Пошук па сайце
Search this site
1023 results found with an empty search
- Сінхранізацыя санкцый
Які падыход да Беларусі ў новым пакеце санкцый ЕС? Кіраўнік НАУ Павел Латушка пра дзесяты пакет санкцый ЕС, у якім, як мяркуецца, прадугледжваецца гарманізацыя санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да Расіі і рэжыму Лукашэнкі. Чаму гэта важна? Раней санкцыі супраць Расіі ў асноўным тычыліся расійскага імпарту, а санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі — у асноўным беларускага экспарту. Гэтая неадпаведнасць дазваляла абыходзіць санкцыі і давала магчымасць звязаным з рэжымам асобам узбагачацца на шэрых кантрабандных схемах. Гарманізацыя санкцый закрые гэтыя магчымасці. Меры, якія прапануюцца, прывядуць санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі ў адпаведнасць з многімі пакетамі абмежаванняў, якія ЕС раней увёў супраць Расіі. Новыя санкцыі павінны закрануць такія вобласці як: нафтапрадукты, вугаль і сталь; авіяцыйны сектар; энергетычны сектар; інвестыцыі; імпарт тавараў, тэхналогій падвойнага прызначэння і прадметаў раскошы. Змены таксама дазволяць ЕС прыследаваць усіх, хто дапамагае абыходзіць санкцыі, уведзеныя супраць беларускіх фізічных і юрыдычных асоб. У сукупнасці гэтыя меры дапамогуць закрыць «дзіркі» ў санкцыйнай палітыцы супраць рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі і зрабіць абыход санкцый для іх больш складанай задачай. Палітычна гэта будзе азначаць прызнанне роўнай віны двух дыктатараў у агрэсіі супраць Украіны, а практычна — скароціць магчымасці для Лукашэнкі працягваць рэсурсную падтрымку расейскай вайны супраць Украіны, а таксама выдзяляць сродкі на падсілкоўванне апарата рэпрэсій супраць беларусаў.
- Супрацоўніцтва з Польшчай
Польскі бок прыняў да абмеркавання паўнамоцтвы Кабінета пацвярджаць прыналежнасць да грамадзянства Беларусі з наступнай выдачай пашпартоў Прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета на мінулым тыдні правялі цэлы шэраг афіцыйных сустрэч з вышэйшым кіраўніцтвам Польшчы, уключаючы прэзідэнта Анджэя Дуду, віцэ-прэм'ера Пятра Гліньскага, маршалка Сейма Эльжбету Вітэк, главамі і прадстаўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства адукацыі і навукі, Міністэрства здароўя, Міністэрства фінансаў Польшчы, Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны, а таксама пасламі краін Еўрасаюза. Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка распавёў пра значэнне і вынікі такога насычанага тыдня афіцыйных сустрэч: «Нашае супрацоўніцтва з Польшчай і заходнім светам паступова выходзіць на інстытуцыянальны ўзровень. Кабінет выбудоўвае сістэму ўзаемадзеяння, каб хутчэй вырашаць праблемныя пытанні беларусаў». «На маёй памяці не было візіту прэм’ер-міністра ці іншай афіцыйнай асобы з Беларусі за ўсю гісторыю двухбаковых адносін, у рамках якой прайшло б столькі сустрэч з кіраўніцтвам Польшчы. Фактычна гэта палітычнае прызнанне Кабінета». «У Сейме пачалося абмеркаванне рэзалюцыі па Беларусі. Падчас пасяджэння камісіі па міжнародных справах усе дэпутаты наперабой казалі: «хопіць цырымоніцца з рэжымам дыктатара». «На сустрэчы з Міністрам унутраных спраў Марыюшам Каміньскім Кабінет перадаў прапановы ўвесці новыя санкцыі супраць усіх асоб, якія падтрымліваюць вайну супраць Украіны, маюць дачыненне да рэпрэсій супраць беларусаў і польскай нацыянальнай меншасці». «Польскі бок прыняў да абмеркавання паўнамоцтвы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета пацвярджаць прыналежнасць да грамадзянства Беларусі з наступнай выдачай пашпартоў. Пакуль Варшава пачала выдачу спецыяльных праязных дакументаў беларусам, якія па тых ці іншых прычынах страцілі пашпарты, і знаходзяцца ў Польшчы на гуманітарных падставах. Была створана пастаянная сумесная рабочая група для вырашэння праблемных пытанняў». «Двухбаковая працоўная група Кабінета будзе заснаваная з польскім Мінфінам. Згоду на гэта выказала глава ведамства Магдалена Жэчкоўска. Такім чынам, мы канстатуем стварэнне інстытута для вырашэння праблем пры адкрыцці рахункаў, адкрыцця і вядзення бізнесу беларусамі ў Польшчы». «Цэнтральнай тэмай візіту дэлегацыі Кабінета ў Міністэрства замежных спраў стала магчымасць стварэння кааліцыі краін, якія будуць займаць праактыўную пазіцыю па падтрымцы дэмакратычнай Беларусі». «Міністр адукацыі і навукі Пшэмыслаў Чарнэк запэўніў аб гатоўнасці выдзеліць фінансаванне на развіццё беларускіх нядзельных школ, даследаванне беларускай мовы і літаратуры. Вынікам перамоў з прадстаўнікамі Мінадукацыі стала згода на стварэнне сумеснай працоўнай групы, якую з боку Кабінета ўзначаліць яго прадстаўніца Аліна Коўшык». «На сустрэчы ў Міністэрстве здароўя мы ўбачылі, што там разумеюць праблемы беларускіх медыкаў, якія сутыкаюцца са складанасцямі пры пацвярджэнні сваёй адукацыі і кваліфікацыі. Напрыклад, з адсутнасцю апастыля з-за немагчымасці праставіць яго ў Беларусі. Прадстаўнікі Міністэрства пацвердзілі гатоўнасць вырашаць гэтыя праблемныя пытанні ў інтарэсах беларусаў».
