top of page

Пошук па сайце

Search this site

1023 results found with an empty search

  • Механізмы міжнароднага крымінальнага правасуддзя павінны працаваць на прыцягненне да адказнасці вінаватых за транснацыянальныя рэпрэсіі ў Беларусі

    Статуя «Правы чалавека» перад будынкам Рады Еўропы. Pierre-Olivier / Shutterstock Сёння на паседжанні прававога камітэта ПАРЕ намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, чалец беларускай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Павел Латушка ініцыяваў ўнясенне папраўкі ў рэзалюцыю ПАРЕ «Барацьба з транснацыянальнымі рэпрэсіямі». Рэзалюцыя ПАРЕ утрымлівае запіс аб тым, што «Асамблея заклікае ўсе дзяржавы-члены і дзяржавы-назіральніцы, а таксама дзяржавы, чые парламенты маюць статус назіральніка або партнёра па дэмакратыі пры Асамблеі, прыцягваць да адказнасці вінаватых у транснацыянальных рэпрэсіях па ўсёй строгасці закона. Да гэтага запісу была дададзеная папраўка, што пераслед павінен ажыццяўляцца і праз адпаведныя міжнародныя механізмы крымінальнага правасуддзя. Каментуючы прыняцце гэтай папраўкі, Павел Латушка адзначыў: «Транснацыянальныя рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі ажыццяўляюцца ў маштабе і з ужываннем такіх практык, якія адпавядаюць паняццю „злачынства супраць чалавечнасці“ і маюць беспрэцэдэнтны для Еўропы характар. Пацвярджэннем гэтаму з’яўляецца тое, што 12 сакавіка Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда абвясціў пра пачатак расследавання „беларускай сітуацыі“, якая тычыцца дэпартацыі і пераследу шляхам дэпартацыі, асобныя акты якіх з’яўляюцца транснацыянальнымі рэпрэсіямі. Гэтыя дзеянні заключаюцца ў спыненні выдачы пашпартоў за мяжой, непасрэдных пагрозах жыццю і здароўю пераследаваных, пагрозах у адрас іх блізкіх сваякоў, арышце і канфіскацыі маёмасці. Прымяненне „судовага харасменту“ [judicial harassment] шляхам масавых палітычна матываваных крымінальных спраў за праяву палітычнай волі па-за межамі Беларусі, завочных судоў, пазбаўлення права на эфектыўную абарону падчас такіх працэсаў — гэта таксама элемент транснацыянальных рэпрэсій», — падкрэсліў Павел Латушка. Усё гэта — акты злачынства супраць чалавечнасці як злачынства пераследу праз дэпартацыю, якія робяць немагчымым вяртанне ў Беларусь дзясяткам тысяч беларусаў. Як адзначыў прадстаўнік Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады, уяўляецца мэтазгодным падкрэсліць патэнцыял міжнародных механізмаў крымінальнага правасуддзя ў супрацьдзеянні транснацыянальным рэпрэсіям. Раней падчас зімовай сесіі ПАРЕ Павел Латушка выступаў на спецыяльным мерапрыемстве ў ПАРЕ з інфармацыяй пра маштаб транснацыянальных злачынстваў, якія ажыццяўляюцца рэжымам Лукашэнкі супраць беларусаў. Перададзеныя дакладчыку матэрыялы былі ўлічаны падчас падрыхтоўкі рэзалюцыі.

  • Унутраны тэрор — гэта зачыстка тылу для забеспячэння знешняй агрэсіі супраць Украіны

    Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прадстаўнік АПК па транзіце ўлады. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» у складзе Каардынацыйнай Рады 3-га склікання. «З маштабнай мілітарызацыі Беларусі вынікае геапалітычная аксіёма: без свабоднай і незалежнай Беларусі не можа быць бяспечнай Еўропы», — намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, чалец беларускай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Павел Латушка падчас брыфінгу для сябраў групы «Альянс лібералаў і дэмакратаў за Еўропу» (ALDE) у межах летняй сесіі ПАРЕ. Падчас выступу Павел Латушка асабліва звярнуў увагу на тое, што з пачатку 2026 года фіксуецца бесперапынная ваенная актыўнасць па трох ключавых кірунках: армія, унутраныя войскі і тэрытарыяльная абарона. Па лініі Узброеных Сіл: у студзені асабіста па даручэнні Лукашэнкі была запушчана маштабная раптоўная праверка баявой гатоўнасці, якая праходзіла таемна. У сакавіку прайшлі комплексныя тактычныя вучэнні войскаў Заходняга аператыўнага камандавання каля межаў ЕС. У траўні на тэрыторыі краіны прайшлі сумесныя вучэнні з Расіяй па прымяненні тактычнай ядзернай зброі. Павел Латушка адзначыў, што быў вылучаны шэраг ключавых прыкмет таго, што рэжым Лукашэнкі вядзе актыўную падрыхтоўку да прамога ўступлення ў ваенны канфлікт. Паралельна па лініі МУС і Унутраных войскаў вядзецца жорсткая падрыхтоўка да падаўлення любога супраціву ва ўмовах вядзення вайны. Па лініі Тэрытарыяльнай абароны з 12 траўня разгорнуты мабілізацыйныя зборы з фарміраваннем мясцовых частак з рэзервістаў. «Акрамя таго, важна адзначыць, што з сакавіка 2025 года не было прынята ніводнага пакета санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі. Пры гэтым маштаб рэпрэсій у Беларусі беспрэцэдэнтны. Праз затрыманні прайшлі больш за 60 тысяч чалавек. З палітычна матываваным крымінальным пераследам сутыкнуліся каля 10 тысяч чалавек, амаль 8,5 тысяч былі асуджаныя. Нядаўняе прызнанне Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Літве "экстрэмісцкай арганізацыяй" выклікала хвалю пераследу студэнтаў і іх сваякоў. На дадзены момант паведамляецца як мінімум пра 60 ператрусаў па ўсёй Беларусі. Гэты жорсткі ўнутраны тэрор наўпрост забяспечвае знешнюю агрэсію. Татальнае падаўленне грамадства, ліквідацыя незалежных медыя і знішчэнне сектара НКА дазволілі Лукашэнку ізаляваць унутраны супраціў і прадаставіць беларускую тэрыторыю, інфраструктуру і паветраную прастору расійскай арміі. Унутраны тэрор — гэта зачыстка тылу для забеспячэння знешняй агрэсіі супраць Украіны», — адзначыў Павел Латушка. Падчас брыфінгу Павел Латушка заклікаў сябраў групы ALDE лабіраваць ва Урадах сваіх краін, каб яны падтрымалі расследаванне Міжнароднага крымінальнага суда «беларускай сітуацыі». А таксама падтрымліваць інстытуты дэмакратычных сіл, незалежныя медыя і блогераў, арганізацыі грамадзянскай супольнасці.

  • Лукашэнка апынуўся пад велізарным ціскам Пуціна, бо сам паставіў Беларусь у татальную залежнасць ад Расіі

    Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прадстаўнік АПК па транзіце ўлады. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» у складзе Каардынацыйнай Рады 3-га склікання. «Патрэбны нацыянальны дыялог з выкарыстаннем інструмента круглага стала для выхаду з глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі», — адзначыў дэлегат Каардынацыйнай Рады, чалец беларускай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Павел Латушка падчас пасяджэння Камітэта па палітычных пытаннях і дэмакратыі ПАРЕ. Падчас выступу Павел Латушка адзначыў, што для дасягнення сапраўдных, а не касметычных палітычных зменаў у нашай краіне, мы прапануем стратэгію, якая складаецца з двух кірункаў: Злучаныя Штаты, задзейнічаючы свае інструменты санкцыйнага ціску на рэжым, а таксама нестандартныя метады дыпламатыі, маюць дастаткова сіл і рэсурсаў, каб дабіцца вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і спыніць рэпрэсіі. Еўрапейскі саюз і іншыя дэмакратычныя краіны мы просім паслядоўна выкарыстоўваць санкцыйныя механізмы як рычаг для дасягнення рэальных сістэмных зменаў у Беларусі. «Лукашэнка знаходзіцца пад велізарным ціскам Пуціна. Гэта яго віна і адказнасць, бо менавіта ён паставіў Беларусь у такую залежнасць ад Расіі. З іншага боку, Украіна вельмі выразна акрэсліла яму: калі ён уцягне Беларусь у вайну, гэта прывядзе да сур’ёзных наступстваў. Менавіта круглы стол можа стаць рэальным выхадам, што дазволіць гарантаваць бяспеку Украіны, вярнуць беларускаму народу права самастойна вызначаць сваю будучыню і стварыць перадумовы для больш шырокага мірнага працэсу ў рэгіёне Мы бачым еўрапейскіх партнёраў як адзін з трох бакоў гэтага Круглага стала — разам з дэмакратычнымі сіламі і прадстаўнікамі рэжыму — і як сілу, здольную заахвоціць Мінск сесці за стол перамоў праз механізмы санкцый і скаардынаванага ціску. Пры гэтым важна падкрэсліць: любыя пагадненні з рэжымам праз галаву беларускага грамадства з'яўляюцца нежыццяздольнымі, і гісторыя гэта ўжо не раз даказвала. Наш галоўны прынцып нязменны: "Нічога пра беларусаў без беларусаў"». Таксама падчас выступу Павел Латушка адзначыў, што канвеер рэпрэсій у Беларусі не спыняецца ні на адзін дзень. У якасці прыкладу прывёў маштабныя вобшукі па ўсёй краіне ў сувязі з прызнаннем па палітычных матывах Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта «экстрэмісцкай арганізацыяй». Асобна Павел Латушка падкрэсліў жахлівы маштаб транснацыянальных рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі, які з’яўляецца беспрэцэдэнтным для Еўропы. У сувязі з гэтым дэлегат Каардынацыйнай Рады звярнуўся з просьбай да дэпутатаў краін Рады Еўропы пралабіраваць у сваіх урадах пытанне падтрымкі расследавання «беларускай сітуацыі» ў Міжнародным крымінальным судзе, каб забяспечыць усебаковае правасуддзе і не дапусціць яго фрагментацыі.

