрэсіі, якія працягваюцца ў Беларусі, на падставе дадзеных праваабарончых арганізацый, а таксама пра здзяйсненне рэжымам Лукашэнкі трансгранічных злачынстваў у дачыненні да беларусаў, якія пражываюць у Польшчы. Асобна бакі абмеркавалі вынікі выбараў у Каардынацыйную Раду Беларусі. Павел Латушка і Дзяніс Кучынскі падкрэслілі важнасць працягу палітыкі ціску на рэжым Лукашэнкі, паколькі ён не змяняе сваёй унутранай рэпрэсіўнай палітыкі, а таксама працягвае падтрымліваць агрэсію супраць Украіны. Павел Латушка перадаў інфармацыю польскаму боку пра дзеянні рэжыму, звязаныя з падрыхтоўкай да ўдзелу ў гарачай фазе агрэсіі супраць Украіны. Інфармацыя была прадстаўлена на падставе дакладу, падрыхтаванага НАУ. Прадстаўнікам канцылярыі Прэзідэнта Польшчы таксама была даведзена інфармацыя пра супольную нараду па бяспецы ў сувязі з магчымай эскалацыяй вакол Беларусі, якая прайшла 10 ліпеня 2026 года ў Аб’яднаным Пераходным Кабінеце. Польскаму боку было прадстаўлена бачанне правядзення нацыянальнага дыялогу ў Беларусі з выкарыстаннем інструмента круглага стала. Было адзначана на прыкладзе гістарычных падзей 1989 года ў Польшчы, што гэты інструмент дапамог польскаму народу перайсці ад дыктатуры да сучаснай еўрапейскай дэмакратыі. Павел Латушка і Дзяніс Кучынскі падзякавалі Дзяржсакратару Марціну Пшыдачу за падтрымку і адзначалі важнасць таго, што ў Польшчы захоўваецца супольны падыход як Прэзідэнта краіны, так і Урада наконт падтрымкі дэмакратычных сіл і будучых дэмакратычных змен у Беларусі. Таксама была выказана ўдзячнасць ад імя Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Офіса Святланы Ціханоўскай Прэзідэнту Польшчы Каралю Наўроцкаму за працяг традыцыі каляднага прыёму прадстаўнікоў беларускай супольнасці ў Прэзідэнцкім палацы, які ладзіцца ад імя прэзідэнта Польшчы, а таксама за падтрымку вольнай і дэмакратычнай Беларусі.
- Музею Вольнай Беларусі — 4 гады
Фота: Медыя Музея Вольнай Беларусі 17 ліпеня 2022 года Музей Вольнай Беларусі, праект Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, адкрыў свае дзверы ў Варшаве. За гэты час Музей разам з партнёрамі рэалізаваў дзясяткі выставачных праектаў, канцэртаў, тэатральных імпрэз, дзіцячых праграм, адукацыйных сустрэч, дыскусій і круглых сталоў. Наша музейная калекцыя папоўнілася амаль 700 артэфактамі, а архіў — тысячамі лічбавых сведчанняў, якія захоўваюць памяць пра падзеі найноўшай беларускай гісторыі. Да свайго 4-годдзя Музей Вольнай Беларусі падыходзіць у статусе намінанта на прэстыжную еўрапейскую музейную прэмію. Мы трапілі ў лонг-ліст Прэміі «Еўрапейскі музей года» і Музейнага прыза Савета Еўропы (EMYA-2027) і чакаем далейшых вынікаў. І гэта не ўсе прыемныя навіны! Па замове музея «Poczta Polska» выдала калекцыйныя паштовыя маркі з выявамі знакавых прадметаў з нашага фонду. Маркі надрукаваныя вельмі абмежаваным накладам, кожная з іх існуе толькі ў некалькіх экзэмплярах. У Дзень народзінаў Музей Вольнай Беларусі дае старт дабрачыннаму аўкцыёну. Для сяброў і прыхільнікаў Музея мы выстаўляем лот з трох камплектаў музейных марак з асабістымі подпісамі лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі Алеся Бяляцкага і Святланы Алексіевіч, а таксама вядомага мецэната, нашчадка славутага княжацкага роду Мацея Радзівіла. Удзельнічаць у аўкцыёне можна да 30 ліпеня. Усе сродкі, сабраныя падчас аўкцыёну, будуць накіраваныя на далейшую працу Музея — набыццё новых артэфактаў і стварэнне выстаў. Спасылка на аўкцыён: https://www.ebay.pl/itm/358802729073 Калі вы хочаце павіншаваць Музей з чатырохгоддзем і падтрымаць нашу працу – пакіньце данат па спасылцы https://freebelarus.museum/donations. А яшчэ выдатным падарункам для Музея будзе артэфакт з вашай асабістай гісторыяй! Калі ў вас ёсць тое, што можа расказаць аб вашым удзеле ў важных для краіны грамадска-палітычных падзеях — прыносьце, перадавайце, расказвайце! Мы ўсё яшчэ не дома. Але разам працягваем захоўваць тое, што не павінна знікнуць. Мы глыбока ўдзячныя кожнаму і кожнай, хто падтрымлівае Музей Вольнай Беларусі! А ў Дзень народзінаў ваша ўвага асабліва прыемна!
