top of page

Пошук па сайце

Search this site

1023 results found with an empty search

  • Ніякіх змен у візавай палітыцы ЕС для беларусаў не плануецца

    Ілюстрацыйнае фота Інфармацыя, якая з’явілася наконт змянення візавай палітыкі Еўрапейскага саюза ў дачыненні да беларусаў, стала адной з тэм абмеркавання падчас рабочых сустрэч намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі і спікера Каардынацыйнай рады Арцёма Брухана ў Берліне. Павел Латушка і Арцём Брухан правялі сустрэчы ў канцылярыі канцлера, у Міністэрстве замежных спраў Германіі і з няўрадавымі арганізацыямі краіны. Прадстаўнікі нямецкага боку адзначылі, што ніякіх змен у візавай палітыцы для беларусаў не плануецца . Будзе працягнута палітыка, накіраваная на выдачу віз грамадзянам Беларусі, якія жадаюць наведваць ЕС. Германія пры гэтым з’яўляецца адным з лідараў па колькасці выдаваемых віз. Таксама было адзначана, што, на жаль, нямецкае консульства перагружана вялікай колькасцю ахвотных атрымаць візы, аднак  Германія будзе працягваць палітыку адкрытасці . Падчас сустрэч нямецкім партнёрам была даведзена пазіцыя наконт рэалізацыі падыходу па арганізацыі Круглага стала для выхаду з глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі . Абмеркавана магчымая падтрымка гэтага падыходу з боку Германіі і Еўрапейскага саюза ў цэлым. Па ініцыятыве Паўла Латушкі і Арцёма Брухана падчас сустрэч было абмеркавана пытанне працягу санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, а таксама захаванне мабільнасці для беларусаў для наведвання ЕС, падтрымка адукацыйных і культурных праграм з боку Германіі.

  • Павел Латушка: Маштабы транснацыянальных рэпрэсій узмацняюцца з кожным годам і сёння закранаюць амаль усіх, хто быў выгнаны з краіны

    Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прадстаўнік АПК па транзіце ўлады. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» у складзе Каардынацыйнай Рады 3-га склікання. «Транснацыянальныя рэпрэсіі сталі сістэмным інструментам, які выкарыстоўваецца аўтарытарнымі рэжымамі для пераследу сваіх апанентаў па-за межамі краіны. Аднак рэжым Лукашэнкі давёў гэтыя практыкі да маштабу, які адпавядае вызначэнню пераследу як злачынства супраць чалавечнасці, што падпадае пад юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда» , — адзначыў дэлегат Каардынацыйнай рады, чалец беларускай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Павел Латушка  падчас спецыяльнага мерапрыемства «Разуменне транснацыянальных рэпрэсій: рызыкі, мадэлі і наступствы для дэмакратычнай прасторы Еўропы і яе найбольш уразлівых дэмакратый»  у межах сесіі ПАРЕ. «У 2020 годзе, пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў, рэжым Лукашэнкі разгарнуў маштабную кампанію ўнутраных рэпрэсій. Яе мэта, сфармуляваная самім дыктатарам, заключалася ў тым, каб "ачысціць" беларускае грамадства ад усіх, каго палічаць нелаяльнымі. На працягу многіх гадоў гэтыя дзеянні заставаліся бескаранымі, што прывяло да дзясяткаў тысяч арыштаў і зняволенняў, а ў выніку — да масавых выгнанняў і далейшага экстэрытарыяльнага пераследу тых беларусаў, якіх рэжым лічыць "нелаяльнымі". Згодна з дакладам Групы незалежных экспертаў ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі за 2025 год, з 2020 года фактычна былі дэпартаваныя да 600 тысяч чалавек. Людзі з’язджалі з-за абгрунтаванага страху адвольнага арышту, утрымання пад вартай без справядлівага суда, катаванняў, пагроз адабрання дзяцей, а таксама абмежаванняў права на працу і доступу да адукацыі. Прымусовае выгнанне з Беларусі не з’яўляецца канцом пакут для тых, хто пераследуецца, а, наадварот, становіцца пачаткам транснацыянальнага пераследу з боку рэжыму. Маштабы транснацыянальных рэпрэсій узмацняюцца з кожным годам і сёння закранаюць амаль усіх, хто быў выгнаны з краіны» , — адзначыў Павел Латушка. Павел Латушка падкрэсліў, што ў 2023 годзе беларускія консульствы спынілі выдачу і прадаўжэнне пашпартоў, а таксама адмовілі ў афармленні іншых важных дакументаў, такіх як даверанасці, неабходныя для здзяйснення маёмасных здзелак. Таксама было падкрэслена, што рэжым развязаў кампанію судовага пераследу, выкарыстоўваючы завочныя судовыя працэсы супраць беларусаў за мяжой для пакарання тых, хто адкрыта выступае супраць рэжыму Лукашэнкі. «Падобныя працэдуры часта заканчваюцца драконаўскімі прысудамі тэрмінам да 20 гадоў пазбаўлення волі — толькі за ажыццяўленне фундаментальных правоў чалавека, за адкрытае супрацьстаянне злачынствам, якія ўчыняюцца рэжымам, і за праяву салідарнасці і падтрымкі тых, каго пераследуе рэжым» , — адзначыў Павел Латушка. Поўнае выступленне  Паўла Латушкі падчас спецыяльнага мерапрыемства ў межах ПАРЕ даступна на афіцыйнай сайце Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Аналіз сітуацыі з транснацыянальнымі злачынствамі супраць беларусаў на  YouTube-канале Паўла Латушкі . Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прадстаўнік АПК па транзіце ўлады. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» у складзе Каардынацыйнай Рады 3-га склікання. Гэтае спецыяльнае мерапрыемства было арганізавана дакладчыкам ПАРЕ Канстанцінасам Эфстаціў , Групай сацыялістаў, дэмакратаў і зялёных у ПАРЕ, а таксама арганізацыяй «Платформа за мір і справядлівасць». Канстанцінас Эфстаціў цяпер працуе над падрыхтоўкай спецыяльнага даклада, прысвечанага злачынствам транснацыянальнага характару. Паводле дамоўленасці Паўла Латушкі з Канстанцінасам Эфстаціў, значную частку дакумента плануецца прысвяціць пытанням транснацыянальных злачынстваў у дачыненні да беларусаў. У далейшым гэтыя матэрыялы могуць быць выкарыстаны для прасоўвання пытанняў прававой адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за ўчыненне гэтага віду злачынстваў.

