Пошук па сайце
Search this site
1023 results found with an empty search
- Павел Латушка праінфармаваў палітычны Камітэт ПАРЕ пра вынікі выбараў у Каардынацыйную Раду
Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прадстаўнік АПК па транзіце ўлады. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» у складзе Каардынацыйнай Рады 3-га склікання. Дэлегат Каардынацыйнай Рады, чалец дэлегацыі КР у Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Павел Латушка выступіў на пасяджэнні Камітэта па палітычных пытаннях і дэмакратыі ПАРЕ. Павел Латушка адзначыў велізарны маштаб рэпрэсій у Беларусі, якія не спыняюцца, звярнуўшы ўвагу на тое, што, паводле Dissidentby, на сённяшні дзень 920 чалавек прызнаныя палітвязнямі. А паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», з 2020 года прынамсі 9 691 чалавек зведаў палітычна матываваны крымінальны пераслед. Як мінімум 8 394 чалавекі былі асуджаныя, у тым ліку завочна. «Наймаштабнейшыя ў гісторыі Еўропы XXI стагоддзя рэпрэсіі ў Беларусі не проста працягваюцца — яны ўжо даўно набылі форму сістэмнага дзяржаўнага тэрору. Канвеер рэпрэсій не спыняецца ні на адзін дзень». Павел Латушка падкрэсліў, што для дасягнення сапраўдных, а не касметычных палітычных зменаў у нашай краіне, мы прапануем стратэгію, якая складаецца з двух кірункаў: ЗША, задзейнічаючы свае інструменты санкцыйнага ціску на рэжым, дамагаюцца вызвалення палітычных зняволеных. І тут важна дабіцца таксама спынення рэпрэсій. Еўрапейскі саюз і іншыя дэмакратычныя краіны мы просім паслядоўна выкарыстоўваць санкцыйныя механізмы як рычаг для дасягнення рэальных сістэмных зменаў у Беларусі. «Мы просім, каб пасыл для рэжыму з боку еўрапейскіх партнёраў быў адназначным: спачатку дыялог з беларускім грамадствам». Асобна падчас выступу Павел Латушка праінфармаваў палітычны Камітэт ПАРЕ пра вынікі выбараў у Каардынацыйную Раду. Падчас выступу было адзначана, з якім беспрэцэдэнтным ціскам давялося сутыкнуцца пры правядзенні гэтых выбараў. «Рэжым ствараў атмасферу страху сярод беларусаў. Усе спісы, якія ўдзельнічалі ў выбарах, былі прызнаныя экстрэмісцкімі, гэтаксама як і сама Каардынацыйная Рада прызнаная экстрэмісцкай арганізацыяй. Рэжым прадэманстраваў фэйкавыя затрыманні грамадзян Беларусі ўнутры краіны нібыта за ўдзел у выбарах, пад рэпрэсіі трапілі блізкія кандыдатаў на выбарах, каб змусіць іх адмовіцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі. Была арганізаваная маштабная кампанія па дыскрэдытацыі і дэзінфармацыі як у дачыненні да самой Каардынацыйнай Рады, так і, у прынцыпе да выбараў. Мы сутыкнуліся з нябачанымі раней па маштабе DDoS-атакамі. Падчас выбараў на электронную платформу Каардынацыйнай Рады для галасавання было здзейснена больш за 24 мільярды запытаў, што згенеравала каля 68 тэрабайт шкоднага трафіку». Таксама падчас выступу Павел Латушка вызначыў некалькі важных прыярытэтаў, па якіх дэлегацыя КР у ПАРЕ працягне працу: Лабіяваць у камунікацыі з калегамі ў ПАРЕ, каб іншыя краіны далучыліся да расследавання пракурорам Міжнароднага крымінальнага суда «беларускай сітуацыі». Фокус на трансгранічных злачынствах. Падтрымка працы Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны. Прыцягненне да адказнасці Лукашэнкі за незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей у межах справы, якая ўжо расследуецца ў МУС. Імплементацыя Люксембургскіх пагадненняў, прынятых ПАРЕ, што тычыцца практычнага вырашэння пытанняў легалізацыі беларусаў за мяжой, з улікам таго, што беларусы знаходзяцца ў выключнай сітуацыі, калі рэжым Лукашэнкі забараніў выдачу і падаўжэнне пашпартоў для грамадзян Беларусі, якія пражываюць за мяжой. Падтрымка палітвязняў. «Як дэлегацыя дэмакратычнай Беларусі ў ПАРЕ, мы нацэленыя на доўгатэрміновае і канструктыўнае супрацоўніцтва з ПАРЕ. Веру, што сумеснымі намаганнямі мы вернем Беларусь у вялікую еўрапейскую сям’ю дэмакратычных народаў».