- Практычна завершана легалізацыя ў Польшчы ўсіх дэпартаваных у снежні 2025 года беларускіх палітвязняў
Фота: НАУ-медыя У ходзе сустрэчы намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка падзякаваў кіраўніку Ведамства па справах іншаземцаў Польшчы Томашу Цытрыновічу за аператыўны разгляд зваротаў па пытаннях легалізацыі практычна ўсіх былых палітычных зняволеных, дэпартаваных у снежні 2025 года з тэрыторыі Беларусі ва Украіну і пазней перамешчаных на тэрыторыю Польшчы. У сустрэчы таксама прынялі ўдзел дэлегат Каардынацыйнай Рады Міхаіл Кірылюк і кіраўніца дэпартамента прававой дапамогі Цэнтра Беларускай Салідарнасці Вольга Дабравольская. Падчас сустрэчы былі абмеркаваны два кейсы былых палітзняволеных, якія на дадзены момант не атрымалі свайго прававога рашэння. Па адным з іх дасягнута дамоўленасць, што не будзе прымяняцца дублінская працэдура і разгляд аб прадстаўленні міжнароднай абароны адбудзецца на тэрыторыі Польшчы. У сваю чаргу другі кейс знаходзіцца ў працэдуры абскарджання ў Радзе па справах уцекачоў. Па гэтай сітуацыі Павел Латушка накіруе хадайніцтва ў адрас Рады з просьбай не ажыццяўляць дублінскую працэдуру. Таксама пазітыўна вырашаны кейсы двух грамадзян Беларусі па аднаўленні разгляду іх спраў аб атрыманні міжнароднай абароны, разгляд якіх працягваецца ўжо больш за адзін год, за што Павел Латушка выказаў удзячнасць Томашу Цытрыновічу. Падчас сустрэчы зноў абмяркоўвалася пытанне аб падаўжэнні тэрміну дзеяння дакумента падарожніка, які выдаецца грамадзянам Беларусі на адзін год. Кіраўнік Ведамства па справах іншаземцаў Польшчы адзначыў, што для практычнай рэалізацыі гэтага неабходны адпаведныя заканадаўчыя змены. Павел Латушка адзначыў, што ініцыюе асобную сустрэчу з кіраўніцтвам Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы для таго, каб зноў абмеркаваць магчымасць унясення зменаў у закон аб іншаземцах, які дазволіў бы выдаваць праязны дакумент не менш чым на два гады. Таксама Кіраўнік Ведамства звярнуў увагу, што колькасць рашэнняў аб прадастаўленні міжнароднай абароны ў апошні час пачынае перавышаць колькасць зваротаў грамадзян Беларусі па атрыманне дадзенага статусу і да канца года сітуацыя будзе яшчэ паляпшацца. Удзельнікі сустрэчы звярнулі увагу на выпадкі адмовы ў міжнароднай абароне са спасылкай на нібыта заканчэнне тэрмінаў даўнасці па крымінальнай адказнасці за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе. Было адзначана, што гэта не паляпшае прававое становішча беларусаў, а наадварот — пагаршае. У беларускай сітуацыі заканчэнне тэрмінаў даўнасці не азначае адмовы ад крымінальнага пераследу, бо так званыя праваахоўчыя органы перакваліфікоўваюць крымінальныя справы на больш цяжкія артыкулы, якія прадугледжваюць даўжэйшыя тэрміны зняволення. Ведамству па справах іншаземцаў Польшчы была перададзена справаздача праваабарончага цэнтра «Вясна» пра рэпрэсіі ў Беларусі, а таксама даклад «Пра рэальны маштаб палітычных рэпрэсій у Беларусі», падрыхтаваны BELPOL, Прадстаўніцтвам Кабінета па сацыяльнай палітыцы і ініцыятывай «Volnyja» з выкарыстаннем матэрыялаў праваабарончых арганізацый «Dissidentby» і «Вясна». Як падкрэсліў Павел Латушка, у дакладзе Спецыяльнага дакладчыка ААН, адзначаецца, што «Беларусь працягвае сістэматычна і груба парушаць свае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, працягваючы палітычна матываваныя рэпрэсіі і цалкам падаўляючы свабоду выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцый». Павел Латушка звярнуўся з просьбай да кіраўніцтва Ведамства па справах іншаземцаў улічваць працяг рэпрэсій ў Беларусі пры разглядзе рашэнняў аб прадастаўленні міжнароднай абароны грамадзянам Беларусі. Таксама падчас сустрэчы былі перададзены матэрыялы па прадастаўленні міжнароднай абароны шэрагу былых артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якія сёння працуюць у трупе «Вольныя Купалаўцы», з просьбай аб прыняцці станоўчага рашэння па гэтых зваротах.