  • Заява Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі ў сувязі з пагрозай ваеннай эскалацыі

    Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі адзначае істотны рост пагроз бяспецы і незалежнасці Беларусі ў сувязі з працягам уцягвання рэжыму Лукашэнкі ў вайну супраць Украіны. Сёння беларусам жыццёва важна знайсці шляхі да дасягнення грамадзянскай згоды і эфектыўнай абароны нацыянальных інтарэсаў. Ад гэтага будуць залежаць як захаванне беларускай дзяржавы, так і яе ўстойлівае развіццё. Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі заклікае функцыянальныя ўлады краіны спыніць падтрымку расійскай агрэсіі, пачаць перамовы ў фармаце Круглага стала з прадстаўнікамі аб’яднаных дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці з мэтай недапушчэння ўцягвання Беларусі ва ўзброенае супрацьстаянне, спынення ўнутранага палітычнага крызісу і крызісу бяспекі. Незалежнасць Беларусі і няўдзел у вайне — гэта ключавыя элементы дасягнення нацыянальнага кансэнсусу і аснова для аднаўлення грамадзянскай згоды. Жыве Беларусь! Варшава, 21 чэрвеня 2026 года

  • Беларусы, якія знаходзяцца ў Польшчы на гуманітарных падставах, могуць запрашаць сваякоў праз консула на падставе натарыяльнага запрашэння