- Латушка: Калі мы распусьцім Каардынацыйную раду, генэралы ў Менску будуць сьвяткаваць новыя званьні
Павел Латушка, Варшава, 2026. Фатограф: Руслан Серадзюк Выбары заўсёды былі і застаюцца галоўнай крыніцай дэмакратыі, і мы ня маем права ва ўмовах таталітарнай дыктатуры ўнутры краіны адмовіцца ад гэтага ўнікальнага інструмэнту. Ён дазваляе фармаваць дэмакратычны інстытут галасамі беларусаў, незалежна ад таго, дзе мы пражываем, піша ў сваім звароце да аўдыторыі Свабоды Павал Латушка, намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту і лідэр выбарчага сьпісу на выбарах у Каардынацыйную раду «Кааліцыя Латушка і Рух „За Свабоду“». Крынiца: svaboda.org Нельга дапусьціць, каб мы перарвалі працэс дэмакратычнага фармаваньня нашых інстытутаў менавіта зараз, калі існуе рэальная пагроза будучыні краіны і яе незалежнасьці. Пры гэтым важна разумець, што легітымнасьць Каардынацыйнай рады вызначаецца ня толькі колькасьцю тых, хто прагаласаваў, але і аб’ёмам, а таксама маштабам задач, якія вырашаюцца ў інтарэсах Беларусі і беларусаў, і распаўсюджваньнем дзейнасьці на тэрыторыі краін сьвету, дзе пражываюць беларусы. Безумоўна, крытыкаваць Каардынацыйную раду за неэфэктыўнасьць можна і трэба, але пры гэтым нельга заплюшчваць вочы і забываць пра тое, што Каардынацыйная рада знаходзіцца на першай лініі ціску з боку ўсіх відаў спэцслужбаў рэжыму. Мэта рэжыму і яго спэцслужбаў абсалютна відавочная — зьнішчыць прадстаўнічы орган беларусаў. Ці гатовыя мы пагадзіцца з тым, што нашы інтарэсы і інтарэсы рэжыму, якія заключаюцца ў дэпалітызацыі грамадзтва і ліквідацыі выбараў як формы праявы дэмакратыі, супадаюць? Адказ, думаю, больш чым відавочны — не. І гэты адказ даюць 9 сьпісаў і 172 кандыдаты на выбарах у незалежны ад дыктатуры Лукашэнкі парлямэнт — Каардынацыйную раду, якія бяруць на сябе палітычную адказнасьць і гатоўнасьць рызыкаваць, калі хочаце, нават жыцьцём і здароўем для таго, каб калектыўны голас беларусаў быў пачуты. Сёньня мы фактычна знаходзімся на вайне, дзе ў ход ідзе ня толькі зброя, але і дэзынфармацыя з мэтай дыскрэдытацыі. Таму нам важна быць талерантнымі і ўдумлівымі ў сваіх ацэнках, не дазваляючы сабе спэкуляваць на тых наратывах, якія штучна ствараюцца ўнутры рэжыму, каб нас дэматываваць працягваць палітычную барацьбу. Паспрабуем уявіць сабе ідэальны сцэнар: на выбарах у Каардынацыйную раду свае галасы аддалі 1 мільён беларусаў і беларусак. Ці вырашыцца хтосьці з міжнародных партнэраў абысьці наш інтарэс? Не ўлічыць яго ў сваіх адносінах з рэжымам, які ўзурпаваў уладу ў нашай краіне? Вядома, не. Ці будзе гэты голас уплываць на ўнутраную палітычную сытуацыю ў Беларусі? Безумоўна, так. Сапраўдны, а не рэжымны парлямэнт — гэта наш з вамі рэальны голас на міжнароднай арэне Давайце паглядзім, чаго нам удалося дасягнуць нават з шасьцю тысячамі сямюстамі выбаршчыкамі, якія прагаласавалі за Каардынацыйную раду III скліканьня ў 2024 годзе. На сёньняшні дзень наш прадстаўнічы орган прызнаны Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы, а таксама Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных улад Рады Эўропы, у якіх у нас працуюць афіцыйныя дэлегацыі. Гэта адбылося ўпершыню ў гісторыі дэмакратычных сіл і ў прынцыпе Беларусі. Каардынацыйная рада таксама прызнаная Эўрапейскім парлямэнтам і Сэнатам Польшчы, а за выбарамі ў 2024 годзе непасрэдна назіралі дэпутаты Нацыянальнай асамблеі Францыі. Паралельна з гэтым дэлегаты КР праводзілі двухбаковыя сустрэчы з парлямэнтарамі зь дзясяткаў дэмакратычных краін — сустрэчы, падчас якіх лябіююцца інтарэсы Беларусі і беларусаў як унутры краіны, так і за яе межамі. Каардынацыйная рада актыўна лябіявала пытаньні адказнасьці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, а таксама санкцыйнага ціску для таго, каб пад яго ўзьдзеяньнем дамагацца вызваленьня палітычных зьняволеных. Мы змаглі пралябіяваць цэлы шэраг дапаўненьняў і паправак у рэзалюцыі Эўрапейскага парлямэнта, якія тычацца санкцыйнага ціску, адказнасьці за катаваньні ў дачыненьні да палітычных зьняволеных, міжнароднай крымінальнай адказнасьці за злачынствы супраць чалавечнасьці ў дачыненьні да беларускага народу, а таксама за агрэсію супраць Украіны. Нават адна папраўка, дзякуючы працы дэлегацыі Каардынацыйнай рады, у рэзалюцыю Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы аб адказнасьці Лукашэнкі і яго памагатых за акт агрэсіі супраць Украіны вартая таго, каб КР існавала. Не было б нас у ПАРЭ — не было б і гэтай папраўкі. Сапраўдны, а не рэжымны парлямэнт — гэта наш з вамі рэальны голас на міжнароднай арэне. Важна падкрэсьліць, што ніколі палата прадстаўнікоў ці савет рэспублікі не змаглі б нават уявіць сабе таго, чаго змагла дасягнуць Каардынацыйная рада ўсяго толькі за год і дзесяць месяцаў сваёй працы. Больш за тое, КР наўпрост ўплывае на дзейнасьць Аб’яднанага пераходнага кабінэту: кожны чалец Кабінэту спачатку праходзіць галасаваньне, якое пацьвярджае яго мандат для прызначэньня, а затым дае справаздачу перад Каардынацыйнай радай аб сваёй працы, а таксама КР праводзіць вотум даверу праз галасаваньне. Вынікі гэтай працы бачныя і на ўзроўні нацыянальных парлямэнтаў іншых краін. І Сэйм, і Сэнат Польшчы не прызналі Лукашэнку прэзыдэнтам — і