- Павел Латушка прыняў удзел у святкаванні беларускага Купалля ў Белавежы
У Белавежы прайшло святкаванне Купалля, якое сабрала тысячы беларусаў, што жывуць у Падляшскім ваяводстве. У мерапрыемстве прыняў удзел намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка. Беларускае Купалле ў Белавежы праходзіць ужо 42 гады. Арганізатарам Беларускага Купалля з’яўляецца Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы. Традыцыі гэтага свята стагоддзямі захоўваюцца беларускай меншасцю, якая пражывае ў Польшчы. У апошнія гады да мерапрыемстваў, прысвечаных гэтаму найбольш вядомаму і традыцыйнаму святу беларусаў, далучаюцца і прадстаўнікі беларускай дыяспары. Фота: НАУ-медыя «Як міністр культуры, пасол і консул Беларусі ў Польшчы я аказваў пастаянную падтрымку беларускай меншасці ў Польшчы. Зараз, як беларускі палітык, лічу вельмі важным працягваць гэты падыход. Важна, каб беларуская меншасць і беларуская дыяспара ў Польшчы аб’ядноўваліся дзеля захавання нацыянальнай культуры, мовы і традыцый. Мы ўдзячныя Міністэрству ўнутраных спраў Польшчы, якое аказвае фінансавую падтрымку ў правядзенні гэтага мерапрыемства». На мерапрыемстве выступіла 30 беларускіх гуртoў з Беласточчыны, у тым ліку калектыў «Прымакі», у складзе якога спявае і дачка Паўла Латушкі — Яна Латушка. А завяршылася мерапрыемства абрадам пускання вянкоў на ваду. Фота: НАУ-медыя «Я дзякую беларускай меншасці ў Польшчы, якая захоўвае і культывуе народныя традыцыі, любоў да беларускай мовы, беларускай песні і беларускай культуры», — адзначыў Павел Латушка. Яна Латушка прыняла ўдзел у святкаванні беларускага Купалля ў Польшчы Фота: НАУ-медыя Дэлегатка Каардынацыйнай Рады ў складзе фракцыі «Латушка і Рух за Свабоду» Яна Латушка прыняла ўдзел у канцэрце, прысвечаным беларускаму народнаму святу Купалле, які прайшоў у Белавежы. Фота: НАУ-медыя Яна выступае ў складзе калектыву беларускай меншасці, якая пражывае ў Польшчы, — «Прымакі», які ўжо шмат гадоў захоўвае нашу песенную спадчыну. На свята сабраліся тысячы гасцей з усяго Падляшскага ваяводства. Фестываль ладзіцца пры фінансавай падтрымцы Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы.