- Персанальныя санкцыі
Первый шаг в процессе наказания за преступления «Суддзі», уключаныя ў санкцыйныя спісы, нясуць асаблівую адказнасць за злачынствы супраць чалавечнасці, паколькі, будучы прафесійнымі юрыстамі, яны цалкам усведамляюць злачынны характар свайго ўдзелу ў шырокамаштабных і сістэмных рэпрэсіях супраць грамадзянскай супольнасці. Іх роля аналагічная ролі «троек» часоў сталінскіх рэпрэсій. Спіс будзе служыць падставай для пераследу ўключаных у яго «суддзяў» у адпаведнасці з універсальнай юрысдыкцыяй і прымянення да іх іншых санкцый. Епіхаў Сяргей Аляксандравіч У якасці «суддзі» Мінскага абласнога суда Сяргей Епіхаў адказвае за палітычна матываваныя рашэнні супраць лідэраў і актывістаў дэмакратычных сілаў, у прыватнасці, за вынясенне прысудаў Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку. Паведамлялася аб парушэннях права на абарону і права на справядлівае судовае разбіральніцтва падчас разгляданых ім судовых працэсаў. Таму ён нясе адказнасць за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека і за сур’ёзны падрыў вяршэнства закону, а таксама за прыгнечанне грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі. Так званы «суддзя» Епіхаў вынес шматлікія незаконныя прысуды палітвязням, у тым ліку: Аляксандр Зайцаў — 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму; Антаніна Канавалава — 5 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму; Уладзімір Мацкевіч — 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму; Сяргей Коршун — 4 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Любавіцкі Ігар Вячаслававіч У якасці «суддзі» Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь Ігар Любавіцкі адказвае за палітычна матываваныя рашэнні супраць лідэраў дэмакратычных сілаў, актывістаў і журналістаў, у прыватнасці, за вынясенне прысуду кандыдату ў Прэзідэнты Віктару Бабарыку. Такім чынам, ён нясе адказнасць за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека і сур’ёзнае парушэнне законнасці, а таксама за прыгнечанне грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі. Кулік Валянціна Генадзьеўна У якасці «суддзі» Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь Валянціна Кулік адказвае за прыняцце палітычна матываваных рашэнняў у дачыненні да актывістаў і лідэраў дэмакратычных сіл. У прыватнасці, яна адхіліла скаргу Віктара Бабарыкі аб узбуджэнні грамадзянскага іску на падставе яго скаргі на рашэнне Цэнтральнай выбарчай камісіі аб адмове ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты. Такім чынам, яна нясе адказнасць за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека і законнасці, а таксама за прыгнечанне грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі.
- Адбылася сустрэчы з міністрам замежных спраў Польшчы Збігневам Раў
Ціханоўская на сустрэчы з міністрам замежных спраў Польшчы Збігневам Раў прапанавала стварыць міжнародную кааліцыю ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі Ціханоўская на сустрэчы з міністрам замежных спраў Польшчы Збігневам Раў прапанавала стварыць міжнародную кааліцыю ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская і яе намеснік Павел Латушка правялі сустрэчу ў польскім МЗС з удзелам міністра замежных спраў Польшчы Збігневам Раў. Акрамя стварэння кааліцыі беларускі бок прапанаваў выпрацаваць практычную стратэгію па вырашэнні беларускага крызісу і абароне беларускай незалежнасці. Было ўзнята пытанне ўдзелу Беларусі ў мерапрыемствах фармату Люблінскага трохкутніка з удзелам Польшчы, Літвы, Украіны. Таксама была абмеркавана магчымасць прыцягнення да адказнасці рэжыму Лукашэнкі і яго памагатых за рэпрэсіі і ўдзел у вайне супраць Украіны. Асобную сустрэчу з прадстаўнікамі МЗС Польшчы правёў прадстаўнік Кабінета па замежных справах Валер Кавалеўскі для абмеркавання выдачы альтэрнатыўных дакументаў беларусам, якія з-за пагрозы пераследу не могуць атрымаць ці аднавіць беларускія дакументы.