гэта таксама лябіявалі чальцы КР. ПАРЭ таксама адмовіла ў прызнаньні Лукашэнкі ў якасьці прэзыдэнта, што стала вынікам працы нашай першай у гісторыі дэлегацыі ў ПАРЭ. У сваю чаргу, Кангрэс мясцовых і рэгіянальных улад Рады Эўропы прадаставіў дэлегатам КР права назіраць за выбарамі ў 46 краінах-сябрах Рады Эўропы. Падкрэсьлю: не за намі назіраць, а нам — за імі, і гэта ўнікальны прэцэдэнт. Асаблівае месца ў нашай працы займае легалізацыя беларусаў — гэта тое, чым штодня займаецца Каардынацыйная рада, і адно з таго, што больш за ўсё хвалюе выбаршчыкаў па-за межамі Беларусі. Тут вядзецца пастаянны і несупынны лобінг падчас сустрэч з калегамі з парлямэнтаў дзясяткаў дэмакратычных краін: Аўстрыі, Бэльгіі, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Італіі, Канады, Латвіі, Літвы, Люксэмбургу, Францыі, Харватыі, Швэцыі, Эстоніі і многіх іншых. 80 галасоў, аб’яднаных у адным інстытуце, — гэта рэальная сіла і ўзмацненьне нашага беларускага голасу Вядома, не існуе імгненных рашэньняў усіх праблем, і іх не можа быць. Палітыка не дасягае ўсіх мэтаў за адзін дзень. Нават нацыянальны парлямэнт ня ў стане прымусіць урад іншай краіны вырашыць у інтарэсах замежных грамадзян усе іх пытаньні падчас адной сустрэчы. Тут трэба штодня працаваць, лябіяваць і дамаўляцца. Не забываць, што ў кожнай краіны ёсьць свае нацыянальныя інтарэсы. Гаворачы пра важнасьць КР як інстытута, варта памятаць: дэлегат, які мае мандат ад выбаршчыкаў, у шмат разоў больш эфэктыўны, чым самапрызначаны ці самаабвешчаны палітык. Гэта дэмакратычныя стандарты, якія вызнаюцца ў Эўрапейскім Зьвязе. У кожнай краіны-партнэра ёсьць унутраныя праблемы, але калі 80 дэлегатаў лябіююць нашы інтарэсы, то гэта ўжо не адзін голас, хай нават самага вядомага і ўплывовага дэмакратычнага палітыка краіны — Сьвятланы Ціханоўскай. 80 галасоў, аб’яднаных у адным інстытуце, — гэта рэальная сіла і ўзмацненьне нашага беларускага голасу. Рэжым заўсёды імкнуўся адмовіцца ад выбараў, ператварыўшы іх у фармальны каляндар прадаўжэньня паўнамоцтваў. Мы ж ня можам і ня маем права, як людзі, якія вераць у дэмакратыю, адмовіцца ад самой яе сутнасьці, дзе ключавымі словамі зьяўляюцца «выбары» і «выбар». Хачу нагадаць, што ў нядаўнім інтэрвію расейскаму прапагандысцкаму каналу RT Лукашэнка задумаўся над тым, каб «правесьці рэформу кіраваньня дзяржавай, выкарыстоўваючы вопыт старога» — часоў савецкага мінулага, дзе кіроўную і вызначальную ролю адыгрывала Камуністычная партыя. Відавочна, што яго галоўная мара — канчаткова пазбавіцца ад інстытута выбараў. Ён арганічна не прымае той факт, што прэзыдэнт і дэпутаты — гэта выбарныя пасады, а не пажыцьцёвы прывілей. Гэта пасады, на якія народ прызначае палітыкаў, ацэньваючы іх прапановы і адказнасьць за выкананьне праграм. Менавіта таму нам жыцьцёва неабходны ўласны рэальны прадстаўнічы орган беларусаў — Каардынацыйная рада. На сёньня гэта наша адзіная магчымасьць мець дэмакратычную альтэрнатыву аўтарытарнаму рэжыму. У тым жа інтэрвію дыктатар наракае: «Захаднікі нам рэкамэндавалі перш за ўсё шматпартыйнасьць, плюралізм меркаваньняў і іншае, іншае, іншае». Прытрымліваньне гэтых парад ён наўпрост называе памылкай. Лукашэнку глыбока агідная сама ідэя дэмакратычнага шляху разьвіцьця. Ён нават не хавае, што мэтанакіравана вёў краіну да аўтарытарызму: «І калі я стаў прэзыдэнтам, нават не валодаючы той уладай, якой валодаю цяпер, я пачаў рэформу краіны. Былі самым жорсткім чынам адменены дурныя рэформы». У якасьці нагляднай ілюстрацыі таго, як працуе гэтая сыстэма, я магу ўзгадаць гісторыю з асабістага вопыту. Пасьля майго вяртаньня з Францыі, дзе я быў паслом, тагачасны старшыня савету рэспублікі прапанаваў мне напісаць ліст дыктатару з просьбай прызначыць мяне чальцом верхняй палаты лукашэнкаўскага парлямэнту. Гэта наглядна паказвае рэальны стан спраў: у Беларусі дэпутатаў палаты прадстаўнікоў, як і чальцоў савету рэспублікі, не абіраюць, а фактычна прызначаюць зьверху. Мы ж прапануем рэальны дэмакратычны інструмэнт — выбары. Пасьля майго вяртаньня з Францыі старшыня савету рэспублікі прапанаваў мне напісаць ліст дыктатару з просьбай прызначыць мяне чальцом верхняй палаты лукашэнкаўскага парлямэнту Сёньня ў нас ёсьць унікальная магчымасьць зьмяніць гэты парадак. Давайце галасаваць! Давайце разам ствараць рэальную альтэрнатыву прызначаным псэўдапарлямэнцкім структурам. Лукашэнка ня мае нашай падтрымкі, але нам трэба пастаянна пацьвярджаць, што ў яго няма права казаць ад нашага імя. Абраўшы наш парлямэнт — Каардынацыйную раду, мы захаваем гэтае права за беларусамі і беларускамі. Бо калі мы распусьцім Каардынацыйную раду, то шампанскае — хай нават савецкае, а можа, менавіта савецкае — спатрэбіцца толькі для сьвяткаваньня новых званьняў чарговых старлеяў і генэралаў у Менску. А месца КР на перамовах у эўрапейскіх сталіцах зоймуць гайдукевічы, гігіны, азаронкі, якія прадстаўляюць інтарэсы рэжыму, а не беларусаў. І апошняе па парадку, але не па значэньні: немагчыма ўявіць у дэмакратычным грамадзтве дыскусіі аб ліквідацыі парлямэнтарызму, хай нават на стадыі яго зараджэньня. Заўсёды можна казаць пра ўдасканаленьне і ўзмацненьне парлямэнтарызму, але не пра яго ліквідацыю і скасаваньне — гэта шлях да дыктатуры!