    «Калі казаць пра сітуацыю грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Польшча на падставе гуманітарных віз, дазволаў на часовы побыт, атрыманых па гуманітарных прычынах, або дадатковай абароны, варта выразна падкрэсліць, што бліжэйшыя члены сем’яў гэтых асоб (бацькі, дзеці, дзядулі, бабулі, унукі) маюць магчымасць звяртацца па візы на падставе натарыяльна завераных запрашэнняў», — заяўляецца ў адказе Міністэрства замежных спраў Польшчы на адпаведны зварот намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегата Каардынацыйнай Рады Беларусі Паўла Латушкі. Грамадзяне Беларусі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы на падставе дазволу на побыт па гуманітарных прычынах, звярнуліся да Паўла Латушкі з просьбай дапамагчы вырашыць праблему з запрашэннем сваякоў у Польшчу. Праблема была ў тым, што пасля звароту ў консульства Польшчы ў Мінску з просьбай разгледзець магчымасць выдачы віз для бацькоў, быў атрыманы адказ, што асобы, якія маюць часовы від на жыхарства, могуць запрасіць сваіх бацькоў у Польшчу пры ўмове афармлення для іх запрашэння, зробленага ў Ваяводскім упраўленні. У сваю чаргу ў Ваяводскім упраўленні адказалі, што запрашэнне можа аформіць замежнік, які непасрэдна перад выдачай запрашэння легальна і бесперапынна пражываў не менш за 5 гадоў на тэрыторыі Рэспублікі Польшча, альбо мае дазвол на пастаянны побыт, альбо дазвол на побыт доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС. Адказваючы на зварот Паўла Латушкі з гэтай нагоды, МЗС Польшчы таксама адзначыў, што «ў перапісцы з консулам з мэтай прызначэння даты падачы візавай заявы гэтыя асобы павінны падаць поўную інфармацыю пра падставу атрымання права на жыхарства ў Польшчы. Консул, атрымаўшы толькі скан карты побыту з адзнакай "доступ да рынку працы", не можа вызначыць, ці была карта атрымана на падставе дазволу на часовы побыт і працу, ці па гуманітарных прычынах, якія таксама даюць права на працаўладкаванне, хоць сама падстава для падачы заявы на права на жыхарства зусім іншая. Каб консул мог прыняць правільнае рашэнне наконт прымянення прэферэнцыйнага шляху да канкрэтнай асобы, ён павінен валодаць поўнай інфармацыяй пра таго, хто запрашае. Магчымыя непаразуменні могуць быць вынікам адсутнасці поўнага бачання справы». «Аб’яднаны Пераходны Кабінет выказвае ўдзячнасць МЗС Польшчы за спрыянне ў атрыманні візаў для сваякоў грамадзян Беларусі, у тым ліку тых, хто знаходзіцца ў Польшчы на падставе міжнароднай абароны, гуманітарных віз, дазволаў на часовы побыт, атрыманых па гуманітарных прычынах. Мы высока цэнім супрацоўніцтва з консульскім дэпартаментам МЗС Польшчы і консульскімі ўстановамі Польшчы за мяжой», — адзначыў Павел Латушка.

  • Пазіцыя Эстоніі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі застаецца нязменнай

    Павел Латушка з Кармен Лаўс. Польшча, Варшава, 2026. Фота: НАУ-медыя Пытанні адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі ў Міжнародным крымінальным судзе і ў Спецыяльным трыбунале па злачынстве агрэсіі супраць Украіны і вынікі выбараў у Каардынацыйную раду Беларусі былі прадметам абмеркавання намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі і спікера Каардынацыйнай Рады Арцёма Брухана са Спецыяльнай прадстаўніцай МЗС Эстоніі па сувязях з дэмакратычнымі сіламі Беларусі Кармен Лаўс. У ходзе сустрэчы абгаворваліся пытанні далейшага ўзмацнення санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі. Кармен Лаўс была прадстаўлена інфармацыя аб перспектывах развіцця адносін дэмакратычных сіл Беларусі з Украінай. Таксама падчас сустрэчы з прадстаўніцай МЗС Эстоніі абмяркоўваліся пазіцыя Еўрапейскага Саюза ў дачыненні да Беларусі і важнасць дабівацца ад рэжыму сістэмных, а не касметычных зменаў ва ўнутранай рэпрэсіўнай палітыцы з выкарыстаннем інструмента круглага стала. Акрамя таго, бакі закранулі тэму падтрымкі Эстоніяй працы Міжнароднага гуманітарнага фонду і перспектывы вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі. Павел Латушка падзякаваў Кармен Лаўс за паслядоўную пазіцыю Эстоніі па падтрымцы дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі. Прадстаўніца МЗС Эстоніі адзначыла, што пазіцыя Эстоніі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі застаецца нязменнай, паколькі рэжым не мяняе сваёй унутранай рэпрэсіўнай і знешняй агрэсіўнай палітыкі.