- Крэмлёўскі «джокер» Качанава – інструмент анэксіі Беларусі
Нядаўна мы разбіралі магчымы сцэнар транзіту ўлады ад нелегітымнага гаўляйтара Лукашэнкі да аднаго з ключавых функцыянераў рэжымнай вертыкалі — старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай. Працягнем тэму адказам на пытанне, чаму гэтая фігура можа быць цікавая гаспадарам Лукашэнкі ў Крамлі і з'яўляцца «джокерам» у рукаве расейскіх акупантаў, неабходным для здзяйснення — ці дакладней сказаць завяршэння — анэксіі Беларусі. Пачнём з таго, што па фармальных падставах сам Лукашэнка не падыходзіць для гэтай ролі з прычыны сваёй нелегітымнасці. Нават падкантрольная марыянетка і паслухмяны выканаўца волі Крамля — што стала абсалютна відавочна з пачаткам вайны, калі ён добраахвотна ўпусціў расейскія войскі ў Беларусь для нападу на Украіну і страціў кантроль над тэрыторыяй Беларусі, якая свабодна і без узгаднення з Лукашэнкам выкарыстоўваецца расейскімі вайскоўцамі. Акрамя таго, ён фактычна перадаў ваеннае кіраўніцтва ў рукі Крамля — і стварэнне так званай сумеснай рэгіянальнай групоўкі, камандаванне якой ажыццяўляюць рускія генералы, гэта яшчэ адно таму пацвярджэнне. Тым не менш, нягледзячы на дэ-факта рэалізаваную Расіяй акупацыю нашай краіны, Беларусь фармальна захоўвае сваю дзяржаўнасць, незалежнасць і суверэнітэт, бо для іх ліквідацыі Расіі неабходна здзейсніць негвалтоўную анэксію Беларусі — гэта значыць тым ці іншым чынам юрыдычна ўключыць нашу Рэспубліку ў склад сваёй федэрацыі. Мы гаворым менавіта пра негвалтоўны шлях — бо любы іншы цалкам выключае любыя шанцы на прызнанне такога паглынання. А таксама, відаць, новыя магутныя санкцыі. І на гэтым шляху Лукашэнка з'яўляецца праблемай. Не, мы не схільныя падтрымліваць спекуляцыі на тэму прыхільнасці Лукашэнкі ідэям незалежнасці і суверэнітэту — захаванне якіх з'яўляецца гарантыяй яго ўлады. У легенду пра «гарант суверэнітэту» можна было верыць раней, да таго, як Лукашэнка добраахвотна стаў рускім гаўляйтарам і дапусціў акупацыю нашай краіны — у абмен на падтрымку Расіі, якая дазволіла яму намінальна застацца ва ўладзе пасля падзей 2020 года. Але менавіта тады, у 2020 годзе, планы Расіі па анэксіі Беларусі праваліліся, яна была вымушана адкласці іх, рэалізаваўшы толькі план па акупацыі. Чаму? Усё проста. Справа ў статусе самога Лукашэнкі. Большасць краін не прызнала вынікі выбараў 2020 года, што паставіла крыж на легітымнасці Лукашэнкі — і разам з тым — на легітымнасці любых яго рашэнняў, у тым ліку, на яго магчымасці канчаткова здаць суверэнітэт Беларусі на карысць Расіі. Фактычна, мы можам канстатаваць, што ў 2020 годзе беларусы, якія масава выступілі супраць афіцыйных вынікаў выбараў, не прызнаўшы Лукашэнку прэзідэнтам і не дазволіўшы яму легітымізавацца, выратавалі незалежнасць Беларусі. Выратавалі Беларусь як дзяржаву. У сваю чаргу цывілізаваны свет, які падтрымаў беларусаў, адмовіў Лукашэнку ў знешняй легітымнасці і прызнанні. Так, гэта не першы раз, калі выбары ў Беларусі не былі прызнаныя на міжнародным узроўні праз масавыя парушэнні і фальсіфікацыі. Ня першы раз, калі беларускае грамадзтва адрэагавала на іх пратэстамі. Аднак у 2020 годзе нам упершыню ўдалося не толькі даказаць масавыя фальсіфікацыі, але і перамогу на выбарах адзінага кандыдата ад апазіцыі. А таксама — стварыць альтэрнатыўныя палітычныя інстытуты, прызнаныя пасля нашымі міжнароднымі партнёрамі. Стварэнне Аб'яднанага Пераходнага Кабінета ўжо пасля акупацыі Беларусі таксама ставіць сваёй першачарговай мэтай захаванне незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь і недапушчэнне яе анэксіі з боку Расійскай Федэрацыі. Усё гэта робіць любыя спробы па інкарпарацыі Беларусі і любыя рашэнні Лукашэнкі ў гэтым напрамку юрыдычна нікчэмнымі — дзякуючы волі большасці беларусаў, праяўленай летам 2020 года і нашай барацьбе за свабоду і незалежнасць, якая працягваецца да гэтага часу. «Добраахвотны» і «прыгожы» аншлюс Беларусі, на які разлічвае Расія, з пункту гледжання міжнароднага права ў такіх умовах немагчымы. Гэта вялікае дасягненне нас, беларусаў. Але гэта не значыць, што Расея гатовая адмовіцца ад сваіх планаў і здавольвацца толькі тым, што пакуль здольная ўтрымліваць ва ўладзе ў Беларусі марыянеткавы ўрад Лукашэнкі. Улічваючы яго дэ-факта новы статус — статус нелегітымнага гаўляйтара — Крэмль адназначна бачыць неабходнасць у замене адной марыянеткі на іншую. Не такой таксічнай як Лукашэнка і чыя «легітымнасць» выклікала б меншую заклапочанасць у Захаду. І якая б дазволіла Расеі «легальна» закрыць гештальт па аншлюсе