  • Прыцягненне Лукашэнкі да адказнасці за злачынства агрэсіі мае ключавое значэнне для аднаўлення правоў тысяч украінскіх грамадзян

    Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прадстаўнік АПК па транзіце ўлады. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» у складзе Каардынацыйнай Рады 3-га склікання. «Дзеянні ваенна-палітычнага кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі, якія прывялі да акта агрэсіі з боку Беларусі супраць Украіны, павінны быць належным чынам задакументаваныя. Менавіта гэтую працу цяпер ажыццяўляе Народнае антыкрызіснае ўпраўленне» , — адзначыў дэлегат Каардынацыйнай рады, чалец беларускай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Павел Латушка  падчас пасяджэння Камітэта ПАРЕ па прававых пытаннях і правах чалавека. «Прадставіўшы тэрыторыю Беларусі для ракетных і авіяцыйных удараў, а таксама для наземнага ўварвання расійскай арміі, Аляксандр Лукашэнка і іншыя прадстаўнікі яго рэжыму ўчынілі злачынства агрэсіі ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага крымінальнага права, у тым ліку ў трактоўцы, замацаванай у Статуце Спецыяльнага трыбунала. Прыцягненне Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці за злачынства агрэсіі мае ключавое значэнне для аднаўлення правоў тысяч украінскіх мірных грамадзян, якія пацярпелі ў выніку ракетных і авіяцыйных удараў, а таксама тых, хто быў гвалтоўна перамешчаны з тэрыторыі Украіны ў Беларусь і Расію, многія з якіх па гэты дзень застаюцца ў месцах інтэрнавання і падвяргаюцца катаванням. Заклікаю не забываць пра ролю ваенна-палітычнага кіраўніцтва Беларусі ў агрэсіўнай вайне супраць Украіны» , — заявіў Павел Латушка. Поўнае выступленне   Паўла Латушкі падчас пасяджэння Камітэта ПАРЕ па прававых пытаннях і правах чалавека.

  • Толькі сістэмныя дэмакратычныя змены ў Беларусі, а не тактычныя дамоўленасці з дыктатарам, могуць забяспечыць мір і стабільнасць у Еўропе

    Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прадстаўнік АПК па транзіце ўлады. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» у складзе Каардынацыйнай Рады 3-га склікання. «Нягледзячы на намаганні Злучаных Штатаў па вызваленні палітвязняў, яшчэ больш людзей прызнаюцца новымі палітычнымі зняволенымі. Гэта выглядае як канвеер. Літаральна перад сённяшняй сустрэчай праваабарончы цэнтр “Вясна” прызнаў яшчэ 8 беларусаў палітвязнямі. Для нас вельмі важная ўвага ПАРЕ да сітуацыі ў Беларусі» , — адзначыў дэлегат Каардынацыйнай Рады, член беларускай дэлегацыі ў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Павел Латушка  падчас пасяджэння Камітэта па палітычных пытаннях і дэмакратыі ПАРЕ. Дэлегацыя Каардынацыйнай рады Беларусі ў ПАРЕ, 27.01.2026 Падчас пасяджэння Камітэта па палітычных пытаннях і дэмакратыі выступіў дакладчык ПАРЕ па Беларусі Эмануэліс Зінгерыс : «Беларусь з’яўляецца ключавым элементам бяспекі ў рэгіёне. І толькі незалежная, дэмакратычная і свабодная Беларусь можа гарантаваць такую бяспеку. Толькі сістэмныя дэмакратычныя змены, а не тактычныя дамоўленасці з дыктатарам, могуць забяспечыць мір і стабільнасць у Еўропе» . У сваім выступленні дакладчык ПАРЕ па Беларусі адзначыў, што рэжым Лукашэнкі працягвае масавыя палітычныя рэпрэсіі, а з 2020 года па палітычна матываваных крымінальных справах былі асуджаныя больш за 8 000 чалавек, у тым ліку 1 254 чалавекі за апошні год. Эмануэліс Зінгерыс падкрэсліў, што, нягледзячы на вызваленні, колькасць палітвязняў у Беларусі застаецца стабільна высокай. У выніку перамоў з ЗША 342 заложнікі былі вызваленыя, пры гэтым 189 чалавек былі дэпартаваныя з краіны, але за гэты ж перыяд 609 чалавек былі прызнаныя палітвязнямі ў Беларусі.  У выніку такой палітыкі рэжыму больш за 790 000 беларусаў — 8,7 % насельніцтва краіны — пакінулі Беларусь, паводле даных ААН. Таксама дакладчык па Беларусі адзначыў, што рэжым Лукашэнкі ажыццяўляе адну з самых маштабных кампаній экстэрытарыяльных рэпрэсій. Вядуцца сістэмныя кампаніі па дыскрэдытацыі дэмакратычных інстытутаў і суб’ектаў, уключаючы Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі, Каардынацыйную Раду, а таксама шматлікія дэмакратычныя ініцыятывы і актывістаў. Масава заводзяцца завочныя крымінальныя справы, канфіскуецца маёмасць, пераследуюцца сем’і; палітыкаў і актывістаў атакуюць і рэпрэсуюць нават за мяжой. «Калі Еўропа хоча быць моцнай і ўспрымацца як моцная і адзіная, яна павінна заставацца вернай сваім прынцыпам. Пакуль рэжым Лукашэнкі не спыніць унутраныя рэпрэсіі і знешнюю агрэсіўную палітыку, ціск на яго не павінен слабець. Пры гэтым, надзвычай важна падкрэсліць: Лукашэнка — гэта не Беларусь. Існуе беларускае грамадства, якое, нягледзячы на рэпрэсіі, ціск і экстэрытарыяльны пераслед, працягвае дэманстраваць сваю суб’ектнасць. Яно стварае дэмакратычныя інстытуты і ясна артыкулюе сваё імкненне да свабоды і дэмакратыі. Самым яркім прыкладам такіх дэмакратычных практык, у тым ліку ва ўмовах выгнання, з’яўляецца Каардынацыйная Рада» , — адзначыў Эмануэліс Зінгерыс. «Я цалкам падтрымліваю заяву дакладчыка. Рэжым Лукашэнкі не спыняе рэпрэсіі. Гэта самыя маштабныя рэпрэсіі ў Еўропе за апошнія дзесяцігоддзі. Колькасць палітвязняў складае каля 1 150 чалавек. Штомесяц каля 40 новых чалавек становяцца палітычнымі зняволенымі. Я прашу маіх калег у ПАРЕ казаць пра Беларусь і не забывацца на палітвязняў» , — адзначыў Павел Латушка ў сваім выступе.

  • З 30 снежня 2025 года польскі банк прызнаў часовае пасведчанне асобы замежніка ў якасці дакумента, што пацвярджае асобу

    Ілюстрацыйнае фота Банк Millennium «забяспечыць кліентам, якія прад’яўляюць часовае пасведчанне асобы замежніка (TZTC), магчымасць карыстацца банкаўскімі рахункамі ў аб’ёме, прадугледжаным пры заключэнні дамовы, уключаючы каналы электроннага банкінгу» , — гаворыцца ў афіцыйным адказе Камісіі фінансавага нагляду Польшчы (KNF) на ліст намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі  адносна цяжкасцяў, з якімі сутыкаюцца грамадзяне Беларусі пры карыстанні банкаўскімі паслугамі ў Польшчы. 19 лістапада 2025 года Павел Латушка ў сваім звароце ў Камісію фінансавага нагляду Польшчы адзначыў, што, нягледзячы на значнае паляпшэнне сітуацыі ў пытанні прызнання польскімі банкамі часовага пасведчання асобы замежніка ў якасці дакумента, які пацвярджае асобу, грамадзяне Беларусі ўсё яшчэ сутыкаюцца з праблемамі ў гэтай сферы. У якасці прыкладу быў апісаны канкрэтны выпадак, калі грамадзяніну Беларусі, у якога скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта і які мае на руках часовае пасведчанне асобы замежніка, было адмоўлена ў прадаўжэнні працы рахунку ў банку Millennium . У адказ на гэты зварот Камісія фінансавага нагляду Польшчы заявіла, што  «прааналізавала і абмеркавала з банкам сітуацыю, апісаную ў дачыненні да кліента банка, у кантэксце агульнапрынятай практыкі банка ў падобных справах. Банк заявіў, што з 30 снежня 2025 года рэалізаваў рашэнні, якія адпавядаюць патрабаванням Упраўлення фінансавага нагляду Польшчы. Гэтыя меры забяспечваюць прызнанне часовых пасведчанняў асобы замежніка ў якасці дакументаў, што пацвярджаюць асобу» . Таксама ў сваім лісце Павел Латушка звярнуўся з просьбай разгледзець магчымасць неблакавання рахункаў грамадзян Беларусі, чые пашпарты страцілі сілу, да моманту атрымання гэтымі грамадзянамі рашэння аб прадастаўленні або адмове ў дазволе на жыхарства. Было прапанавана прызнаваць у якасці дакумента, які пацвярджае статус чакання на дазвол на жыхарства ў Польшчы, адпаведны штамп у пашпарце або іншы дакумент, які пацвярджае прыняцце заявы. У адказ на гэты запыт KNF заявіла, што ў цяперашні час праводзіць прававы аналіз, у межах якога звярнуліся за кансультацыямі ў Міністэрства ўнутраных спраў. У адказе адзначаецца, што канчатковая пазіцыя, якая зможа быць перададзена банкам, «павінна быць папярэдне ўзгоднена з Генеральным інспектарам фінансавай інфармацыі як органам, кампетэнтным у пытаннях супрацьдзеяння адмыванню грошай і фінансаванню тэрарызму» . «Удзячны польскаму боку за эфектыўнае ўзаемадзеянне і канструктыўны падыход да вырашэння пытанняў, звязаных з легалізацыяй беларусаў у Польшчы. Падтрымка ў вырашэнні банкаўскіх праблем з’яўляецца важным крокам у забеспячэнні правоў беларускаў, якія вымушана знаходзяцца ў Польшчы з-за створанай у Беларусі атмасферы страху і тэрору» , – адзначыў намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка.