  • Пра што дэмсілы дамовіліся з міністрам замежных справаў Украіны

    Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прадстаўнік АПК па транзіце ўлады. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» у складзе Каардынацыйнай Рады 3-га склікання. У Кіеве дэлегацыя дэмакратычных сілаў на чале з кіраўніцай Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Святланай Ціханоўскай сустрэлася з міністрам замежных спраў Украіны Андрэем Сібігам. Падчас сустрэчы, якая цягнулася больш за дзве з паловай гадзіны, гаварылі пра далейшае супрацоўніцтва Украіны з дэмакратычнымі сіламі, праблемы беларусаў ва Украіне, супрацу ў сферах культуры, інфармацыі, дыпламатыі. Вынікі: прызначаны амбасадар па асаблівых даручэннях Яраслаў Чарнагор, які будзе каардынаваць супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі; рыхтуецца запуск каардынацыйнай групы па пытаннях беларусаў ва Украіне, у тым ліку пытаннях легалізацыі, міграцыі, іншых праблемаў, з якімі сутыкаюцца беларусы ва Украіне; перададзены шэраг прапановаў па санкцыях супраць рэжымных прадпрыемстваў і фізічных асобаў, Украіна падыме пытанне Беларусі на радзе міністраў замежных справаў ЕС. Украіна разгледзіць пытанне санкцыяў супраць «Союзного государства»; дэмакратычныя сілы далучацца да міжнароднай кааліцыі за вяртанне ўкраінскіх дзяцей; дамовіліся на супрацоўніцтва ў супрацьдзеянні русіфікацыі і падтрымку беларуска-ўкраінскіх культурных і асветніцкіх ініцыятываў, а таксама пра стварэнне ўмоваў для развіцця беларускага студэнцтва ва Украіне; міністру была афіцыйна прадстаўлена кіраўніца Місіі дэмакратычных сіл у Кіеве Святлана Шаціліна; перададзеныя прапановы па прыцягненні рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за міжнародныя злачынствы (акт агрэсіі супраць Украіны, дэпартацыя дзяцей, злачынствы супраць чалавечнасці); Падчас сустрэчы дамовіліся супрацьдзейнічаць расійскай дэзынфармацыі і прапагандзе, а таксама прыкладаць намаганні, каб не дапусціць уцягвання Беларусі ў вайну. Беларускай дэлегацыі таксама прадставілі шэраг гістарычных дакументаў з афіцыйных карэспандэнцыяй УНР І Беларускай народнай рэспублікі ў 1918–1919 гадах. Святлана Ціханоўская: «Я радая, што нашыя адносіны выходзіць на новы ўзровень — гэта выразны сігнал што Украіна адрознівае Беларусь і Расію, беларусаў і рэжым. Мы будзем супрацоўнічаць з Украінай па шэрагу напрамкаў, каб абнаўляць дружныя адносіны паміж нашымі народамі, і супрацьстаяць злачынным рэжымам у Мінску і Маскве». Падчас сустрэчы дэлегацыі дэмакратычных сіл Беларусі з міністрам замежных спраў Украіны намеснік кіраўніцы АПК Павел Латушка агучыў тры кірункі, па якім вядзецца праца па прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці за ўчыненыя міжнародныя злачынствы: акт агрэсіі супраць Украіны, дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны і злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа. А таксама перадаў канкрэтныя прапановы па павелічэнні санкцыйнага ціску на рэжым. Андрэй Сібіга падтрымаў іх, адзначыўшы, што Украіна будзе весці працу ў кірунку адказнасці і павелічэння санкцый. Дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сілаў складалася з прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Паўла Латушка, прадстаўніцы дэмакратычных сілаў ва Украіне Святланы Шацілінай, дарадцаў Ціханоўскай — Франака Вячоркі, Дзяніса Кучынскага, Анатоля Лябедзькі.

  • Павел Латушка дамовіўся пра актывізацыю супрацоўніцтва з Украінай у санкцыйным ціску супраць рэжыму Лукашэнкі