Беларусі. У якасці такой марыянеткі і «пераемніцы» Лукашэнка Крэмль можа бачыць Наталлю Качанаву, старшыню Савета Рэспублікі. Сваю прыхільнасць да яе Крэмль ужо прадэманстраваў у поўнай меры. Дастаткова ўзгадаць, як прымалі Качанаву падчас яе апошняга візыту ў Маскву. У так званай новай канстытуцыі прапісаны сцэнары, пры якіх улада можа апынуцца ў яе руках — гэта або недзеяздольнасць Лукашэнкі, або яго гібель. У гэтых выпадках прэзідэнцкія паўнамоцтвы часова пераходзяць да старшыні Савета Рэспублікі або да Савета бяспекі, але таксама пад старшынствам Качанавай. Але нельга выключаць і транзіт улады праз правядзенне прэзідэнцкіх выбараў — у тым ліку датэрміновых — у якіх яна можа ўдзельнічаць замест Лукашэнкі. Для Расеі такі сцэнар быў бы самым «чыстым» — і сцьвярджаць, што Лукашэнка ніколі не пагодзіцца на яго, наіўна. Бо больш улады гэты чалавек шануе толькі сваю асабістую бяспеку. А стварыць для яе пагрозу Крамлю не складзе вялікіх праблем. Калі могуць быць арганізаваны гэтыя выбары? Улічваючы прадказальна дрэннае становішча для РФ на фронце — думаю тых, хто сумняваецца ў непазбежнай перамозе Украіны нават у Крэмлі ўжо амаль не засталося — прыступіць да анэксіі Беларусі Крамлю неабходна як мага хутчэй. Бліжэйшае «акно магчымасцяў» — адзіны дзень галасавання ў 2024 годзе, да якога можна далучыць і прэзідэнцкія выбары. Перакананы, што паміж дынамікай гэтых працэсаў і сітуацыяй на фронце існуе прамая сувязь. Мы не раз казалі — Расія спадзявалася паглынуць Украіну ў якасці галоўнай стравы, а Беларусь пакінуць на дэсерт. Але абламаўшы зубы ва Украіне, Крэмль будзе фарсіраваць працэс паглынання Беларусі — а значыць і працэс па замене Лукашэнкі. У тым ліку і праз прамое ўцягванне Беларусі ў вайну, што зробіць гаўляйтара казлом адпушчэння ў вачах наменклатуры, вайскоўцаў і галоўнае — беларускага народа. І спросціць Крамлю і яго «джокерам» усярэдзіне рэжыму задачу па абгрунтаванні неабходнасці замены гаўляйтара на новую постаць. Лукашэнка — адпрацаваны матэрыял, які ўжо выканаў сваю «гістарычную місію»: за 30 гадоў рэалізаваць план па русіфікацыі Беларусі, яе акупацыі і ператварэнні ў ваенны плацдарм і падрыхтаваць анексію нашай краіны. Гэтая «місія» Лукашэнкі падыходзіць да канца — і яму больш няма чаго прапанаваць Крамлю, акрамя прамога ўступлення Беларусі ў вайну — «апошняга паходу» гаўляйтара. Зрэшты, гэта ад яго і не залежыць болей. Таму Лукашэнка напрыканцы актыўна выпрошвае пабольш "адступных" — зразумела, што ў кішэню сваёй сям'і — у тым ліку, на нядаўняй сустрэчы з Мезенцавым, дзяржсакратаром так званай "Саюзнай дзяржавы". Дзе ён заявіў, што фінансаванне інтэграцыйных праграм — асабліва па імпартазамяшчэнні, а гэта ў першую чаргу ВПК, даходы з якога ідуць прама ў кішэню сям'і Лукашэнкі — неабходна не толькі не спыняць, але нарошчваць. Гэта ягоны кошт за ўступленне ў вайну і здачу Беларусі Расіі. Пасля чаго «валет» сыдзе ў адбой, а Крэмль можа пусціць у ход сваіх «джокераў» — Вальфовіча і прыдворны генералітэт і Наталлю Качанаву, як асноўнага кандыдата на замену адпрацаванага Лукашэнкам. Але хіба нехта стане галасаваць за Качанаву, калі прывядзенне яе да ўлады будзе вырашана ажыццяўляць праз выбары? Тут важна разумець, у якім становішчы яны будуць праходзіць. Крэмль вызначана робіць стаўку на гады зачысткі грамадзянскай супольнасці, тэрору і рэпрэсій. І калі да гэтага моманту рэжым адыходзячага Лукашэнкі, адказны за іх рэалізацыю, усё яшчэ будзе існаваць, то стаўка на гэтых выбарах будзе зроблена на страх, дэпалітызацыю і мінімальную яўку — у адсутнасці альтэрнатыўных, нацыянальна-арыентаваных кандыдатаў, не лічачы кандыдатаў-спойлераў. Пры такім сцэнары гэта будуць яшчэ больш аморфныя «выбары», чым у 2015 годзе. І ў Качанавай могуць быць усе шанцы праскочыць — канешне, з фальсіфікацыямі, але пры прыгнечаным грамадстве, якое можа заплюшчыць на гэта вочы. Зручнасць Качанавай для Крамля ў першую чаргу ў тым, што ў адрозненне ад Лукашэнкі, яе могуць «купіць» на Захадзе, як кампрамісную фігуру — асабліва ў сцэнары з новымі выбарамі. Акрамя таго, важныя і патрыярхальныя ўстаноўкі, характэрныя для рускіх — «слабая жанчына», якая будзе больш паслухмянай і падатлівай, чым капрызны Лукашэнка, і чыя прага да ўлады не будзе праблемай. Пры гэтым, выхаваная ў тых жа савецкіх устаноўках і рускамірскай ментальнасці. Адкінуўшы сэксізм, варта прызнаць, што ў цэлым персона Качанавай цалкам адпавядае чаканням Крамля. Гэта сапраўды класічная савецкая наменклатуршчыца і адэптка «рускага свету» — ідэалагічна дакладная і абсалютна