- Пра падтрымку Дайнюса Жалімаса
Дайнюс Жалімас. Крынiца: madeinvilnius.lt У сувязі са скаардынаванай інфармацыйнай кампаніяй па дыскрэдытацыі дэпутата Еўрапейскага парламента ад Літвы, былога старшыні Канстытуцыйнага суда Літвы Дайнюса Жалімаса праз дзейнасць Цэнтра права і дэмакратыі «Justice Hub», я, Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, лаўрэат прэміі Леха Валенсы, заяўляю наступнае. Дайнюс Жалімас і ўзначальваны ім раней цэнтр «Justice Hub» зрабілі адзін з самых значных укладаў у прасоўванне адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за здзейсненыя міжнародныя злачынствы супраць беларусаў. Гісторыя майго асабістага ўзаемадзеяння са спадаром Жалімасам пачалася ў 2021 годзе. У 2023 годзе менавіта дзякуючы працы, арганізаванай і прафінансаванай цэнтрам «Justice Hub», быў падрыхтаваны першы шматбаковы даклад аб злачынствах супраць чалавечнасці ў Беларусі. Можна ўпэўнена сцвярджаць, што гэта першы буйны экспертны дакумент, у якім наўпрост была абгрунтавана кваліфікацыя злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі. І самае важнае, што ў гэтым дакуменце вельмі падрабязна былі апісаны шляхі да дасягнення правасуддзя з улікам даступных міжнародных і нацыянальных механізмаў. З нагоды рэлізу гэтага даклада цэнтр «Justice Hub» арганізаваў буйную міжнародную канферэнцыю ў Вільні з удзелам выбітных міжнародных экспертаў. На працягу 2022–2025 гадоў НАУ самым шчыльным чынам узаемадзейнічала з цэнтрам «Justice Hub», у прыватнасці ў межах падрыхтоўкі згаданага даклада. Менавіта дзякуючы гэтым сумесным намаганням была сфарміравана міжнародная супольнасць экспертаў-аднадумцаў, якая змагла правесці працу, вынікам якой сёння з’яўляецца расследаванне Офісам пракурора Міжнароднага крымінальнага суда «беларускай сітуацыі». Акрамя гэтага, цэнтр «Justice Hub» непасрэдна спрыяў ініцыяванню ў Літве расследавання злачынстваў катванняў, здзейсненых у Беларусі, на падставе прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі. Па-за ўсякім сумневам, цяперашняя дыскрэдытацыйная атака на Дайнюса Жалімаса і працу цэнтра «Justice Hub» мае ўсе прыкметы скаардынаванай інфармацыйнай кампаніі беларускіх і расійскіх спецслужбаў. Чаму менавіта цяпер? Таму што праца цэнтра «Justice Hub» і асабісты ўклад Дайнюса Жалімаса менавіта зараз прынеслі вынік і наблізілі рэальную адказнасць рэжыму Лукашэнкі ды аднаўленне правоў сотняў тысяч беларусаў і беларусак. 12 сакавіка Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда пачаў расследаванне «беларускай сітуацыі». У гэты ж час Дайнюс Жалімас паслядоўна адстойвае пытанне міжнароднага правасуддзя ў Беларусі, падтрымкі Украіны і агульнаеўрапейскага вектара на пляцоўцы Еўрапарламента. Менавіта цяпер рэжым у Беларусі, спецслужбы Беларусі і Расіі паслядоўна атакуюць усіх датычных да выніку, які мы атрымалі ў Міжнародным крымінальным судзе. Дайнюс Жалімас як асоба, якая зрабіла значны ўклад, стаў ахвярай адной з такіх атак. У сувязі з гэтым я выказваю поўную салідарнасць і падтрымку ад сябе асабіста, ад каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і беларусаў, якіх я прадстаўляю ў Каардынацыйнай Радзе. Я хацеў бы, каб беларусы ведалі, што Дайнюс Жалімас адным з першых прыйшоў на дапамогу беларусам, якія пацярпелі ад рэпрэсій, а яго праца прынесла рэальны вынік у пытанні абароны ахвяр міжнародных злачынстваў. У асобе Дайнюса Жалімаса дэмакратычная Беларусь знайшла сапраўднага сябра і саюзніка, за што я шчыра яму ўдзячны.
- «Бітва за Беларусь»: новы даклад пра сістэмнае знішчэнне нацыянальнай ідэнтычнасці
Ілюстрацыйнае фота. Крынiца: belinstitute.com Ноччу з 6 на 7 мая 2026 года адбылася хакерская атака на беларускую інтэрнэт-бібліятэку Kamunikat.org. Серверы бібліятэкі былі проста вычышчаныя. На іх захоўвалася больш за 70 тысяч розных беларускіх публікацый — кнігі, газеты, часопісы, аўдыякнігі, відэа– і аўдыяматэрыялы пра Беларусь. Гэта яшчэ адна чорная старонка барацьбы рэжыма Лукашэнкі з беларушчынай. У межах падтрымкі працы Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі нядаўна выйшаў кароткі агляд Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, прысвечаны палітыцы рэжыму па выкараненні беларускай культуры і прасоўванні ідэалогіі «рускага свету». Дадзены агляд быў прэзентаваны на сайд-івенце «Як працуе рускі свет: ідэалогія і практыка гібрыднай агрэсіі супраць Еўропы» падчас вясновай сесіі ПАРЕ ў красавіку 2026 года. Пра што гэты агляд? Аўтары праводзяць жахлівую паралель: тое, што адбываецца ў Беларусі пасля 2020 года, па сутнасці паўтарае працэсы на акупаваных тэрыторыях Украіны, але ў больш прыхаваных маштабах. Гэта сістэмная праца па замене беларускасці на «рускамірскі» наратыў. Асноўныя франты гэтай «бітвы»: Забарона літаратуры: У спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» унесены кнігі класікаў і сучасных аўтараў. Ліквідаваныя вядучыя незалежныя выдавецтвы. Вайна з гісторыяй: Дэмантаж помнікаў нацыянальным героям пры адначасовай устаноўцы манументаў расійскім дзеячам, такім як Аляксандр Неўскі. Рэпрэсіі ў культуры: атакі на культурныя праекты, закрыццё выстаў і фестываляў, а таксама русіфікацыя тэатраў. Барацьба з беларускім бачаннем мінулага і сучаснасці: пераслед рэдактараў беларускай Вікіпедыі і ўкараненне «адзіных падручнікаў гісторыі» сумесна з Расіяй. Задушэнне мовы: у 1994 годзе 58% мінскіх першакласнікаў вучыліся на беларускай мове, цяпер гэты паказчык упаў да крытычных 5%. Як працуе механізм знішчэння? Працэс запускаецца праз даносы прарасійскіх «псеўдаактывістаў» і падхопліваецца прапагандыстамі і сілавікамі. Што рабіць? Даклад прапануе не толькі дыягназ, але і план выратавання: Стварэнне анлайн-сістэмы нацыянальнай адукацыі, акрэдытаванай у ЕС. Маштабная алічбоўка архіваў і бібліятэк на абароненых серверах. Падтрымка дзеячаў культуры і моўных школ у дыяспары. Беларуская ідэнтычнасць — гэта галоўны бар’ер на шляху паглынання краіны. Захаваць яе — значыць захаваць шанец на незалежную будучыню. Поўны тэкст даклада даступны па спасылцы:
- Павел Латушка і Арцём Брухан сустрэліся з Адамам Міхнікам
Арцём Брухан, Адам Міхнік, Павел Латушка. Варшава, 2026. Фота: НАУ-медая Гістарычны досвед Польшчы па выхадзе з глыбокага ўнутрыпалітычнага і знешнепалітычнага крызісу ў 1989 годзе быў абмеркаваны падчас сустрэчы дэлегата Каардынацыйнай Рады, лідара нашай кааліцыі Паўла Латушкі і спікера КР Арцёма Брухана з адным з лідараў польскай «Салідарнасці», галоўным рэдактарам «Gazeta Wyborcza» Адамам Міхнікам. Адам Міхнік выказаў гатоўнасць аказваць усебаковую падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі ў мэтах змянення сітуацыі ў нашай краіне. Асобнае месца ў ходзе сустрэчы заняло абмеркаванне гістарычнага досведу Польшчы. Адам Міхнік, які быў адным з архітэктараў і ўдзельнікаў перамоў «Круглага стала» ў 1989 годзе з боку незалежнага прафесійнага саюза «Салідарнасць», падзяліўся сваім бачаннем трансфармацыі палітычнай сістэмы. Падчас сустрэчы быў абмеркаваны магчымы сцэнар і ўмовы, якія маглі б прывесці да правядзення «Круглага стала» для выхаду з крызісу ў Беларусі. Падчас размовы Павел Латушка і Арцём Брухан праінфармавалі Адама Міхніка пра ход выбарчай кампаніі ў Каардынацыйную Раду, выбары ў якую адбудуцца з 11 па 17 мая. Адам Міхнік адзначыў важнасць праактыўных дзеянняў з боку дэмакратычных сіл і грамадскасці, неабходнасць не спыняць барацьбу для дасягнення галоўнай мэты — свабоды беларускага народа. І падкрэсліў у гэтым працэсе вялікую ролю выбараў у Каардынацыйную Раду.
- Павел Латушка: Важна ўзмацняць сілу нашых інстытутаў
Павел Латушка. Варшава, 2026 «Трэба быць беларусам і беларускай. Будзьце беларусамі — вось што было б патрэбна», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка адказваючы на пытанне мадэратара пра тое, што беларусы могуць зрабіць у падтрымку дэмакратычных сілаў падчас дыскусійнай панелі «Палітычная адвакацыя: выклікі і магчымасці» на V Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету. «Калі я беларускі палітык, мне дзіўна казаць, чым беларусы могуць нам дапамагчы. Будучы яшчэ міністрам культуры, ініцыяваў прыняцце закона «Аб беларусах замежжа». І ганаруся гэтым. Быў першым старшынёй Кансультатыўнай рады беларусаў замежжа як міністр культуры і распрацоўваў праграму падтрымкі беларусаў замежжа. Памятаю, што тады мы ў 10 разоў змаглі павялічыць фінансаванне для беларусаў, якія пражываюць за мяжой. І сёння я ўжо не член Урада ў Беларусі, але прадстаўнік выканаўчага органа — Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, хутчэй павінен клапаціцца пра тое, што я магу зрабіць для беларусаў. Мы маем унікальную інфраструктуру, ніколі дэмакратычны рух Беларусі не меў таго, што мы маем на сённяшні дзень. У нас ёсць Офіс прэзідэнткі-элект, выканаўчы орган — Аб’яднаны Пераходны Кабінет, Каардынацыйная Рада, абіраемая беларусамі. І гэтая Каардынацыйная Рада прызнана міжнароднымі партнёрамі — Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы, Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы, Еўрапейскім парламентам, Еўранэстам, Парламенцкай асамблеяй АБСЕ, Сенатам Польшчы — і вось гэту ўнікальнасць мы можам падтрымаць выключна праз выбары, праз галасы беларусаў і беларусак». Таксама падчас дыскусіі Павел Латушка заклікаў умацоўваць інстытуты: «Уявім сабе такую сітуацыю ідэалістычную: праходзяць выбары 11–17 мая. Адразу скажу, што гэта мара, але калі б за раду прагаласавала мільён чалавек. Вы ўяўляеце, які яна будзе мець мандат, камунікуючы з нашымі партнёрамі?» Павел Латушка падкрэсліў, што ў такім выпадку цяжка ўявіць, што нашы партнёры пачнуць размаўляць з рэжымам без уліку голасу беларусаў. Падчас дыскусіі Павел Латушка адзначыў запатрабаванасць экспертызы беларускіх дэмакратычных сіл па сітуацыі ў Беларусі для міжнарожных партнёраў. У якасці прыкладу адзначыў, што праводзяцца рэгулярныя сустрэчы з еўрапейскімі аналітычнымі цэнтрамі. НАУ падрыхтавала даклады, такія як «Сістэмная падрыхтоўка рэжыму Лукашэнкі да магчымага ўступлення ў вайну на баку Расіі і рэкамендацыі па прадухіленні гэтага сцэнарыя», «Саюзная дзяржава як інструмент прыкрыцця імперскай палітыкі Расіі», «Бітва за Беларусь: сістэмная палітыка рэжыму Лукашэнкі па знішчэнні беларускай ідэнтычнасці і прасоўванні «рускага свету», якія былі запатрабаваныя ў экспертным асяроддзі. Павел Латушка падзяліўся важнымі дасягненнямі дэлегацыі КР у ПАРЕ, падкрэсліўшы, што ПАРЕ не прызнала прэзідэнцкія выбары ў 2025 годзе, але былі прызнаныя Святлана Ціханоўская, Аб’яднаны Пераходны Кабінет і Каардынацыйная Рада — гэта ўтрымліваецца ў базавых палітычных рэзалюцыях. «Дэлегацыяй КР у ПАРЕ былі ўнесены папраўкі ў рэзалюцыі, звязаныя з тым, што Лукашэнка адказвае за здзяйсненне акта агрэсіі супраць Украіны, папраўкі, звязаныя з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей. І нашыя экспертныя справаздачы НАУ і іх прававое абгрунтаванне дапамагло ў прыняцці шэрагу рэзалюцый ПАРЕ. Зараз рыхтуецца справаздача па транснацыянальных злачынствах і, на жаль, беларускае грамадства за мяжой у “лідарах” па пераследу. Дакладчык, напэўна, уключыць гэта ў даклад: якія масавыя злачынствы здзяйсняюцца супраць беларусаў, а пазней з’явіцца адпаведная рэзалюцыя. А гэта нам дапамагае ў крымінальным судзе, каб прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці».