    Павел Латушка, Уладзіслаў Уласюк, Арцём Брухан. Кіеў, Украіна, 2026 год. Фота: НАУ-медыя. Важнасць працягу санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі абмеркаваў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас сустрэчы з саветнікам-упаўнаважаным Прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіславам Власюком. У сустрэчы прыняў удзел спікер Каардынацыйнай Рады, намеснік кіраўніка НАУ Арцём Брухан. «Наш агульны прыярытэт сёння — разам з Украінай жорстка супрацьстаяць любым тэндэнцыям і спробам аслаблення еўрапейскіх санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі», — адзначыў па выніках сустрэчы Павел Латушка. Палітык перадаў канкрэтныя прапановы па ўвядзенні санкцый супраць 17 прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу рэжыму Лукашэнкі, інстытутаў так званай саюзнай дзяржавы, атачэння Лукашэнкі, прапагандыстаў і службовых асоб, датычных да рэпрэсій у Беларусі. Таксама была адзначаная важнасць максімальнага ўзмацнення кантролю за транзітам тавараў праз Беларусь у трэція краіны і далейшага пашырэння блакавальных санкцый супраць беларускіх банкаў, якія застаюцца падключанымі да расійскай сістэмы СПФС (сістэма перадачы фінансавых паведамленняў). Арцём Брухан прадставіў украінскаму боку інфармацыю і матэрыялы пра ролю так званай саюзнай дзяржавы ў агрэсіі супраць Украіны і ліквідацыі незалежнасці Беларусі. Бакі дамовіліся актывізаваць супрацоўніцтва ў пытаннях санкцый у дачыненні да ваенна-прамысловага комплексу, фінансавага сектара, а таксама прапаганды, якая дзейнічае ў інтарэсах «рускага свету». Адзначана важнасць узаемадзеяння на ўзроўні Еўрапейскага саюза па далейшай гарманізацыі санкцыйнага ціску ў гандлі на Расію і рэжым Лукашэнкі. «Санкцыі за вайну і санкцыі за рэпрэсіі супраць беларускага народа павінны дапаўняць адны адных. Аслабленне ціску на Лукашэнку недапушчальнае ні ў адным з кірункаў. Толькі сумесныя і сінхронныя дзеянні Украіны і дэмакратычных сіл Беларусі дапамогуць пазбавіць рэжым рэсурсаў», — падкрэсліў па выніках сустрэчы Павел Латушка.

  • Павел Латушка абмеркаваў у МЗС Украіны тры кірункі супрацоўніцтва па пытаннях адказнасці Лукашэнкі

    Павел Латушка і дырэктар Дэпартамента міжнароднага права і міжнародна-прававога супрацьдзеяння агрэсіі МЗС Украіны Антон Карыневіч. Кіеў, Украіна, 2026 год. Фота: НАУ-медыя. «Дзякую дырэктару Дэпартамента міжнароднага права і міжнародна-прававога супрацьдзеяння агрэсіі МЗС Украіны Антону Карыневічу за вельмі канструктыўную сустрэчу, за тыя дамоўленасці, якія дасягнутыя, за магчымую супрацу па пытаннях адказнасці Лукашэнкі і яго хаўруснікаў па трох кірунках», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка па выніках сустрэчы ў МЗС Украіны. Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі тры кірункі супрацоўніцтва па пытаннях адказнасці Лукашэнкі і яго хаўруснікаў за злачынствы супраць украінскага і беларускага народаў. Павел Латушка падзякаваў за заяву міністра замежных спраў Украіны Андрэя Сібігі пра тое, што Лукашэнка будзе несці адказнасць за злачынства агрэсіі ў дачыненні да Украіны ў межах Спецыяльнага трыбунала па злачынству агрэсіі супраць Украіны, які зараз ствараецца. Таксама Павел Латушка праінфармаваў пра збор доказаў учыненага акта агрэсіі, якім зараз займаецца НАУ; бакі абмеркавалі механізмы і адрасатаў перадачы адпаведных матэрыялаў. Дамовіліся, што пасля абагульнення гэтых матэрыялаў Народнае антыкрызіснае ўпраўленне перадасць іх у МЗС Украіны для наступнай перадачы генеральнаму пракурору Украіны, а таксама ў Міжнародны цэнтр па расследаванні злачынства агрэсіі супраць Украіны ў Гаазе. Было падкрэслена, што прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі падчас міжнародных сустрэч будуць лабіяваць важнасць далучэння іншых дзяржаў да механізмаў функцыянавання Спецтрыбунала. Прадстаўнік МЗС Украіны праінфармаваў, што на гэты момант свой удзел у яго стварэнні пацвердзілі 36 дзяржаў і Еўрапейскі саюз. Таксама падчас сустрэчы абмеркавалі магчымасці прыцягнення Лукашэнкі і яго хаўруснікаў да адказнасці за незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей і іх наступную індактрынацыю ў інтарэсах «рускага свету». Кіраўнік НАУ праінфармаваў, што Лукашэнка працягвае ўчыняць гэтыя злачынствы. У якасці прыкладу было адзначана, што на мінулым тыдні быў зафіксаваны чарговы прыезд дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Віцебск. Лукашэнка неаднаразова сам прызнаваўся ва ўчыненні злачынства супраць украінскіх дзяцей. Так, напрыклад, 27 чэрвеня 2023 года ён заявіў: «Я выйшаў на Пуціна, кажу: давай мы частку саюзнага бюджэту выдаткуем на гэтых дзетак. Вось так і пачалі іх прывозіць». Павел Латушка перадаў інфармацыю пра тое, што не менш за 3,5 тысячы ўкраінскіх дзяцей з як мінімум 15 гарадоў былі вывезены на тэрыторыю Беларусі. Таксама адзначыў, што ў выніку даволі працаёмкай дзейнасці ўдалося ідэнтыфікаваць некалькі дзясяткаў дзяцей-сірот з Украіны. Акрамя таго, намеснік кіраўніцы Кабінета звярнуўся з просьбай да ўкраінскага боку звярнуць увагу Міжнароднага крымінальнага суда і, у прыватнасці, Офіса пракурора на важнасць расследавання дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Падчас абмеркавання ходу расследавання пракурора Міжнароднага крымінальнага суда «беларускай сітуацыі», звязанай з учыненнем злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа, прадстаўнік МЗС Украіны выказаў віншаванні ў сувязі з тым, што ўдалося дасягнуць такога важнага выніку ў працы НАУ і беларускіх праваабарончых арганізацый. Павел Латушка звярнуўся з просьбай пра рэалізацыю працэдуры ў адпаведнасці з артыкулам 14 Рымскага статута і перадачы ў Офіс пракурора МКС інфармацыі па сітуацыі з дэпартацыяй часткі грамадзянскага насельніцтва Беларусі ва Украіну. Гэта звязана з тым, што са жніўня 2020 года дзесяткі тысяч беларусаў былі вымушаныя пакінуць тэрыторыю Беларусі і выехаць у гэтую краіну, дзе ў далейшым у дачыненні да іх ажыццяўляецца трансгранічны пераслед. Падчас сустрэчы гаворка ішла пра тое, што ахвярамі злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам Лукашэнкі, з’яўляюцца таксама і грамадзяне Украіны. Бакі дамовіліся працягнуць прадметнае ўзаемадзеянне па ўсіх трох кірунках прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі.