не нацыянальна-арыентаваная, фанатычная і беспярэчная «камсамолка». Небяспека такога персанажа ва ўладзе відавочная. Качанава ў якасці «кіраўніка дзяржавы» гэта інструмент для канчатковага скасавання беларускага суверэнітэту, інструмент рэалізацыі «добраахвотнай анэксіі», на якую разлічвае Крэмль. Як гэтага не дапусціць? Першы і самы відавочны адказ — неабходна ліквідаваць рэжым Лукашэнкі раней, чым гэта зробіць Крэмль. І забяспечыць вывад расійскіх войскаў з Беларусі. Зрабіць гэта можна праз стратэгію трох кулакоў: Паралізуючыя санкцыі Захаду як знешні фактар; Стварэнне ўласных узброеных сіл Новай Беларусі на аснове добраахвотніцкіх фарміраванняў ва Украіне. Працу над гэтым у тым ліку вядзе прадстаўнік Кабінета Валерый Сахашчык. У прыватнасці ва Украіне ім ужо створана вайсковая частка. Нацыянальна-вызваленчы рух унутры Беларусі, асновай для запуску якога можа стаць запуск плана «Перамога», над якім працуе прадстаўнік Кабінета Аляксандр Азараў. Да ліквідацыі важна нейтралізаваць рэжым палітычна, дамогшыся афіцыйнага прызнання Аб'яднанага Пераходнага Кабінета ў якасці транзітнага ўрада. Таксама мы павінны быць гатовы ўзяць уладу ў Беларусі і забяспечыць функцыянаванне дзяржавы ў пераходны перыяд, для чаго і была запушчаная праграма «Кадравы рэзерв», за рэалізацыю якой адказвае намеснік прадстаўніка Кабінета па транзіце Юрый Губарэвіч. Гэта асноўны сцэнарый, самым відавочным трыгерам для рэалізацыі якога з'яўляецца паўторнае ўварванне ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. Іншае акно магчымасцяў і шанец праваліць планы Крамля, як ні дзіўна дае нам сама Расея. Бо для рэалізацыі яе «чыстага» плана па анэксіі Беларусі праз перадачу ўлады «джокеру», яна павінна сама вывесці свае войскі з Беларусі. Інакш такі транзіт, нават праз «выбары», нікім не будзе прызнаны і будзе безумоўна ўспрыняты як гвалтоўная анэксія і агрэсія. А новая «марыянетка» Крамля будзе настолькі ж нелегітымная, як і старая. Безумоўна, мы павінны ўлічваць і «брудны» сцэнар Крамля па гвалтоўнай анэксіі. Лічыць такое развіццё падзей неверагодным мы, на жаль, не можам — на прыкладзе Украіны бачачы, на што гатовы ісці Крэмль для рэалізацыі сваіх імперскіх амбіцый. Але пры любым з магчымых сцэнарыяў мы павінны разумець галоўнае. Абараніўшы незалежнасць Беларусі ў 2020 годзе, мы далі сабе шанец захаваць яе як дзяржаву. Аднак сама бітва за Беларусь, суверэнную і свабодную ад дыктатуры і дамаганняў расейскіх акупантаў, яшчэ наперадзе. І мы павінны быць да яе гатовы. Мы павінны быць гатовы разыграць свае карты. Каб ні Качанава, ні любы іншы крэмлёўскі «джокер» не пакінуў нас у дурнях. Без краіны і без дзяржавы.
- Адбылася сустрэча з маршалкай польскага Сейма Эльжбетай Вітэк
Дэлегацыя Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі правяла сустрэчу з маршалкай польскага Сейма Эльжбетай Вітэк У сустрэчы ўдзельнічала кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская, прадстаўнікі Кабінета Павел Латушка, Аліна Коўшык, Валер Кавалеўскі, Аляксандр Азараў, дарадцы Ціханоўскай Франак Вячорка і Анатоль Лябедзька. Бакі абмеркавалі неабходнасць працы з трэцімі краінамі, якія мала ведаюць пра сітуацыю ў Беларусі і Украіне, але галасуюць у міжнародных арганізацыях. Ціханоўская папрасіла Сейм прыняць рэзалюцыю па Беларусі, у якой будуць абазначаны стратэгічныя прынцыпы палітыкі ў дачыненні да Беларусі: адасабленне рэжыму ад народу, патрабаванне вываду расійскіх войск з Беларусі, прыцягненне вінаватых за рэпрэсіі да адказнасці. Удзел у мерапрыемстве ўзялі дэпутаты польскага Парламента, прадстаўнікі ўраду, СМІ, недзяржаўных арганізацый.
- Стратэгія трох сіл
Падзенне дыктатуры Лукашэнкі — ці можа дапамагчы ЕС? Выступленне Паўла Латушкі 24 студзеня на сустрэчы з пасламі краін ЕС. «Павінен прызнацца — у мяне заканчваюцца словы, каб апісаць усё тое, што адбываецца з нашай краінай з 2020 года. Тым не менш, удзячны вам, што нават праз тры гады ў мяне ёсць магчымасць гаварыць пра Беларусь на такім высокім узроўні. І выкарыстоўваць яе, каб казаць аб неабходнасці выпрацоўкі новай стратэгіі ЕС па Беларусі. Вынікам рэалізацыі стратэгіі павінна стаць свабодная, незалежная, дэмакратычная і еўрапейская Беларусь. Мы можам умоўна назваць гэтую стратэгію — стратэгіяй трох сіл». Таксама Павел Латушка 25 студзеня выступіў на пасяджэнні Камітэта па замежных справах Сейма Польшчы, дзе абазначыў напрамкі стратэгіі і дзеянні, якія Польшча можа рэалізаваць для садзейнічання беларусам у вызваленні Беларусі і забеспячэнні еўрапейскай будучыні для нашай краіны.