  • Прадстаўнікі Германіі і Францыі пацвердзілі неабходнасць ціску на рэжым Лукашэнкі

    Павел Латушка з Абрагамам Кнутам, членам Бундэстага, старшынём групы «За дэмакратычную Беларусь». Фота: НАУ-медыя Кіраўнік групы за дэмакратычную Беларусь у Бундэстагу прытрымліваецца пазіцыі аб неабходнасці працягу санкцыйнага і палітычнага ціску на рэжым Лукашэнкі з мэтай дамагчыся зменаў у яго ўнутранай рэпрэсіўнай палітыцы — гэта было адзначана падчас сустрэчы дэлегата Каардынацыйнай Рады, чальца беларускай дэлегацыі ў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Паўла Латушкі  з кіраўніком дэлегацыі Бундэстага Германіі ў ПАРЕ Кнутам Абрахамам  падчас зімовай сесіі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы. Дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка ў складзе дэлегацыі дэмакратычных сіл, якая прадстаўлена шасцю членамі КР, бярэ ўдзел у зімовай сесіі ПАРЕ, якая праходзіць з 26 па 30 студзеня ў Страсбурге. Падчас сесіі Павел Латушка правёў сустрэчу з кіраўніком дэлегацыі Бундэстага Германіі ў ПАРЕ, кіраўніком групы за дэмакратычную Беларусь у Бундэстагу Кнутам Абрахамам. Прадстаўнік нямецкага парламента, які адначасова з'яўляецца кіраўніком групы за дэмакратычную Беларусь у Бундэстагу, запэўніў, што яго пазіцыя застаецца нязменнай: яна палягае ў  неабходнасці працягу санкцыйнага і палітычнага ціску на рэжым Лукашэнкі з мэтай дамагчыся зменаў у яго ўнутранай рэпрэсіўнай палітыцы . Нямецкі дэпутат адзначыў, што за сваю гісторыю рэжым ужо не раз карыстаўся перамовамі з Еўрапейскім саюзам, ішоў на нязначныя змены, а пасля вяртаўся да ранейшай практыкі рэпрэсій. Кнут Абрахам пагадзіўся з падыходам аб неабходнасці дамагацца пачатку дыялогу  з грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Падчас сустрэчы была дасягнута дамоўленасць аб далейшай працы па прыцягненні да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за здзяйсненне злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў. Таксама абмеркаваны магчымасці пашырэння супрацоўніцтва Каардынацыйнай Рады і групы за дэмакратычную Беларусь у Бундэстагу . Павел Латушка праінфармаваў прадстаўніка Германіі пра будучыя выбары ў Каардынацыйную Раду, якія адбудуцца ў маі 2026 года. Кнут Абрахам адзначыў унікальнасць сітуацыі, калі дэмакратычныя сілы Беларусі маюць свой прадстаўнічы орган — Каардынацыйную Раду, дэлегацыя якой можа працаваць у Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы і падкрэсліў важнасць яго захавання. Павел Латушка з Яго Правасхадзіцельствам спадаром Папам Ндзіаем, паслом, пастаянным прадстаўніком Францыі пры Радзе Еўропы. Фота: НАУ-медыя Таксама Павел Латушка правёў сустрэчу з пастаянным прадстаўніком Францыі ў Радзе Еўропы Папам Ндыяе . Прадстаўнік Францыі падкрэсліў, што яго краіна прытрымліваецца падыходу сістэмнай і паслядоўнай падтрымкі дэмакратычных сіл Беларусі . Ён таксама адзначыў важнасць таго, што Каардынацыйная Рада мае сваю дэлегацыю ў ПАРЕ. Падчас сустрэчы Пап Ндыяе запэўніў, што Францыя будзе падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі, і падкрэсліў неабходнасць надаваць больш увагі сітуацыі ў краіне ў межах Рады Еўропы. Павел Латушка падзякаваў Францыі за яе лідарства ў пытаннях правоў чалавека і захавання прынцыпаў міжнароднага права, а таксама перадаў суразмоўцу інфармацыю пра сітуацыю з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі і рэпрэсіі, якія працягваюцца. Бакі абмеркавалі магчымыя крокі па вызваленні палітвязняў. Асобна Павел Латушка падкрэсліў, што Аб’яднаны Пераходны Кабінет звяртаецца да Францыі і іншых еўрапейскіх партнёраў з заклікам выкарыстоўваць увесь патэнцыял санкцыйнага механізму ціску на рэжым Лукашэнкі, каб змусіць яго пайсці на рэальныя, а не касметычныя змены ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі і пачатак дыялогу з грамадзянскай супольнасцю, як гэта прапісана ў заключэнні Радзе ЕС ад лютага 2024 года. Павел Латушка разам з іншымі чальцамі дэлегацыі дэмакратычных сіл Беларусі ў ПАРЕ таксама ўзяў удзел у сустрэчах з дэлегацыямі парламентаў Харватыі і Францыі.