  • Павел Латушка: Голас Украіны ў пытаннях прыцягнення прадстаўнікоў рэжыма да адказнасці вельмі важны для нас

    Павел Латушка. Кіеў, Украіна, 2026 г. Фота: НАУ-медыя «Для мяне гэты візіт важны з пункту гледжання дэманстрацыі нашай салідарнасці з Украінай і з украінскім народам, які змагаецца за сваю свабоду і тэрытарыяльную цэласнасць ужо пяты год паўнамаштабнай агрэсіі», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка на пачатку рабочага візіту ў Кіеў дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сіл на чале са Святланай Ціханоўскай. Павел Латушка распавёў пра планы пад час візіту ва Украіну: «Беларусы, якія хочуць свабоднай краіны, таксама на баку ўкраінцаў. Нашы героі змагаюцца на лініі фронту. Падчас знаходжання ў Кіеве планую правесці асобную сустрэчу з дырэктарам Дэпартамента міжнароднага права і міжнародна-прававога супрацьдзеяння агрэсіі МЗС Украіны Антонам Карыневічам. Гэтая сустрэча адбудзецца ў развіццё папярэдніх сустрэч, планую абмеркаваць магчымую дапамогу з нашага боку, з боку Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і НАУ, у пытаннях збору доказаў для перадачы пракурору Міжнароднага крымінальнага суда ў межах расследавання, якое ўжо вядзецца па факце незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь. Павел Латушка і Святлана Ціханоўская. Украіна, 2026 г. Фота: НАУ-медыя Намі ўжо былі прадстаўленыя два вялікія аб’ёмы матэрыялаў. Я асабіста сустракаўся са старэйшым следчым пракурора Міжнароднага крымінальнага суда, падчас чаго перадаў матэрыялы пракурору МКС. Таксама адпаведныя матэрыялы працэсуальна мы перадавалі Генеральнаму пракурору Украіны. Другі кірунак, які я хацеў бы абмеркаваць, — гэта падтрымка з нашага боку стварэння Спецыяльнага трыбунала па злачынству агрэсіі супраць Украіны. НАУ на дадзены момант збірае доказы, якія мы, вядома ж, будзем перадаваць як Генеральнаму пракурору Украіны, так і пракурору будучага Спецтрыбунала, які будзе створаны ў найбліжэйшы час у Гаазе. Асобна важнай для мяне стане тэма магчымай падтрымкі Украінай расследавання злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа. Як вы ведаеце, дадзенае расследаванне з сакавіка таксама вядзе пракурор Міжнароднага крымінальнага суда. І дзясяткі тысяч беларусаў пасля 2020 года былі вымушаныя пакінуць тэрыторыю краіны і выехаць ва Украіну, што з пункту гледжання міжнароднага права з’яўляецца дэпартацыяй. Украіна не так даўно падпісала Рымскі статут і стала сябрам Міжнароднага крымінальнага суда. Яе голас у гэтым расследаванні таксама вельмі важны для нас. Асобна ў мяне запланавана сустрэча ў Офісе Прэзідэнта Украіны з упаўнаважаным Прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіславам Власюком, дзе я перадам канкрэтныя прапановы па ўзмацненні сектаральных і персанальных санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Мы і да гэтага ўзаемадзейнічалі з Украінай па санкцыйнай тэматыцы. Спадзяюся, што гэтая сустрэча надасць гэтаму супрацоўніцтву яшчэ большую эфектыўнасць».