- Адукацыя беларусаў
Польшча ідзе насустрач 24 студзеня Павел Латушка ў складзе дэлегацыі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета на чале са Святланай Ціханоўскай прыняў удзел у сустрэчы з Міністрам адукацыі і навукі Польшчы Пшэмыславам Чарнэкам. Падчас сустрэчы кіраўнік НАУ прапанаваў больш прадметна абмеркаваць падрыхтоўку кадраў для нашай краіны на базе польскіх ВНУ. У прыватнасці, гаворка ідзе аб праекце «Кадры для Новай Беларусі» — агульнай ініцыятыве Абʼяднанага Пераходнага Кабінета, НАУ, Офіса Святланы Ціханоўскай і руху «За Свабоду». Яе асноўная задача — падрыхтоўка кваліфікаваных спецыялістаў, якія зоймуць месца ранейшых чыноўнікаў рэжыму ў першы перыяд пасля завяршэння ўтрымання ўлады Лукашэнкам. Міністр прывітаў стварэнне праекту і паабяцаў прааналізаваць магчымасці польскай сістэмы адукацыі — падрыхтаваць кадры, якія б адпавядалі патрабаванням складанага пераходнага перыяду ў нашай краіне. Як запэўніў Пшэмыслаў Чарнэк, польскі бок распрацуе ініцыятывы, якія дазволяць будучым беларускім чыноўнікам і адміністратарам атрымаць веды аб функцыянаванні сістэмы дзяржкіравання еўрапейскіх краін і адпаведны досвед. Акрамя таго, Міністр адукацыі і навукі Польшчы падтрымаў прапанову Паўла Латушкі стварыць сумесна з Абʼяднаным Пераходным Кабінетам рабочую групу па пытаннях навучання беларускіх дзяцей у польскіх школах, а студэнтаў — у ВНУ. Група павінна будзе засяродзіць намаганні на пытаннях працаўладкавання вучоных і выкладчыкаў, прызнання дыпломаў, далейшага развіцця стыпендыяльнай праграмы імя Каліноўскага і іншых ініцыятыў у інтарэсах акадэмічнай супольнасці беларусаў Польшчы. З боку Кабінета кіраўніком групы будзе Аліна Коўшык. Асобным важным жэстам з боку польскага ўрада стала прапанова Міністра абмеркаваць дадатковыя інструменты фінансавання адукацыйных праграм для беларусаў. Як адзначыў Пшэмысл Чарнэк, у Польшчы выдатна разумеюць важнасць якаснай адукацыі для беларускіх грамадзян, якім трэба вярнуцца і будаваць дзяржаву з нуля — у духу палітычнай свабоды, мірнага добрасуседства і еўрапейскай дэмакратыі. Мы ўдзячны Міністэрству адукацыі і навукі Польшчы за агучаную пазіцыю, адкрытасць і гатоўнасць да супрацоўніцтва на карысць беларусаў, якія пацярпелі ад рэжыму Лукашэнкі.
- Сустрэча з міністрам унутраных справаў Польшчы Марыюшам Каміньскім
Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета сустрэліся з міністрам унутраных справаў Польшчы Марыюшам Каміньскім Удзел у сустрэчы браў таксама віцэ-міністр Польшчы Барташ Градзецкі, а з беларускага боку — намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і прадстаўнік па транзіце ўлады Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і прадстаўнік па міжнародных справах Валер Кавалеўскі і прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Валер Сахашчык. Абмяркоўвалі наступныя пытанні: Спрашчэнне легалізацыі і міграцыйных працэдураў для беларусаў. Беларускі бок папрасіў паспрыяць у тым, каб зрабіць працэдуры больш эластычнымі і хуткімі. Ужо створаная і дзейнічае працоўная група ў МУС Польшчы, якая займаецца вырашэннем міграцыйных пытанняў беларусаў у Польшчы. Выдача альтэрнатыўных дакументаў новай Беларусі — каб Польшча падтрымала ініцыятыву, над якой працуюць дэмакратычныя сілы. Гэта дапаможа тысячам беларусаў, якія апынуліся ў Еўропе, не могуць вярнуцца ў Беларусь і не маюць належных дакументаў. Падтрымка беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Пытанне прыцягнення да адказнасці вінаватых у рэпрэсіях і вайне ва Украіне. Унутраную сітуацыю ў Беларусі, верагоднасць уступу беларускіх войскаў у вайну і магчымасць падтрымкі рэпрэсаваных беларусаў.