- У Гайнаўскім ліцэі ўручылі прэмію лепшаму настаўніку беларускай мовы, заснаваную Паўлам Латушкам
Крыніца: racyja.com Сёння падчас урачыстасці, прысвечанай заканчэнню 2025/2026 навучальнага года ў II Агульнаадукацыйным ліцэі з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы, была ўручана грашовая прэмія, заснаваная з уласных сродкаў намеснікам кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегатам Каардынацыйнай Рады Паўлам Латушкам, для лепшага настаўніка беларускай мовы, літаратуры і гісторыі II Агульнаадукацыйнага ліцэя з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы. Дадзеная прэмія была ўручана Яну Карчэўскаму — настаўніку беларускай мовы. Спадар Карчэўскі з’яўляецца арганізатарам Конкурсу беларускай гавэнды, ужо шмат гадоў з поспехам рыхтуе вучняў да Агульнапольскай алімпіяды беларускай мовы, а таксама выступае ініцыятарам і арганізатарам шматлікіх мерапрыемстваў і ўрачыстасцяў, накіраваных на падтрымку і развіццё мовы і культуры беларускай нацыянальнай меншасці, з’яўляецца метадыстам по выкладанні беларускай мовы пры Цэнтры адукацыі настаўнікаў у Беластоку. «Ваша адданасць справе, высокі прафесіяналізм і здольнасць заражаць вучняў любоўю да роднага слова выклікаюць шчырае захапленне. Нізкі вам паклон за вашу ахвярную працу і за тое, што вы выхоўваеце сапраўды годнае, свядомае і таленавітае пакаленне беларусаў», — адзначыў у прывітальным лісце Павел Латушка. Павел Латушка ў сваім лісце звярнуўся да вучняў і выпускнікоў гайнаўскага ліцэя: «Віншую ўсіх ліцэістаў з афіцыйным заканчэннем заняткаў, а выпускнікам жадаю поспехаў і паступлення ў найлепшыя вышэйшыя навучальныя ўстановы Польшчы ды іншых еўрапейскіх краін. Вы можаце шчыра ганарыцца тым, што навучаліся ў aдным з найлепшых ліцэяў Польшчы, і тым, што не адмовіліся ад сваіх каранёў, разумеючы важнасць захавання спадчыны продкаў для будучых пакаленняў». Павел Латушка пацвердзіў, што ўсталёўвае дадзеную грашовую прэмію на штогадовай аснове, каб і надалей падтрымліваць найлепшых настаўнікаў ліцэя. Павел Латушка адзначыў, што ўжо на працягу 30 гадоў на пасадах консула Беларусі ў Беластоку, пасла Беларусі ў Польшчы, міністра культуры, пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ЮНЕСКА, а сёння як беларускі палітык падтрымлівае і дапамагае ў дзейнасці II Агульнаадукацыйнага ліцэя з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы. Таксама па ініцыятыве Паўла Латушкі была заснавана грашовая ўзнагарода для пераможцаў Агульнапольскага фестывалю «Беларуская песня».
- Павел Латушка правёў сустрэчу са спецдакладчыцай ПАРЕ па палітвязнях
Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, чалец дэлегацыі КР у Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Павел Латушка правёў сустрэчу са спецдакладчыцай па палітычных зняволеных ПАРЕ, дэпутаткай парламента Швецыі Азадэ Роджан. У ходзе сустрэчы бакі абмеркавалі будучы даклад ПАРЕ, у якім будзе адлюстравана сітуацыя з палітвязнямі ў Беларусі і прадстаўлены рэкамендацыі дзяржавам-членам Рады Еўропы. У сустрэчы таксама ўзялі удзел сакратар Камітэта па юрыдычных пытаннях і правах чалавека ПАРЕ Рафал Сокал і чаліня Каардынацыйнай Рады, сакратарка дэлегацыі КР у ПАРЕ Ксенія Луцкіна У ходзе сустрэчы была прадстаўлена інфармацыя спецдакладчыцы пра актуальную сітуацыю з палітычнымі зняволенымі, а таксама перададзена справаздача аб вызваленні палітвязняў і становішчы былых палітычных зняволеных у Беларусі. Асобна была прадстаўлена стратэгія дэмакратычных сіл па гэтым пытанні. Павел Латушка праінфармаваў пра беспрэцэдэнтны для Еўропы маштаб транснацыянальных рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі, якія адпавядаюць паняццю «злачынства супраць чалавечнасці». Таксама ў ходзе сустрэчы Павел Латушка адзначыў, што вельмі важна лабіяваць у краінах-членах Рады Еўропы паскарэнне атрымання дакументаў аб легалізацыі для дэпартаваных палітвязняў. Павел Латушка і Ксенія Луцкіна агучылі актуальныя праблемы, датычныя важнасці дапамогі вызваленым палітвязням: фінансавыя ўнёскі ў Міжнародны гуманітарны фонд, дапамога для LIBERECO і іншых праваабарончых арганізацый, ануляванне пашпартоў былых палітычных зняволеных, якія былі дэпартаваныя. У ходзе сустрэчы была закранута тэма «штучна створанага гуманітарнага крызісу» праз рэжым Лукашэнкі, які звязаны з масавымі дэпартацыямі былых палітзняволеных. Было таксама адзначана, што вызваленыя палітычныя зняволеныя, якія застаюцца ў Беларусі, выціскаюцца з краіны. Спецдакладчыца па палітычных зняволеных ПАРЕ Азадэ Роджан падчас сустрэчы выказала гатоўнасць спрыяць вырашэнню тых праблемных пытанняў, якія адзначаны падчас сутсрэчы. Таксама адзначыла, што падзяляе пазіцыю дэмакратычных сіл Беларусі і што не бачыць прычын гаварыць пра нармалізацыю сітуацыі з палітвязнямі, паколькі спіс пастаянна папаўняецца, а людзі, якія засталіся ўнутры краіны, падвяргаюцца ціску. Па выніках сустрэчы бакі дамовіліся аб працягу супрацоўніцтва, а перададзеныя падчас сустрэчы дакументы будуць улічаны ў справаздачы спецдакладчыцы ПАРЕ па палітычных зняволеных.