  • Еўрапейская справядлівасць павінна перамагчы ў Беларусі

    Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прадстаўнік АПК па транзіце ўлады. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» у складзе Каардынацыйнай Рады 3-га склікання. «Тое, што нам удалося на папярэдніх сесіях ПАРЕ — замацаваць у дакументах Асамблеі адказнасць Лукашэнкі і яго вышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва за акт агрэсіі супраць Украіны і незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей, — ужо стала падмуркам для прыняцця наступных дакументаў ПАРЕ» — адзначыў дэлегат Каардынацыйнай Рады, чалец беларускай дэлегацыі ў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Павел Латушка  падчас зімовай сесіі ПАРЕ 2026, каментуючы прыняцце рэзалюцыі ПАРЕ  «Падтрымка прыхільнасці комплекснаму, справядліваму і трываламу міру для Украіны і бяспецы еўрапейскага кантынента»  і мемарандум да рэзалюцыі. Важна адзначыць, што ў мемарандуме да прынятай рэзалюцыі заяўляецца, што Спецыяльны трыбунал заснаваны «для прыцягнення да адказнасці расійскіх і беларускіх лідараў за злачынства агрэсіі супраць Украіны» . Таксама гаворыцца, што «агрэсіўная вайна Расіі, якая ажыццяўляецца пры ўдзеле рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, прывяла да ўзмацнення жорсткасці пазіцыі абодвух рэжымаў» , а «як саўдзельнік агрэсіўнай вайны супраць Украіны ,  Беларусь   таксама ўмацавала свой ваенны саюз з Расіяй» . У мемарандуме да рэзалюцыі падкрэсліваецца ўдзел Лукашэнкі ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. «У межах дзейнасці як дэлегат Каардынацыйнай Рады ў ПАРЕ буду працягваць намаганні, накіраваныя на тое, каб ствараць прававы падмурак для далейшай адказнасці вышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі за агрэсію супраць Украіны. Мы таксама будзем выкарыстоўваць іншыя магчымыя інструменты для таго, каб дасягнуць справядлівасці і для беларусаў — ахвяр рэжыму Лукашэнкі. Плануецца, што гэтаму будзе прысвечана асобнае выступленне ў межах сесіі ПАРЕ падчас спецыяльна арганізаванага мерапрыемства, прымеркаванага да трансгранічных злачынстваў, якія здзяйсняюцца і рэжымам Лукашэнкі ў адносінах да беларусаў» — падкрэсліў Павел Латушка.

  • «Кропка ўваходу – 123» — новая выстава ў Музеі Вольнай Беларусі

    Музей Вольнай Беларусі. Фота: Музея Вольнай Беларусі З 20 студзеня па 1 сакавіка ў Музеі Вольнай Беларусі — праекце Народнага антыкрызіснага ўпраўлення — праходзіць выстава «Кропка ўваходу – 123», прысвечаная 123 беларускім палітвязням, вызваленым 13 снежня і прымусова дэпартаваным рэжымам Лукашэнкі. Зняволеных вывозілі з завязанымі рукамі, у балаклавах і з мяшкамі на галовах, без папярэджання. Многім не вярнулі пашпарты і асабістыя рэчы. Усё, што яны ўзялі з сабой, — невялікія валізкі з адзеннем і турэмным мінімумам: лыжка, мыла, ануча, чайныя пакецікі, цёплая бялізна. Рэчы, да якіх сціскаецца ўвесь дазволены свет вязня. Сёння гэтыя прадметы — музейныя экспанаты. Іх функцыя змянілася: яны спыніліся ў сваім кругазвароце і пачалі сведчыць. Выстава «123» аб’ядноўвае больш за 30 артэфактаў, звязаных з турэмным досведам некаторых з дэпартаваных палітвязняў. Гэта рэчы з мужчынскіх і жаночых калоній (часам — забароненыя для выкарыстання вязнямі прадметы), а таксама прадметы, звязаныя з працэдурай дэпартацыі — пакет ад сухпайка КДБ, балаклава і іншыя. Запрашаем на выставу, каб убачыць і асэнсаваць досвед вялікай колькасці беларусаў. Мы павінны весці размову пра тое, што з намі адбылося і працягвае адбывацца. Каманда праекта: Аўтары і арганізатары: Музей Вольнай Беларусі Суарганізатары і партнёры: Беларуская асацыяцыя палітвязняў «Да Волі» Падтрымка: Амбасада Каралеўства Нідэрландаў у Варшаве, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне Куратар: Аляксей Бацюкоў Дызайн выставы: Аляксандр Адамаў Графічны дызайн: Дар’я Абібок Мастак па святле: Даніла Ганчароў У экспазіцыі выкарыстоўваецца відэатрансляцыя «Радыё Свабода» з прэс-канферэнцыі беларускіх палітвязняў, якая адбылася 22 снежня 2025 года. Праект «Кропка ўваходу» — серыя выставаў новых экспанатаў Музея Вольнай Беларусі, што дапамагае ўвайсці ў сучасны беларускі кантэкст праз артэфакты, якія ўзнікаюць тут і цяпер. Даты выставы:  20 студзеня — 1 сакавіка Час працы выставы: аўторак–пятніца: 16:00–20:00 субота–нядзеля: 12:00–20:00 Месца:   Музей Вольнай Беларусі, ul. Foksal 11/1, Варшава