  • Працягваецца праца па прасоўванню расследавання «беларускай сітуацыі» у Міжнародным крымінальным судзе

    «Менавіта дзякуючы Міністэрству юстыцыі і Ураду Літвы тысячы беларусаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій, пераследу і дэпартацыі, атрымалі надзею на міжнароднае правасуддзе і аднаўленне сваіх правоў», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас сустрэчы з міністрам юстыцыі Літвы Рытай Тамашунене. Падчас сустрэчы Павел Латушка выказаў удзячнасць Літве і адзначыў, што перадача ўрадам Літвы «беларускай сітуацыі» ў Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда — гэта не толькі вынік цяжкай юрыдычнай працы, але і акт адданасці Літвы найвышэйшым прынцыпам справядлівасці. Павел Латушка падкрэсліў, што на гэты момант робіцца ўсё ад нас залежнае для прасоўвання расследавання «беларускай сітуацыі» у Міжнародным крымінальным судзе, а таксама для таго каб і іншыя краіны падтрымалі гэтае расследаванне. Асобна бакі абмеркавалі іншыя мажлівасці прыцягнення рэжыму да міжнароднай адказнасці, у тым ліку ў межах Міжнароднага суда ААН. Гаворка ішла пра адказнасць як за злачынства супраць беларусаў, так і за парушэнне міжнародных абавязкаў у дачыненні да Літвы.

  • Літва для нас была і застаецца стратэгічным партнёрам у пытаннях падтрымкі дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі

    Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас сустрэчы са спікерам літоўскага парламента Юозасам Олекасам выказаў удзячнасць за пазіцыю Літвы ў пытаннях падтрымкі палітычных зняволеных, дэпартаваных на тэрыторыю Літвы, адказнасці рэжыму Лукашэнкі за здзяйсненне злачынстваў супраць беларускага народа. У сустрэчы прынялі ўдзел дырэктар Офіса Святланы Ціханоўскай у Вільні Дзяніс Кучынскі і намесніца кіраўніцы міжнароднай камісіі Каардынацыйнай рады Ірына Халопіца. Падчас сустрэчы спікер выказаў поўную падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі. Адзначыў, што парламент Літвы заўсёды адкрыты для правядзення мерапрыемстваў у падтрымку дэмакратычнага руху Беларусі. Таксама падкрэсліў, што ў парламенце падтрымліваюць пазіцыю літоўскага ўрада адносна адказнасці рэжыму і працягу санкцыйнага ціску. Асобна ў ходзе сустрэчы бакі абмеркавалі сітуацыю, звязаную з пагрозай бяспецы Літве, якую стварае рэжым Лукашэнкі. Павел Латушка праінфармаваў Юозаса Олекаса пра вынікі выбараў у Каардынацыйную Раду. Таксама распавёў пра дзеянні, якія прадпрымаюцца па пытанні прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа, за незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей-сірот на тэрыторыю Беларусі, а таксама за здзяйсненне акта агрэсіі супраць Украіны. Падчас сустрэчы Павел Латушка прадставіў інфармацыю пра працу беларускай дэлегацыі Каардынацыйнай Рады ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, а таксама ў іншых міжпарламенцкіх арганізацыях, дзе прадстаўленая КР.

bottom of page