- Змаганне рэжыму Лукашэнкі з беларускай культурай набыло беспрэцэдэнтныя маштабы
Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прадстаўнік АПК па транзіце ўлады. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» у складзе Каардынацыйнай Рады 3-га склікання. Тэзісы выступу намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, члена дэлегацыі Каардынацыйнай рады ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Паўла Латушкі па пытанні беларускай культуры на пасяджэнні Камітэта ПАСЕ па культуры, навуцы, адукацыі і СМІ На працягу дзесяцігоддзяў Лукашэнка змагаўся з беларускай культурай, але зараз гэта набыло беспрэцэдэнтныя маштабы. Культура сёння з’яўляецца адной з галоўных мішэняў палітычных рэпрэсій у Беларусі. Таксама яна з’яўляецца асноўнай арэнай гібрыднай вайны Расіі супраць Беларусі, мэтай якой з’яўляецца перафарматаванне беларускай ідэнтычнасці. Падобныя працэсы ідуць на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны. Уся структура нелегітымнай улады ў Беларусі інфільтраваная агентамі ўплыву Масквы. Працэс запускаецца праз пракрамлёўскіх псеўдаактывістаў, якія пішуць даносы на любыя праявы нацыянальнай ідэнтычнасці. Сілавікі і прапагандысты выкарыстоўваюць гэта як нагоду для рэпрэсій, а курыруюць працэс расійскія ідэолагі пры фінансавай падтрымцы расійскіх фондаў і пад прамым наглядам пасольства Расіі ў Мінску. На фоне рэпрэсій супраць беларускай культуры расійскія артысты, расійскія мерапрыемствы і расійскія прафесіяналы запаўняюць культурную прастору ў Беларусі, якая «вызвалена» ад беларускіх спецыялістаў і ініцыятыў. Праца Крамля ў дачыненні да Беларусі накіравана на перафарматаванне нацыянальнай ідэнтычнасці, на тое, каб беларусы адчувалі сябе часткай рускай культуры. Гэта падрыхтоўка да магчымай анексіі Беларусі, каб беларускае грамадства ставілася да яе лаяльна. «Рэпрэсіі ў Беларусі выйшлі за рамкі пераследу палітычных актывістаў і цяпер уключаюць у сябе сістэматычную перабудову культурнай прасторы, сістэмы адукацыі, выкарыстання мовы і гістарычных наратываў. Беларуская культурная і нацыянальная ідэнтычнасць, а таксама моўная прыналежнасць усё часцей разглядаюцца як прыкметы палітычнай апазіцыі», — падкрэсліваецца ў апублікаваным у межах 62-й сесіі Савета ААН па правах чалавека дакладзе адмысловага дакладчыка ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нілса Муйжніекса. Нядаўнія масавыя вызваленні палітычных зняволеных адбываліся паралельна з мэтакіраванымі рэпрэсіямі супраць дзеячаў культуры: сілавыя структуры метадычна працуюць з асобамі, якія мелі кантакты з канкрэтнымі культурнымі арганізацыямі, што дзейнічаюць за мяжой, а таксама накіроўваюць свае намаганні на канкрэтныя сферы культуры. Паводле даных беларускага ПЭН-клуба: у цэлым, прынамсі 117 прадстаўнікоў культурнай сферы знаходзяцца ў турмах (у тым ліку Павел Белавус — заснавальнік Symbal.by і кампаніі "Godna", Алег Хаменка — музыкант, радыёвядучы, выкладчык, кампазітар, прадзюсар, лідар гурта "Палац"), установах адкрытага тыпу («хімія») або адбываюць тэрміны ў умовах «хатняй хіміі» па палітычных матывах. У турме Гродна 11 ліпеня 2023 года памёр палітзняволены мастак Алесь Пушкін. Алесь Пушкін. Фота: «Радыё Свабода Станам на 2026 год