- Адказнасць і правы чалавека будуць прыярытэтамі падчас старшынства Ірландыі ў Еўрапейскім саюзе
Пасл Ірландыі ў Польшчы Патрык Джэрад, намеснік кіраўніцы АПК, дэлегат Каардынацыйнай Рады, Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка Сітуацыя з вызваленнем палітычных зняволеных у Беларусі, а таксама працяг рэпрэсій з боку рэжыму былі абмеркаваны падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегата Каардынацыйнай Рады Паўла Латушкі з паслом Ірландыі ў Польшчы Патрыкам Джэрадам Падчас сустрэчы Павел Латушка асобна падкрэсліў важнасць вызвалення лідара польскай меншасці ў Беларусі Анджэя Пачобута. Пры гэтым адзначыў, што рэжым па-ранейшаму не спыняе рэпрэсіі ў Беларусі. У якасці прыкладаў ён прывёў затрыманні і арышты беларускіх жанчын у Наваполацку, Слоніме, Брэсце і іншых гарадах краіны. Намеснік кіраўніцы Кабінета выказаў падтрымку намаганням Злучаных Штатаў Амерыкі па вызваленні палітычных зняволеных, адначасова падкрэсліўшы неабходнасць спынення рэпрэсій у Беларусі і практыкі «канвеера» затрыманняў у абмен на вызваленне груп палітычных зняволеных. Таксама Павел Латушка звярнуўся з просьбай да пасла Ірландыі, якая з 1 ліпеня гэтага года прымае на сябе старшынства ў Еўрапейскім саюзе, працягнуць ціск на рэжым Лукашэнкі з мэтай дасягнення не касметычных, а рэальных змен у Беларусі. Таксама была падкрэслена неабходнасць прымусу рэжыму да нацыянальнага дыялогу, што адпавядае высновам Еўрапейскага саюза ад 19 лютага 2024 года, у якіх змяшчаецца заклік да функцыянальных уладаў Беларусі распачаць сапраўдны і інклюзіўны дыялог з усімі часткамі беларускага грамадства. Акрамя таго, Павел Латушка праінфармаваў пасла Ірландыі пра ход падрыхтоўкі да выбараў у Каардынацыйную Раду Беларусі, якія пройдуць з 11 па 17 траўня, а таксама пра працу дэлегацыі Каардынацыйнай Рады ў міжнародных парламенцкіх арганізацыях. Пасол Ірландыі выказаў падтрымку і падкрэсліў важнасць функцыянавання Каардынацыйнай Рады як прадстаўнічага выбарнага органа беларусаў. Падчас сустрэчы Патрыку Джэраду былі перададзены просьбы правесці кансультацыі адносна магчымага далучэння Ірландыі да расследавання «беларускай сітуацыі», распачатага 12 сакавіка пракурорам Міжнароднага крымінальнага суда, а таксама выкарыстання іншых міжнародных інструментаў правасуддзя, над якімі цяпер працуе каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Пасол Ірландыі у ходзе размовы падкрэсліў, што Ірландыя, як дзейны член СПЧ ААН, займае праактыўную пазіцыю ў Савеце па правах чалавека, надаючы асаблівую ўвагу беспрэцэдэнтным парушэнням правоў чалавека ў Беларусі. Патрык Джэрад адзначыў, што для Ірландыі падчас старшынства ў Еўрапейскім саюзе ключавымі прыярытэтамі стануць абарона правоў чалавека і забеспячэнне адказнасці за здзейсненыя злачынствы. У завяршэнне сустрэчы прадстаўніку Ірландыі быў перададзены сумесны даклад НАУ і BELPOL пра мілітарызацыю беларускіх дзяцей у Беларусі.
- Беларусь у МКС
Ілюстрацыйнае фота Чаму гэта важна і як ваш голас на выбарах Каардынацыйнай Рады дапамагае набліжаць справядлівасць для Беларусі? Шмат хто ведае пра Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе праз прызму сусветных падзеяў. Але мала хто думаў, што ў фокусе ўвагі МКС калі-небудзь апынецца і наша краіна, а злачынствы рэжыму Лукашэнкі, якія доўгі час заставаліся бескаранымі, стануць прадметам разгляду міжнародных пракурораў. Дзякуючы сістэмнай працы нашай каманды і нашых юрыстаў, сітуацыя ў Беларусі ўпершыню афіцыйна трапіла на разгляд у Офіс Пракурора ў Гаазе. Гэта не проста «скарга», а пачатак сур’ёзнага юрыдычнага працэсу па злачынствах супраць чалавечнасці, які вядзе да выдачы ордэраў на арышт злачынцаў. Чаму гэта важна? Міжнародны крымінальны суд — гэта інстанцыя, якая валодае юрысдыкцыяй над асобамі, адказнымі за самыя цяжкія злачынствы, незалежна ад іх пасад. Калі механізм запушчаны, ён вядзе да прызнання злачынстваў на сусветным узроўні. Рашэнні МКС — вышэй за мясцовыя законы. Ніякія ўнутраныя ўказы ці «імунітэты» не могуць спыніць міжнароднае расследаванне. Статус прэзідэнта ці міністра не з’яўляецца абаронай у Гаазе. Непазбежнасць адказнасці. Гэта сігнал усім выканаўцам злачынстваў: міжнароднае правасуддзе можа быць марудным, але яно не спыняецца. Рана ці позна адказваць давядзецца кожнаму. Юрыдычны капкан для злачынцаў. Прызнанне злачынстваў робіць верхавіну рэжыму неўязной у 125 краін свету, якія ратыфікавалі Рымскі статут. Гэта не толькі Еўропа, але і большая частка Лацінскай Амерыкі, Афрыкі і Азіі. Пры чым тут выбары ў Каардынацыйную Раду? Выбары надаюць нашым патрабаванням іншую вагу. Калі за прававой працай стаіць орган з народным мандатам, гэта дазваляе нам прасоўваць пытанне Беларусі і лабіяваць адказнасць за злачынствы супраць беларусаў на самым высокім палітычным узроўні, забяспечваючы палітычную падтрымку нашых юрыдычных крокаў з боку еўрапейскіх лідараў. Нашая каманда з’яўляецца ключавым рухавікам гэтага працэсу. Мы не проста чакаем справядлівасці — мы ствараем умовы, каб яна стала непазбежнай. Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прадстаўнік АПК па транзіце ўлады. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» у складзе Каардынацыйнай Рады 3-га склікання. Больш пра нашыя вынікі па напрамку міжнароднай крымінальнай адказнасці рэжыму Лукашэнкі, а таксама па іншых напрамках працы — глядзіце ў запісе нашай прэс-канферэнцыі.