- Інтэрв'ю Паўла Латушкі у эфіры украiнскага ТВ-канала Espreso
Лукашэнка пагаварыў з Лаўровым тэт-а-тэт, размова магла ісці аб падпісаным міністрамі абароны сакрэтным пратаколе, — беларускі апазіцыянер Латушка Павал Латушка, намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, беларускі дыпламат лічыць, што тэма вайны была галоўнай на гэтай закрытай сустрэчы, а Лукашэнка прасіў як мага больш грошаў. Пра гэта ён расказаў у эфіры Espreso. «Лаўроў прыязджаў на рэгулярную сустрэчу ў Мінск. Калі я быў на пасадзе кіраўніка ўпраўлення інфармацыі МЗС Беларусі, мне даводзілася ўдзельнічаць у такіх пасяджэннях і, у асноўным, гэта шмат балталогіі, пустых пратаколаў, каардынацыі дзейнасці ў рамках ААН, АБСЕ, яшчэ раней Рады Еўропы. Але цяпер роля Расіі і Беларусі ў ААН — нулявая, роля ў АБСЕ — наогул ліквідавана, таму што гэта дзве краіны-выгнанніцы. Што тычыцца Савета Еўропы, то Расія адтуль выйшла, а Беларусь ніколі і не была там», — пракаментаваў беларускі апазіцыянер. Павел Латушка падкрэсліў цікавы факт у тым, што сустрэча адбылася тэт-а-тэт Лукашэнка з Лаўровым і нават за дзвярыма застаўся міністр замежных спраў Беларусі Алейнік. «Пра што менавіта яны гаварылі, мы канечне не ведаем. Аднак, па-мойму, тут размова магла ісці аб рэалізацыі таго сакрэтнага пратакола, які быў падпісаны Шайгу і Хрэніным (міністр абароны Беларусі - рэд.). Напэўна, вы памятаеце той нечаканы візіт Шайгу ў Мінск і падпісанне ў Мачулішчах гэтай згоды. Па нашых звестках, гэты пратакол носіць грыф „цалкам сакрэтна“, а аб яго змесце ведае літаральна некалькі чалавек, мы можам толькі меркаваць, што гаворка ідзе аб сумесным кіраванні ваеннай групоўкай, аб расійскім кіраўніцтве над гэтай групоўкай, аб давядзенні колькаснага складу да 100 тысяч беларускіх і расейскіх вайскоўцаў, такая лічба агучвалася раней. Я думаю, што тэма вайны была галоўнай, якую абмяркоўвалі Лукашэнка і Лаўроў. І Лукашэнка прасіў як мага больш грошай, таму што ён заўсёды просіць толькі грошы, таму што гэта забяспечвае яго ўладу. Без залатога запасу дні Лукашэнкі будуць злічаны, а такі запас яму можа даць толькі Расея», — адзначыў Латушка. 16 студзеня стартавала сумеснае лётна-тактычнае навучанне авіяцыйных падраздзяленняў узброеных сіл Беларусі і Расіі, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі войскаў. Па стане на 18 студзеня разведка ЗША не знайшла пацверджання падрыхтоўкі наступлення расійскіх сіл на тэрыторыю Украіны з Беларусі. 20 студзеня ISW спрагназаваў, калі можа быць наступленне з Беларусі.
- На працягу некалькіх месяцаў мы паслядоўна прасоўвалі дадзены тэзіс
Павел Латушка пракаментаваў рэзалюцыю Еўрапейскага Парламента, якая заклікае да спецыяльнага міжнароднага трыбунала над Лукашэнкам і ваенным і палітычным кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь за ўдзел у ваенных злачынствах супраць Украіны: «Мы вітаем прынятую сёння рэзалюцыю Еўрапарламента. На працягу апошніх месяцаў Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі, каманда Народнага Антыкрызіснага Упраўлення, прадстаўнікі дэмакратычных сіл паслядоўна прасоўвалі дадзены тэзіс. Зараз ідуць актыўныя кансультацыі на ўзроўні міністраў юстыцыі шэрагу еўрапейскіх краін аб крымінальнай адказнасці асобаў, вінаватых у агрэсіі супраць Украіны. Нашай наступнай задачай будзе дабіцца таго, каб у юрысдыкцыю гэтага міжнароднага трыбуналу было ўключана прозвішча Лукашэнкі і прадстаўнікоў яго хунты. Мы перакананы, што міжнародны трыбунал будзе створаны, а Лукашэнка і яго хаўруснікі будуць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці».
- Качанава новы «прэзідэнт»?
Качанава «прэзідэнт» Лукашэнкі Лукашэнка, які больш за ўсё на свеце баіцца страціць уладу відавочна часта задумваўся пра тое, як будзе функцыянаваць сістэма, якая будавалася ім 28 гадоў, у выпадку яго недзеяздольнасці або гібелі. Звяртаю ўвагу, што гэтыя тэрміны ўведзены самім дыктатарам. І, як мы бачым, адказ на гэтае пытанне ён хутчэй за ўсё сам сабе ўжо даў. Справа ў тым, што ў выпадку недзеяздольнасці дыктатара ў адпаведнасці з артыкулам 881 лукашэнкаўскай Канстытуцыі яго паўнамоцтвы да прынясення прысягі новым прэзідэнтам пераходзяць да старшыні Савета Рэспублікі. На дадзены момант — гэта Наталля Качанава. А вось у выпадку гібелі Лукашэнкі ў выніку замаху на ягонае жыццё, здзяйснення акта тэрарызму, ваеннай агрэсіі, з прычыны іншых дзеянняў гвалтоўнага характару, у адпаведнасці з тым жа артыкулам, як вы думаеце да каго пераходзяць ягоныя паўнамоцтвы? Да Рады Бяспекі, але пад старшынствам усё той жа Качанавай. Па сцэнарыю, які