у Беларусі няма ніводнай моўнай школы, дзе замежнікі маглі б вывучаць беларускую мову. Праекты, якія папулярызуюць беларускую культуру і гісторыю, падвяргаюцца нападкам прапагандыстаў. Пад ціскам закрываюцца нават праўладныя, але беларускамоўныя ініцыятывы. Не спыняюцца арышты ўдзельнікаў культурных праектаў. У 2024–2025 гадах разгарнулася сістэмнае паляванне на рэдактараў і адміністратараў беларускамоўнай Вікіпедыі. У выніку рэпрэсій і крымінальных спраў колькасць новых артыкулаў на беларускай мове ў гэтай анлайн-энцыклапедыі ўпала да гістарычнага мінімуму. Рэжым Лукашэнкі з 2020 года ліквідаваў больш за 260 арганізацый, якія належаць да сферы культуры або маюць культурны складнік у сваёй дзейнасці. Паводле даных маніторынгу арганізацыі Беларускі ПЭН, вядомыя імёны як мінімум 428 дзеячаў і работнікаў культуры, звольненых па палітычных матывах пасля падзей 2020 года ў Беларусі. У Беларусі адмяняюцца тэатральныя пастаноўкі, беларускамоўныя тэатры русіфікуюцца. У кіраўніцтва беларускіх тэатраў замест звольненых спецыялістаў былі прызначаны мастацкія кіраўнікі з Расійскай Федэрацыі (больш за пяць выпадкаў). У нацыянальным, акадэмічным, вядучым драматычным тэатры краіны, дзе я працаваў генеральным дырэктарам, прызначаны расійскі рэжысёр і ў трупу набіраюцца расійскія акцёры. У адзіны да нядаўняга часу цалкам беларускамоўны тэатр у Беларусі. Рэпрэсіям, цэнзуры або кадравым чысткам падверглася абсалютная большасць вядучых дзяржаўных і ўсе незалежныя тэатры краіны. Толькі з Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы былі звольнены 58 чалавек (уключаючы 36 акцёраў — амаль уся трупа). Па даносах забараняюцца фестывалі і выставы. Манапалізацыя культурнай прасторы дзяржавай, у прыватнасці абавязковы дазвол на арганізацыю мерапрыемстваў, стварае ўмовы для карупцыі і цэнзуры. Амаль усе ўстановы культуры, створаныя беларусамі за мяжой, таксама прызнаны экстрэмісцкімі фарміраваннямі (напрыклад, Музей Вольнай Беларусі, «Вольныя купалаўцы», «Будзьма беларусамі», «ІншыЯ» і іншыя), што азначае: у выпадку, калі грамадзяне з Беларусі будуць глядзець іх праекты, матэрыялы ці наведваць іх за мяжой, гэта таксама пагражае палітычным пераследам. Крыніца: spring96.org/ru/news/119805 Цалкам ліквідаваны на тэрыторыі Беларусі вядучыя незалежныя беларускія выдавецтвы («Янушкевіч», «Кнігазбор»). У лютым 2026 года прайшла новая хваля вобшукаў і арыштаў выдаўцоў і дыстрыб’ютараў. Найбуйнейшыя выдавецтвы (Gutenberg Publisher, Логвінаў і інш.) абвешчаны экстрэмісцкімі. Экстрэмісцкім абвешчаны Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільнюсе, ідзе хваля вобшукаў і арыштаў у яго цяперашніх і былых студэнтаў. У спісы «экстрэмісцкіх матэрыялаў» унесены працы беларускіх гісторыкаў (З. Шыбека, В. Ластоўскі) і мастацкія творы класікаў літаратуры (В. Дунін-Марцінкевіч, Л. Геніюш, Н. Арсеннева, У. Някляеў). З школьнай праграмы па патрабаванні прапагандыстаў выключаны раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Па палітычных прычынах міністэрства інфармацыі рэжыму прызнала забароненымі да распаўсюджвання 258 кніг (мастацкая, гістарычная, паліталагічная літаратура), а суды, МУС і КДБ унеслі ў спіс так званых «экстрэмісцкіх» матэрыялаў больш за 9 тысяч