  • Беларуская «Лявоніха» гучала ў Гайнаўцы

    Вучні Беларускага ліцэя ў Гайнаўцы. Гайнаўка, Польшча, 2026. Відэа : НАУ-медыя Гайнаўка — адзін з важнейшых цэнтраў беларускасці ў Польшчы, дзе пражывае беларуская меншасць, дзе захоўваюць і паважаюць беларускую культуру, мову і гісторыю Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка прывітаў выпускнікоў Гайнаўскага ліцэя з дадатковым навучаннем беларускай мовы падчас стаднёўкі 2026. Гэта польская традыцыя, якая адбываецца ва ўсіх ліцэях у Польшчы за 100 дзён да пачатку выпускных экзаменаў. Вучні Беларускага ліцэя ў Гайнаўцы вывучаюць беларускую мову, гісторыю і культуру. Вучацца беларускім спевам і танцам. Традыцыйна ў польскіх ліцэях заўсёды ўсе выпускнікі танцуюць «Паланез» Міхаіла Клеафаса Агінскага , які быў створаны выбітным кампазітарам у Залессі, што на Смаргоншчыне Гродзенскай вобласці. Але ў Гайнаўскім ліцэі заўсёды выпускнікі абавязкова да славутага «Паланеза» далучаюць танец «Лявоніха». У сваёй прамове як ганаровы госць урачыстасці Павел Латушка адзначыў, што дэмакратычная Беларусь і беларусы заўсёды будуць падтрымліваць беларускую меншасць у Польшчы , якая захоўвае беларускія традыцыі, карані ад стагоддзяў, ад прадзедаў спакон вякоў. Павел Латушка. Гайнаўка, Польшча, 2026. Фота: НАУ-медыя Таксама Павел Латушка адзначыў, што ўпершыню ў Гайнаўскім ліцэі з дадатковым навучаннем беларускай мовы ён прысутнічаў у якасці віцэ-консула Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку ў 1997 годзе. Пазней быў як амбасадар, як міністр культуры Беларусі. А сёння, як намеснік кіраўніцы Кабінета і абраны дэлегат Каардынацыйнай Рады, Павел Латушка адзначыў, што мае гонар прывітаць усіх беларусаў, якія шануюць беларускую традыцыю і культуру.  Таксама падкрэсліў, што, будучы амбасадарам, меў гонар ініцыяваць адкрыццё і адчыняць пагранічны пераход у Белавежскай пушчы «Пярэраў — Белавежа», які сёння зачынены, але спадзяецца, што ў кароткім часе наступіць той момант, калі беларусы і палякі змогуць без пагранічных пераходаў у агульным еўрапейскім доме наведваць адзін аднаго. «Я – беларус і гэтым ганаруся. Усім душу сваю магу адкрыць: Ніколі і нідзе не адракуся, Што беларусам жыў і буду жыць!» Гэты верш выбітнага беларускага паэта Віктара Шведа , які нарадзіўся на Беласточчыне, прывёў падчас свайго выступу Павел Латушка, адзначыўшы, што вельмі важна памятаць пра сваю малую Радзіму, памятаць пра традыцыі, карані, гісторыю, культуру тых мясцін, дзе чалавек нарадзіўся. «Нас аб’ядноўвае агульнае — беларускасць. І беларускія дэмакратычныя сілы, Аб’яднаны Пераходны Кабінет заўсёды будуць падтрымліваць беларусаў у Польшчы», — адзначыў Павел Латушка. У гэтым годзе 104 ліцэісты, якія вывучаюць беларускую мову і культуру, будуць здаваць экзамены ў ліцэі, у тым ліку і па беларускай мове. На наступны год усе, хто паступае ў Гайнаўскі ліцэй, не адмовіліся ад вывучэння беларускай мовы і культуры, што з’яўляецца прыкладам для нас усіх. «Як былы дыпламат, міністр культуры, а сёння прадстаўнік дэмакратычных сіл Беларусі, я заахвочваю ўсіх беларусаў, якія воляй лёсу апынуліся ў Польшчы, вывучаць традыцыі беларускай меншасці, якая пражывае ў Польшчы і захавала сваю любоў і пашану да беларускасці. Гэта крыніца нашага сённяшняга і нашай будучыні», — адзначыў Павел Латушка.