малюе для сябе дыктатар, да новых прэзідэнцкіх выбараў у перыяд да 70 дзён з дня адкрыцця вакансіі (арт. 81 канстытуцыі) Качанава будзе стаяць каля руля краіны. Паспрабуем прааналізаваць магчымыя дзеяньні рэжыму, каб быць гатовым супрацьдзейнічаць ім. У першым выпадку, у выпадку недзеяздольнасці дыктатара — Качанава паспрабуе з дапамогай кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ігара Сяргеенкі атрымаць усю паўнату ўлады для дасягнення сваёй галоўнай мэты — правядзення прэзідэнцкіх выбараў па ўжо неаднаразова адпрацаваным сцэнары з непазбежнай фальсіфікацыяй вынікаў і прыгнечаннем любых пратэстаў. А для гэтага ёй жыццёва неабходна будзе падтрымка прадстаўнікоў сілавога блока — Вальфовіча, Церцяля і хутчэй за ўсё Шэймана. Пры гэтым звязак Шэйман-Галаўчанка будзе хутчэй за ўсё настойваць на беларускацэнтрычным кандыдаце і можа ўступіць у канфлікт з Вальфовічам, які будзе адстойваць цалкам прарасійскага кандыдата. Асноўнай прычынай такога магчымага канфлікту з'яўляецца непазбежная страта Шэйманам кантролю над эканамічнай складовай у выпадку захопу ўлады ў Менску прадстаўніком алігархічнай бюракратыі Крамля. Т.зв. Міністр замежных спраў Алейнік і т.зв. кіраўнік Нацбанка Калаўр хутчэй за ўсё падтрымаюць Шэймана, т.я. пазіцыянуюць сябе прыхільнікамі захавання абмежаванага суверэнітэту, але ў саюзе з Расіяй. Падтрымка Вальфовіча ў гэтым канфлікце Церцелем і Кубраковым значна ўмацуе пазіцыі апошняга і хутчэй за ўсё падцягне членаў Саўбеза, якія сумняваюцца. Але, калі ж Качанавай не ўдасца дамовіцца з сілавым блокам, найперш з Вольфавічам, то ён безумоўна можа скарыстацца пры падтрымцы Крамля сваім асноўным козарам — значным воінскім кантынгентам Узброеных сіл Расіі, які знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. У выпадку, калі дуэт Качанава-Сяргеенка дамовяцца, то яны будуць мець мэту — правядзенне кантраляваных выбараў, захаваўшы пераемнасць сістэмы, у тым ліку накіраванай на ўмацаванне інтэграцыі з Расіяй. У выпадку ж сцэнара гібелі Лукашэнкі ў выніку замаху на ягонае жыццё, здзяйснення акта тэрарызму, ваеннай агрэсіі ці іншых дзеянняў гвалтоўнага характару «першую скрыпку» будзе іграць усё ж Вальфовіч. Асноўная прычына — неадкладнае ўвядзенне надзвычайнага або ваеннага становішча. Натуральна, што пры такім развіцці сітуацыі Качанава і Сяргеенка і астатнія прадстаўнікі ўмоўна грамадзянскага блока будуць пастаўлены ва ўмовы «простых выканаўцаў» рашэнняў Савета бяспекі. Старшынства Качанавай у дадзеным органе ў гэтым выпадку будзе фармальным, т.я. Дзяржаўны сакратарыят Савета бяспекі пад кіраўніцтвам генералаў Вальфовіча і Муравейкі зможа забяспечыць нейтралізацыю спроб Качанавай замкнуць на сябе ўсю паўнату ўлады. У такой сітуацыі Сяргеенка, хутчэй за ўсё, зойме нейтральную пазіцыю, а Шэйман і Галоўчанка страцяць магчымасць прапіхнуць сваю крэатуру і будуць спрабаваць дамовіцца хутчэй аб «адчэпных» у выглядзе матэрыяльных выгад. Калі іншыя прадстаўнікі сілавога блока — Кубракоў і Церцель не падтрымаюць Вальфовіча, то можа быць рэалізаваны і зусім сцэнар увода альбо выкарыстання расійскіх войскаў у дапамогу Вальфовічу. Усе астатнія члены Савета бяспекі зоймуць пазіцыю чакання з надзеяй захаваць свае пасады пры любым развіцці сітуацыі. Але ёсць верагоднасць таго, што Савет бяспекі падзеліцца на 2 лагеры. У першым, пад кіраўніцтвам Вальфовіча, выступяць так званыя генпракурор Швед, старшыні КДБ і КДК — Церцель і Герасімаў, міністр абароны Хрэнін, Міністр унутраных спраў Кубракоў, міністр па надзвычайных сітуацыях Сіняўскі, старшыні следчага і памежнага камітэтаў Гара і Лапо, начальнік Генштаба ўзброеных Гулевіч. У другім лагеры, які ўзначальвае Качанава, апынуцца хутчэй за ўсё прэм'ер-міністр Галоўчанка пры актыўнай падтрымцы Шэймана, старшыні Палаты прадстаўнікоў і Вярхоўнага суда Андрэйчанка і Сукала, кіраўнік адміністрацыі Сяргеенка, старшыня Нацбанка Калаўр, міністр замежных спраў Алейнік, а таксама старшыня дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Пантус. Ацэньваючы магчымыя варыянты транзіту, якія існуюць у галаве прыхільнікаў рэжыму, важна разумець, што ў любым выпадку гэта змяінае гняздо, якое пакуль яшчэ кантралюецца дыктатарам. Але без яго працэсы ўнутры рэжыму могуць набыць цэнтрабежны характар, што нам важна ўлічваць у сваіх планах транзіту ўлады да беларускага народа. Але галоўнае — рыхтаваць свой сцэнар транзіту, заснаваны на трох інструментах: унутраная сіла, узброеныя фарміраванні, якія змагаюцца сёння за вызваленне Украіны і міжнародная падтрымка беларускага народа.