аб’ектаў (сайты, старонкі ў сацсетках, друкаваныя выданні). З 2019 па 2024 год колькасць назваў кніг на беларускай мове ў Беларусі скарацілася з 1271 да 893, а агульны тыраж упаў амаль на 700 000 экзэмпляраў. У 2022 годзе створаны Савет па гістарычнай палітыцы і прыняты рэпрэсіўны закон «Аб генацыдзе беларускага народа» для крымінальнага пераследу за нязгоду з дзяржаўнымі міфамі. Больш за 50 гісторыкаў звольнены або выгнаны з краіны. У 2024–2025 гадах Масква і Мінск узгаднілі ўкараненне адзіных падручнікаў па гісторыі «Саюзнай дзяржавы» на 2026–2027 гады, дзе перыяд Рэчы Паспалітай названы «цяжкім выпрабаваннем», а перыяд Расійскай імперыі — «эпохай міру і мадэрнізацыі». Беларуская Народная Рэспубліка – першая беларуская нацыянальная дэмакратычная дзяржава, якая ўзнікла ў 1918 годзе, выкідваецца з гістарычнага наратыву. У 2023–2025 гадах па ўсёй краіне дэмантаваны помнікі і знакі ў гонар нацыянальных герояў: Тадэвуша Касцюшкі, Кастуся Каліноўскага, Ларысы Геніюш. Замест беларускіх герояў у Мінску і іншых гарадах узводзяцца помнікі дзеячам расійскай гісторыі (напрыклад, 11-метровы манумент Аляксандру Неўскаму). З 2023 года ўведзена жорсткая палітычная сертыфікацыя гідаў. За выкарыстанне беларускай мовы і «няправільныя» гістарычныя ацэнкі гідаў арыштоўваюць проста падчас экскурсій. З інфраструктуры гарадоў цалкам прыбрана беларуская лацінка. На транспарце (напрыклад, у Гродне, Маладзечне) адмяняюцца аўдыяаб’явы на беларускай мове. На сённяшні дзень толькі 1,4% нарматыўных актаў у краіне публікуюцца на беларускай мове. У 1994 годзе 58% першакласнікаў Мінска вучыліся на беларускай мове; да 1999 года іх колькасць скарацілася да 5,3%. У 2023 году толькі 10% школьнікаў навучаліся на роднай мове, пераважна ў сельскіх школах, якія закрываюцца. Беларускамоўныя гімназіі ў рэгіёнах прымусова пераводзяцца на рускую мову. Беларуская мова разглядалася як мова апазіцыі. А цяпер гэта мова, якая ўспрымаецца Лукашэнкам як элемент супраціву супраць яго ўлады. Многія беларусы не выкарыстоўваюць публічна беларускую мову, бо баяцца рэпрэсій і пераследу. Нават у маю бытнасць міністрам культуры я быў адзіным членам урада, які публічна выкарыстоўваў беларускую мову ў грамадскай камунікацыі. Сам Лукашэнка казаў, што беларусы — гэта тыя ж рускія, толькі са знакам якасці, ён пастаянна ўжывае рускую мову і лічыць, што гэта наша родная мова. Лукашэнка мне калісьці сам-насам сказаў (хоць я ўспрымаю гэта як ілжывы тэзіс), што ён бы таксама загаварыў па-беларуску, але тады Пуцін будзе прадаваць яму нафту значна даражэй. То-бок ён гатовы прадаць беларускую культуру, беларускую мову, гісторыю за эканамічныя інтарэсы, за куплю нафты і газу. У гэтым сутнасць гэтага прасавецкага і прарасійскага палітыка. Захад доўгі час успрымаў сітуацыю ў Беларусі выключна як лакальны крызіс правоў чалавека. Гэта небяспечная памылка. Сёння культура і ідэнтычнасць — гэта лінія фронту. Без маштабнай, сістэмнай і рашучай падтрымкі беларускай культуры Еўрапейскі саюз у самым бліжэйшым будучыні атрымае непасрэдна каля сваіх граніц альбо афіцыйны новы рэгіён Расійскай Федэрацыі, альбо краіну з цалкам замененым расійскім менталітэтам — глыбока агрэсіўным, мілітарызаваным і варожым у адносінах да