- Павел Латушка: «Трыццаць гадоў працы “Вясны” — гэта шлях паслядоўнай і самаахвярнай абароны правоў і годнасці чалавека ў Беларусі»
Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прадстаўнік АПК па транзіце ўлады. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» у складзе Каардынацыйнай Рады 3-га склікання. Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка павіншаваў Праваабарончы цэнтр «Вясна» з 30-годдзем: «Трыццаць гадоў вашай працы — гэта шлях паслядоўнай і самаахвярнай абароны правоў і годнасці чалавека ў Беларусі. Усе гэтыя гады "Вясна" застаецца прыкладам прынцыповасці, прафесіяналізму і вернасці сваім каштоўнасцям, нягледзячы на складаныя абставіны, у якіх вам даводзіцца працаваць. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: pring96.org Цягам апошніх гадоў Беларусь жыве ў рэчаіснасці сістэмнага ціску на грамадзянскую супольнасць: масавыя затрыманні, палітычна матываваны пераслед, абмежаванні свабоды слова і асацыяцый, ціск на праваабаронцаў, журналістаў і адвакатаў. У гэтых умовах сама праваабарончая дзейнасць патрабуе не толькі прафесіяналізму, але і вялікай асабістай мужнасці. Менавіта таму значэнне вашай працы цяжка пераацаніць. “Вясна” застаецца крыніцай падтрымкі для людзей, якія апынуліся пад ціскам, важным голасам праўды і сведчаннем таго, што прынцыпы правоў чалавека працягваюць жыць нават у самых складаных абставінах».
- Павел Латушка: Мы выступаем за тое, каб вярнуць у Канстытуцыю Беларусі без’ядзерны статус
Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прадстаўнік АПК па транзіце ўлады. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» у складзе Каардынацыйнай Рады 3-га склікання. «Хлусня вядзе да злачынстваў, а злачынствы, якія прыкрываюць хлуснёй псеўдакіраўнікі, прыводзяць да катастрофаў. Менавіта так адбылося ў часы Савецкага Саюза, калі нам хлусіла кіраўніцтва БССР і СССР аб тым, што адбылося на Чарнобыльскай АЭС. І гэта прывяло да шматлікіх ахвяраў», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка падчас выступу на Чарнобыльскім Шляху «За незалежную без’ядзерную Беларусь», які прайшоў 26 красавіка ў Варшаве ў 40-ю гадавіну Чарнобыльскай катастрофы. «Сёння арганізаваная злачынная групоўка на чале з Лукашэнкам здзяйсняе самае вялікае злачынства ў гісторыі Еўропы ў ХХІ стагоддзі ў адносінах да еўрапейскага беларускага народа. Яны хлусяць аб сваіх злачынствах і пашыраюць іх маштаб. І ў гэты час мы не маем права даць перамагчы хлусні. Мы павінны казаць праўду пра тое, што адбываецца ў нашай Беларусі», — падкрэсліў намеснік кіраўніцы Кабінета. Павел Латушка на акцыі «Чарнобыльскі шлях» у Варшаве 26 красавіка, у 38-ю гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Крыніца: pring96.org Падчас свайго выступу Павел Латушка згадаў, як падчас працы амбасадарам у Францыі прапанаваў ураду Лукашэнкі, каб над будовай Астравецкай атамнай электрастанцыі ажыццяўляла нагляд французская кампанія. Гэта прапаноўвалася дзеля таго, каб падчас будовы былі выкананы ўсе міжнародныя стандарты бяспекі, але Лукашэнка адмовіўся, узяўшы паслугі ад Расіі. Вынікам таго рашэння стала тое, што мы да гэтага часу не ведаем, наколькі Астравецкая АЭС бяспечная. «Лукашэнка на гэтым не спыніўся. У 2022 годзе ён ініцыяваў, канешне, сфальсіфікаваўшы папраўку ў Канстытуцыю, пазбавіўшы нашу краіну без’ядзернага і нейтральнага статусу». Павел Латушка адзначыў, што менавіта Лукашэнка, рэалізуючы сваю антыбеларускую палітыку, намаляваў мішэнь з ядзерным элементам на галавах беларусаў і беларусак. Ён прадаў знешнюю і вайсковую палітыку Беларусі Крамлю. Сваімі агрэсіўнымі дзеяннямі і рыторыкай зрабіў Беларусь пагрозай для еўрапейскіх краін. «Пакуль панаваць будзе гэты рэжым і рэалізоўваць здрадніцкую палітыку, мы будзем знаходзіцца пад пагрозай знішчэння. Мы выступаем за тое, каб вярнуць у Канстытуцыю Беларусі без’ядзерны статус нашай краіны. Каб спыніць падтрымку агрэсіі супраць Украіны і спыніць вайну супраць Еўропы — і за гэта мы будзем змагацца: і Аб’яднаны Пераходны Кабінет, і, спадзяюся, пераабраная Каардынацыйная Рада», — адзначыў Павел Латушка.