  • Павел Латушка абмеркаваў у Беластоку сумесныя праекты з беларускай меншасцю Польшчы

    Павел Латушка ў Беластоку з прадстаўнікамі беларускай меншасці і беларускай дыяспары Беласточчыны. Беласток, Польшча, 2026. Фота: НАУ-медыя. Сумесныя праекты з прадстаўнікамі арганізацый беларускай меншасці Польшчы былі абмеркаваны падчас сустрэч намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі  ў Беластоку з прадстаўнікамі беларускай меншасці і беларускай дыяспары Беласточчыны. Беласток, Польшча, 2026. Фота: НАУ-медыя. У Цэнтры беларускай культуры ў Беластоку падчас сустрэчы з дырэктарам Цэнтра Анатолем Вапам  і старшынёй Беларускага гістарычнага таварыства прафесарам Алегам Латышонкам  былі разгледжаны сумесныя ініцыятывы Цэнтра, Музея Вольнай Беларусі і НАУ. Сярод іх: прэзентацыя выдання «Руіны Беларусі», прысвечанага архіўным фотаздымкам помнікаў гісторыі і культуры Беларусі; кніга пра беларусаў, пераселеных з Польшчы ў БССР у 1944–1948 гадах; прэзентацыя ўспамінаў Ларысы Геніюш «Птушкі бяз гнёздаў»; мерапрыемствы да даты Грунвальдскай бітвы; выстава з фондаў Музея Вольнай Беларусі, прысвечаная палітвязням і рэпрэсіям у краіне. Са старшынёй Беларускага саюза ў Польшчы Яўгенам Вапам  абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння з беларускай меншасцю Беласточчыны, а таксама падрыхтоўку да святкавання 70-гадовага юбілею «Нівы». Павел Латушка са старшынём Беларускага саюза ў Польшчы Яўгенам Вапам. Беласток, Польшча, 2026. Фота: НАУ-медыя. Беларускі саюз у Польшчы з’яўляецца заснавальнікам Радыё Рацыя і выдаўцам тыднёвіка беларусаў Польшчы «Ніва». Падчас сустрэч была падкрэслена важнасць аб'яднання намаганняў беларускай меншасці і прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў арганізацыі сумесных культурных мерапрыемстваў.  Гэта будзе спрыяць лепшаму ўзаемнаму пазнанню, супрацоўніцтву і большай увазе да беларускіх спраў ў Польшчы. Таксама Павел Латушка наведаў рэдакцыю выдання «Most» і павіншаваў калектыў з чатырохгоддзем. Абмеркавана пытанне садзейнічання працы медыя ў Польшчы, якое інфармуе перш за ўсё беларускую дыяспару, а таксама жыхароў беларуска-польскага памежжа. Павел Латушка ў студыі «Радыё Рацыя». Беласток, Польшча, 2026. Фота: «Радыё Рацыя». Акрамя таго, падчас візіту ў Беласток Павел Латушка даў інтэрв’ю Радыё Рацыя.

  • Павел Латушка: Круглы стол дазволіць пазбегнуць сцэнарыя распаду дзяржсістэмы і забяспечыць пераход улады без патрасенняў

    Павел Латушка «Адмова ад унутранага вырашэння крызісу і ад дыялогу можа прывесці да таго, што лёс краіны будзе залежыць ад знешніх фактараў. А самым небяспечным з іх з’яўляецца Расія» , — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка  ў інтэрв’ю для аднаго з вядучых польскіх выданняў «Rzeczpospolita» . Лукашэнка падманвае амерыканцаў «Лукашэнка спрабуе гандлявацца з амерыканцамі. Ён прапанаваў ім здзелку, якая палягае ў продажы за 3,3 млрд долараў калійнага радовішча ў Нежыне… У той жа час давайце паглядзім на сігналы і заявы, якія ў адрас Лукашэнкі накіроўваў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Падчас першай тэлефоннай размовы, што адбылася на “Борце нумар 1”, ён казаў пра важнасць вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. Пазней ён пісаў пра гэта і ў “Truth Social”. Што мы бачым на практыцы? У 2025 годзе, паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна”, Лукашэнка памілаваў 342 чалавекі. Адначасова статус палітычнага зняволенага атрымалі 509 чалавек, а 189 былі дэпартаваныя. Такім чынам, мы маем справу з адваротнай статыстыкай. Рэпрэсіі не спыняюцца — наадварот, яны ўзмацняюцца. Па-ранейшаму ў турмах застаецца не менш за 1200 вязняў сумлення. Лукашэнка падманвае амерыканцаў. І, як я мяркую, амерыканцы не наіўныя. Тут трэба захоўваць рэалізм: ніякай аперацыі па вывазе Лукашэнкі з Мінска не будзе. Аднак у нейкі момант амерыканцы могуць стаміцца ад гэтых перамоў. Ім можа надакучыць такая гульня, і тады яны звернуцца да іншых інструментаў ціску на Лукашэнку» . Рашэнне праблемы — круглы стол «Рашэннем праблемы транзіту ўлады можа стаць круглы стол. Гэта самая перспектыўная магчымасць для нашай краіны цывілізавана вярнуцца да нармальнага жыцця. Такі шлях дазволіў бы зняць санкцыі і вярнуць замежныя інвестыцыі, пазбегнуць сцэнарыя некантраляванага распаду дзяржаўнай сістэмы, а таксама забяспечыць планавы, дэмакратычны пераход улады без патрасенняў. Мы ведаем, што Лукашэнка не хоча размаўляць і ніколі не быў і не з’яўляецца гатовым да дыялогу з апазіцыяй. Аднак мы выдатна разумеем, што эліты вакол Лукашэнкі неаднародныя. Большасць прадстаўнікоў сістэмы, якая сфарміравалася вакол яго, выступаюць за захаванне незалежнасці і дзяржаўнасці краіны. Яны павінны ўсведамляць, што пасля сыходу Лукашэнкі могуць страціць усё. Яны бачылі, што адбылося ў Каракасе. Адмова ад унутранага вырашэння крызісу і ад дыялогу можа прывесці да таго, што лёс краіны будзе залежыць ад знешніх фактараў. А самым небяспечным з іх з’яўляецца Расія» . Мы — суб’ект «Мы перажылі апошнія пяць гадоў. Мы праходзім праз беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі, якіх Еўропа не бачыла дзесяцігоддзямі. Інстытуты, якія мы стварылі, — Офіс лідаркі вольнай Беларусі Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны Пераходны Кабінет, Каардынацыйная Рада, тысячы актывістаў — усе яны ў нашай краіне знаходзяцца пад крымінальным пераследам. Калі Брусэль пачне весці перамовы з Мінскам за нашай спінай, гэта будзе азначаць здраду нашым агульным каштоўнасцям». Поўнае інтэрв’ю Паўла Латушкі для «Rzeczpospolita»