Еўропы. Знішчэнне беларускай культуры ператварае 9-мільённае еўрапейскае грамадства ў безаблічны мабілізацыйны і ідэалагічны рэсурс для ваенных авантур Крамля. Нацыя можа выжыць без дзяржаўных граніц, але не можа выжыць без моцнай нацыянальнай ідэнтычнасці. Калі мы будзем удзяляць культуры дастаткова ўвагі, гэта дапаможа нам не гаварыць пра новыя ваенныя базы ў будучыні. Сацыялагічныя даныя даследавання нацыянальнай ідэнтычнасці, праведзенага для Фонду Эберта, паказваюць, што менавіта нацыянальна арыентаваныя беларусы ў найбольшай ступені падтрымліваюць ідэю еўрапейскай інтэграцыі і еўрапейскага выбару Беларусі, у адрозненне ад прасавецкіх і русіфікаваных. Рэкамендацыі і план дзеянняў для дэмакратычнай Еўропы. Дадзеныя прапановы аб’ядноўваюць прапановы ад Прадстаўніцтва Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні, Беларускай Рады культуры, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Палітычнае прызнанне этнацыду і санкцыі: Прыняць рэзалюцыі на ўзроўні ПАРЕ і Еўрапарламента, якія афіцыйна кваліфікуюць дзеянні Расіі і рэжыму Лукашэнкі як гібрыдную акупацыю і паўзучы этнацыд беларускага народа. Увесці санкцыі супраць чыноўнікаў, сілавікоў і прапагандыстаў, адказных за пераслед мовы і культуры, а таксама расійскіх фондаў, якія іх фінансуюць. Русіфікацыя выкарыстоўваецца як інструмент кантролю, а знішчэнне нацыянальнай культуры — як спосаб аслаблення грамадства. Менавіта таму падтрымка беларускай культуры — гэта пытанне свабоды, суверэнітэту і еўрапейскай бяспекі. Стварэнне Еўрапейскага фонду беларускай культуры: Разгарнуць маштабныя праграмы інстытуцыйнай і фінансавай падтрымкі незалежных беларускіх культурных устаноў і ініцыятыў, адукацыйных праектаў як унутры краіны, так і ў эміграцыі. Стварыць 2-3-гадовую падпраграму для беларусаў у межах праграмы «Крэатыўная Еўропа». Падтрымаць ініцыятывы па інтэграцыі незалежнай беларускай культуры ў еўрапейскі кантэкст, а таксама пашырыць яе прадстаўніцтва на еўрапейскіх платформах. Інвестыцыі ў культуру сёння — гэта інвестыцыі ў дэмакратыю, стабільнасць і бяспеку Еўропы заўтра. Абарона лічбавай і гістарычнай спадчыны: Выдзеліць мэтавыя гранты на алічбоўку беларускіх архіваў, кніг, развіццё беларускамоўнага IT-сектара і падтрымку праектаў, якія вяшчаюць унутр краіны для дэканструкцыі наратываў «Рускага свету». Размежаваць падтрымку беларусаў і апазіцыйных расіян («добрых рускіх»). Падтрымаць ініцыятывы, накіраваныя на аб’яднанне дзеячаў з краін, якія адчуваюць спробы расійскага ўплыву (Беларусь, Украіна, Малдова, Грузія, Арменія, Казахстан). Не дапусціць новай «жалезнай заслоны» паміж Беларуссю і Еўропай. Сёння беларускія мастакі, музыканты, пісьменнікі і даследчыкі працягваюць будаваць масты паміж Беларуссю і Еўропай. Але гэтыя масты становяцца ўсё больш крохкімі. Абмежаванні на перамяшчэнне, цяжкасці з візамі, праблемы з адкрыццём банкаўскіх рахункаў і доступам да прафесійных магчымасцей рызыкуюць стварыць новую «жалезную заслону» — не паміж рэжымамі — дэмакартычнымі і аўтарытарнымі, а паміж людзьмі. Трэба захаваць і пашырыць магчымасці для мабільнасці беларусаў. Еўропа павінна заставацца адкрытай для беларускага грамадства, нават калі Беларусь пакуль застаецца закрытай для Еўропы.