- За незалежную бяз’ядзерную Беларусь
Катастрофа на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі 40 гадоў таму паказала, чым з'яўляецца атам у руках аўтарытарнага рэжыму. Чарнобыль стаў сімвалам безадказнасці і здрады, сімвалам пагрозы і небяспекі некантраляванага выкарыстання атама для людзей. Сёння рэжым Лукашэнкі працягвае тую самую безадказную палітыку. Цягам 32 гадоў яго кіравання былі скасаваныя льготы, спыненыя праграмы дапамогі для пацярпелых, на забруджаных землях зноў вырошчваюць прадукты харчавання. Рэжым ставіць пад пагрозу жыцці мільёнаў беларусаў, размяшчаючы расійскую ядзерную зброю на нашай тэрыторыі, і будуючы Астравецкую АЭС без належнага міжнароднага кантролю. Праз фальшывы рэферэндум у 2022 годзе з Канстытуцыі было выключана палажэнне пра нейтральны і бяз’ядзерны статус Беларусі. А наступнае размяшчэнне ядзернай зброі на нашай тэрыторыі стварыла прамую пагрозу міру і незалежнасці Беларусі, што робіць Беларусь мішэнню і ставіць пад пагрозу жыцці мільёнаў людзей. Сёння мы заклікаем: Вярнуць Беларусі бяз’ядзерны статус; Спыніць правакацыі і шантаж з выкарыстаннем ядзернай зброі; Вывесці расійскую ядзерную зброю з тэрыторыі Беларусі; Забяспечыць празрыстасць эксплуатацыі Беларускай атамнай электрастанцыі і безумоўнага выканання міжнародных стандартаў ядзернай бяспекі, уключаючы нормы Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі, з улікам абгрунтаваных міжнародных прэтэнзій, у тым ліку зафіксаваных парушэнняў працэдур у рамках Канвенцыі Эспа; Пачаць шырокі грамадскі дыялог адносна выкарыстання атамных тэхналогіяў у Беларусі. Чарнобыль нагадвае: ядзерная бяспека немагчымая без празрыстасці, адказнасці і суверэнітэту. Беларусь не мусіць быць пляцоўкай для расійскіх ядзерных пагрозаў. 26.04.2026 Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
- Беларусь у ПАРЕ: чаму гэта гістарычны прарыў і пры чым тут выбары ў Каардынацыйную Раду?
Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прадстаўнік АПК па транзіце ўлады. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» у складзе Каардынацыйнай Рады 3-га склікання. Многія чулі абрэвіятуру ПАРЕ, у тым ліку і ў кантэксце таго, што цяпер там працуе афіцыйная дэлегацыя Каардынацыйнай Рады. Але што насамрэч стаіць за гэтымі чатырма літарамі і чаму гэта так важна для усіх нас? Парламенцкая асамблея Рады Еўропы — гэта адна з найбуйнейшых палітычных пляцовак кантынента, якая аб'ядноўвае парламентарыяў 46 дзяржаў. Гэта орган, які фармуе еўрапейскую прававую базу і прымае найважнейшыя палітычныя рэзалюцыі. Гэтыя дакументы задаюць вектар і служаць прававой асновай для рашэнняў, якія прымаюць урады еўрапейскіх краін у дачыненні да нашага рэгіёна. Каб трапіць у ПАРЕ, Беларусь прайшла вельмі доўгі шлях. Выступление «Вольного хора» на заседании Парламентской ассамблеи Совета Европы. Страсбург, Франция. 20 июня 2023 года. Фото: tsikhanouskaya.org Гэта так, бо Беларусь дзесяцігоддзямі не мела ў ПАРЕ паўнавартаснага прадстаўніцтва. У студзені 1997 года ПАРЕ пазбавіла Беларусь статусу «спецыяльна запрошанага» як краіну, што звярнула з шляху дэмакратыі. Прычынай стала тое, што ў 1996 годзе Лукашэнка правёў антыканстытуцыйны рэферэндум, з дапамогай чаго сканцэнтраваў уладу ў сваіх руках і распусціў законна абраны парламент — Вярхоўны Савет 13-га склікання. З гэтага моманту месца нашай краіны там альбо пуставала, альбо яго беспаспяхова спрабавалі заняць прызначэнцы рэжыму. Але менавіта праз антыдэмакратычную палітыку рэжыму ім гэта не ўдавалася. Але зараз сітуацыя змянілася карэнным чынам: ПАРЕ ўсталявала інстытуцыйныя адносіны з дэмакратычнымі сіламі — Каардынацыйнай Радай. Цяпер у Страсбургу слухаюць не хлусню чыноўнікаў рэжыму Лукашэнкі, а рэальны голас грамадства. Мы — першая краіна, якая, не будучы сябрам арганізацыі, мае там сваю афіцыйную дэлегацыю Каардынацыйнай Рады, якая прадстаўляе грамадства, а не дыктатуру. Як гэта стала магчымым? Фота: НАУ-медыя Ключавы фактар — ВЫБАРЫ. Каардынацыйная Рада 3-га склікання стала першай у гісторыі, сфармаванай праз прамое галасаванне беларусаў і беларусак. Менавіта гэты дэмакратычны мандат стаў вырашальным аргументам для міжнароднага прызнання. Без выбараў такога ўзроўню прадстаўніцтва ў ПАРЕ было б немагчыма дасягнуць і гэтага прызнання проста не адбылося б. І зараз, як чальцы беларускай дэлегацыі ў ПАРЕ, мы маем магчымасць працаваць унутры камісій, удзельнічаць у дэбатах і падрыхтоўцы дакументаў і рашэнняў па Беларусі разам з еўрапейскімі калегамі. Мы паспяхова пралабіявалі ўключэнне вышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва Беларусі ў рэзалюцыі па стварэнні Спецтрыбунала за агрэсію супраць Украіны. Мы выкарыстоўваем гэтую трыбуну для канкрэтных спраў: ад пытанняў адказнасці да вырашэння пытанняў легалізацыі беларусаў за мяжой і абароны правоў палітвязняў. Гэта не проста статус у міжнародным пратаколе. Гэта рэальны інструмент міжнароднага ўплыву, які мы вярнулі беларускаму народу.