  • Працэдура разгляду пытанняў легалізацыі ў Польшчы вызваленых беларусаў будзе праведзена ў магчыма кароткія тэрміны

    Павел Латушка, Томаш Цытрыновіч, Міхаіл Кірылюк, Вольга Дабравольская. Фота са сустрэчы з кіраўніком Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы Томашам Цытрыновічам. Варшава, Польшча, 2026. Фота: НАУ-Медыя Пытанні, звязаныя з легалізацыяй вызваленых 13 снежня палітвязняў, якія падалі дакументы на міжнародную абарону ў Польшчы, сталі галоўнай тэмай сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі  з кіраўніком Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы Томашам Цытрыновічам . У сустрэчы прынялі ўдзел юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, старшыня юрыдычнай камісіі Каардынацыйнай Рады Міхаіл Кірылюк , прадстаўніца Цэнтра Беларускай Салідарнасці Вольга Дабравольская , прадстаўніца ініцыятывы «Partyzanka». Кіраўнік Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы запэўніў, што польскі бок будзе прыкладаць усе намаганні для таго, каб у магчыма кароткія тэрміны, у межах дзейнага заканадаўства Польшчы, прымаць рашэнні аб легалізацыі на тэрыторыі Польшчы вызваленых палітвязняў па меры завяршэння ўсіх унутраных працэдур. Чакаецца, што рашэнні будуць прымацца ў бліжэйшыя месяцы. Павел Латушка падзякаваў Упраўленню па справах замежнікаў, МУС, МЗС, Галоўнай камендатуры памежнай службы Польшчы за пазітыўны падыход да пытанняў легалізацыі дэпартаваных на тэрыторыю Польшчы грамадзян Беларусі . Падчас сустрэчы Томаш Цытрыновіч адзначыў, што ва Упраўленні па справах замежнікаў распачата працэдура легалізацыі ў дачыненні да 79 вызваленых беларусаў, у дачыненні да 4 беларусаў працэдура будзе распачата ў найбліжэйшы час.  Асобна Павел Латушка і ўдзельнікі сустрэчы  ініцыявалі абмеркаванне пытання праблематыкі адкрыцця разліковых рахункаў у камерцыйных банках Польшчы для беларусаў, якія знаходзяцца ў працэдуры легалізацыі  і маюць на руках часовыя пасведчанні асобы іншаземца на тэрыторыі Польшчы. Павел Латушка звярнуў увагу, што Камісія фінансавага нагляду Польшчы дала вычарпальны адказ аб тым, што дадзены дакумент з’яўляецца падставай для адкрыцця разліковага рахунку. У сувязі са складанасцямі, якія захоўваюцца пры адкрыцці рахункаў, была дасягнута дамоўленасць аб атрыманні з боку Упраўлення па справах замежнікаў дадатковага  пісьмовага пацверджання таго, што гэты дакумент з’яўляецца падставай для адкрыцця рахункаў , і далейшага выкарыстання пазіцый афіцыйных органаў Польшчы ў кантактах з камерцыйнымі банкамі для вырашэння існуючай сітуацыі. Прадстаўнік Упраўлення па справах замежнікаў адзначыў, што яго ведамства падтрымлівае прапанову па павелічэнні тэрміну дзеяння праязнога дакумента для замежнікаў больш чым на адзін год . Павел Латушка і ўдзельнікі сустрэчы адзначылі, што рэалізацыя дадзенага падыходу значна спрасціла б вырашэнне сацыяльна-бытавых і іншых пытанняў для замежнікаў на тэрыторыі Польшчы, у тым ліку беларусаў, а таксама паменшыла б нагрузку на польскія органы, звязаную з неабходнасцю штогадовага пачатку працэдуры атрымання новага праязнога дакумента.

bottom of page